ЗША прапаноўваюць $1 мільярд на энэргетычную незалежнасць Еўропы ад Расеі
4- 11.10.2018, 11:28
- 9,380
Рыхтуюцца інвестыцыі ў энэргетычныя праекты, а таксама дыпламатычная падтрымка.
Сэнатары ЗША Крыс Мэрфі і Рональд Джонсан - намеснік кіраўніка і кіраўнік падкамітэту ў справах Еўропы і супрацоўніцтве ў галіне бяспекі камітэта Сэната ў міжнародных дачыненнях - прадставілі законапраект, накіраваны на "барацьбу са згубным расейскім уплывам" на энэргетычны рынак Еўропы, паведамляе dw.com.
Як паведамляецца на старонцы Мэрфі ў сераду, 10 кастрычніка, дакумент "Энергетычная бяспека і дыверсіфікацыя ў Еўропе" прадугледжвае выдачу мільярда даляраў на еўрапейскія энэргетычныя праекты.
Разам з узмоцненай дыпламатычнай і тэхнічнай падтрымкай гэтыя сродкі павінны паспрыяць дыверсіфікацыі энэргапаставак у Еўропе і знізіць залежнасць у гэтай сферы ад РФ, мяркуюць сэнатары. Расея выкарыстоўвае сваю перавагу на энергетычным рынку разам з карупцыяй і прапагандай, каб падарваць заходнія інстытуты і мець справу са згаворлівымі ўладамі, якія не могуць ці не хочуць супрацьстаяць Расеі і прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, адзначаецца далей у заяве.
Новы законапраект прадугледжвае выдачу мільярда даляраў з 2019 да 2023 год на дзяржаўныя і прыватныя праекты ў галіне энэргазабеспячэння ў краінах, якія будуць абраныя асобна. Акрамя таго, Агенцтва ЗША ў гандлі і развіцці будзе атрымліваць штогод 5 млн даляраў на такія мэты, як экспэртызы здзяйсняльнасці праектаў і тэхнічныя семінары для падтрымкі праектаў на ранніх стадыях развіцця. У той жа час плануецца садзейнічаць Дзярждэпартаменту ЗША ва "ўзмацненні палітычнай і дыпламатычнай падтрымкі пэўных краін" пры развіцці іх энэргетычнага рынку.