«Вышэйшае кіраўніцтва Беларусі выявіла вышэйшы пілатаж халуйства»
1- 26.04.2026, 10:59
- 1,214
І тады, і цяпер улады маўчаць пра небяспеку Чарнобылю.
У 1986-м першыя афіцыйныя паведамленні пра аварыю на ЧАЭС з’явіліся толькі праз трое сутак. І падавалася здарэнне зусім не як надзвычайная, небяспечная сітуацыя: «здарылася аварыя, пажар патушаны».
— Праз некалькі тыдняў выступіў Гарбачоў.Стала зразумелым, што сітуацыя больш сур’ёзная, але ён супакойваў, што робіцца ўсё неабходнае. Палова ягонага выступу ўвогуле была прысвечаная выкрыццю жадання «рэакцыйных сілаў» Захаду ачарніць СССР, выкарыстоўваючы тэму аварыі, — згадвае ў гутарцы з «Салідарнасцю» публіцыст, палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык.
«Сістэма хавання праўды і супакойвання дзейнічала спраўна»
— Ці застаўся ў вас у памяці менавіта той дзень, 26 красавіка 1986-га — як вы яго правялі? Якім чынам даведаліся пра аварыю на ЧАЭС?
— Магчыма, я ведаў нават менш за «сярэднестатыстычнага» чалавека, бо служыў у войску. Нашая частка была ў Заслонава Лепельскага раёну. І калі жыхар Віцебску і тым больш Менску меў шанец нешта даведацца з нейкіх чутак ці па радыёгаласах, дык у войску магчымасцяў атрымаць адрозную ад афіцыйнай інфармацыю было значна меней.
Чулі, што з некаторых вайсковых частак накіравалі людзей у Чарнобыль, але што яны там рабілі і што бачылі, я не ведаў; толькі ў ліпені дэмабілізаваўся.
Але і потым, калі ўжо працаваў у віцебскай абласной газеце, інфармацыі даходзіла мала. Ну так, адсялілі 30-кіламэтровую зону, на Гомельшчыне будуюць дамы для перасяленцаў, але ж пажар даўно патушаны, над рэактарам пабудаваны саркафаг. Разумення, што гэта не проста аварыя, хай і сур’ёзная, а катастрофа з наступствамі на тысячагоддзі — яго не было. Сістэма хавання праўды і супакойвання дзейнічала спраўна.
Першы, ад каго я пачуў, што ня ўсё ў парадку, быў мой сябра і журфакаўскі аднакурснік, кінадакументаліст Уладзімір Дашук. Ён прыехаў у Віцебск на тыдзень — збег са сталіцы, каб напісаць сцэнар фільму пра чарнобыльскую зону, якую нядаўна наведаў.
Здаецца, тады напісаў ён няшмат, бо мы даўно не бачыліся і ўсе дні правялі ў размовах. У тым ліку і пра тое, што Валодзя пабачыў у Чарнобылі і вакол яго. І гэта было жудасна. Гэта было зусім не тое, пра што казалі ў тэлерэпартажах і ў газетных публікацыях. Дарэчы, ён меў праблемы са здачай фільму, яго пастаянна «абразалі», патрабавалі выдаліць то адно, то другое.
А неўзабаве я даведаўся, што каля Віцебску, у Гарадоцкім раёне, збіраюцца будаваць АЭС, і ўключыўся ў кампанію супраць яе разьмяшчэння. Мы перамаглі, але тое асобная гісторыя. Словам, у Вярхоўны Савет я прыйшоў перакананым праціўнікам «мірнага атаму», і быў уключаны ў адмысловую камісію па расследаванню дзеянняў службовых асобаў пасля аварыі на ЧАЭС, створаную на патрабаванне БНФ (прапанову пра камісію агучыў Лявон Баршчэўскі ў першы ж дзень працы новаабранага парламенту).
— Я была яшчэ дзіцем, але памятаю, што людзей у Мінску вывелі і на Першамай, і на дэманстрацыю 9 мая. Як быццам нічога не адбылося. На ваш погляд, ці шмат што залежала ад палітычнай волі Менску, ці чакалі распараджэнняў з Крамля? Глабальны падман — гэта была ініцыятыва з месцаў, загад зверху ці ўласна сутнасць савецкае імперыі, і інакш быць не магло?
— Галоўнай мэтай нашай парламенцкай камісіі якраз і было высветліць, у якой ступені дзяржаўныя службоўцы дзейнічалі адэкватна той інфармацыі, якую мелі ў першыя дні пасля катастрофы і пазней. А таксама — хто і як супрацьстаяў давядзенню да насельніцтва праўдзівай інфармацыі пра небяспеку.
Нам давялося апытаць дзясяткі людзей, ад звычайных сялян да міністраў і сакратароў ЦК.
Калі адной фразай — інфармацыі ў кіраўнікоў было дастаткова.
Больш разгорнутая выснова прагучала на сесіі Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1991 году ў дакладзе старшыні нашай камісіі Рыгора Вячэрскага: «Першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, бюро ЦК КПБ валодалі інфармацыяй у поўным аб’ёме ўжо 29 красавіка 1986 году. Аналагічную інфармацыю меў і старшыня Савета міністраў Кавалёў, у якога ў гэты самы дзень адбылася аператыўная нарада, у якой удзельнічалі міністар аховы здароўя БССР Саўчанка, яго супрацоўнікі Кондрусеў, Іўчанка, а таксама Мазай, старшыня Менгарвыканкаму Міхасёў і начальнік штабу грамадзянскай абароны БССР Грышчанін.
І таварыш Слюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося. Вынікам такіх безадказных паводзін першых кіраўнікоў рэспублікі, а таксама і адпаведных кіраўнікоў вобласцяў і райцэнтраў рэспублікі, жыхары Беларусі разам з дзецьмі былі паўсюль выведзеныя на першамайскую дэманстрацыю. Слюнькоў і Саўчанка, якія выступілі потым з экранаў тэлебачання, суцяшалі насельніцтва рэспублікі байкамі аб тым, што «страшнага нічога не адбылося, ніякай дапамогі Беларусі не патрэбна і мы хутка самі ўправімся з гэтай аварыяй».
Яны сапраўды «ўправіліся» імгненна. Ужо 5 мая 1986 быў загад усім адселеным ставіць дыягназ «вегетасасудзістая дыстанія», што азначае расстройства нэрвовай сыстэмы. Ну, перанерваваліся людзі пры пераездзе на новае месца, з кім не здараецца.
«У гісторыю Беларусі ён увойдзе як «Чарнобыльскі Пілат»
— Ключавой фігурай, якая рабіла ўсё магчымае, каб інфармацыя хавалася, быў Слюнькоў. Прычым сам ён небяспеку разумеў: ведаю гісторыю, як пасля наведвання забруджаных раёнаў ён проста ў аўтамабілі пераапрануўся, а ранейшую вопратку выкінуў.
Член-карэспандэнт АН, дырэктар інстытуту ядзернай энергетыкі Васіль Несцярэнка ўжо ў першыя дні пасля аварыі зафіксаваў значнае падвышэнне радыяактыўнага фону ў Менску, перадаў інфармацыю Слюнькову, патрабаваў, каб людзей ня гналі на першамайскую дэманстрацыю, увогуле каб абвясцілі нешта кшталту надзвычайнага становішча — але безвынікова.
У мяне застаўся магнітафонны запіс гутаркі з Несцярэнкам. Ён моцна пацярпеў за праўду, яму пагражалі псіхбальніцай, ён быў зняты з пасады дырэктара інстытута.
Ці было ўтойванне інфармацыі вынікам распараджэння з Масквы альбо мясцовай ініцыятывай? Перакананы, што гэта мела характар узаемнага дзеяння. Кіраўніцтва БССР разумела, што Масква не хоча, каб яе занадта турбавалі, і не турбавала. А таксама — пераследавала тых у Беларусі, хто мог вынесці праўду на публіку.
Алесь Адамовіч расказваў, як на нейкай нарадзе па Чарнобылі тагачасны старшыня Саўміну СССР Мікалай Рыжкоў паскардзіўся: «Няма паратунку ад гэтых украінцаў: дайце нам адно, дайце другое, выдаткуйце грошаў яшчэ болей. Вось беларусы — іншая справа. Пытаюся: «Вам што-небудзь трэба?» — «Не, не трэба, справімся самі, у нас усё ёсць!».
Усялякая імперыя (а СССР быў імперыяй) прадугледжвае халуйства каланіяльных чыноўнікаў перад цэнтрам як умову кар’еры, але вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ў гісторыі з Чарнобылем выявіла вышэйшы пілатаж халуйства.
Магчыма, таму праз год пасля аварыі Слюнькова забралі ў Маскву, ён стаў сакратаром і членам Палітбюро ЦК КПСС. Бліскучая кар’ера! Але ў гісторыю Беларусі ён увойдзе гэтак, як назваў яго Алесь Адамовіч — «Чарнобыльскі Пілат».
А што да першай асобы краіны, генсека ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова і абвешчанага ім «курсу на галоснасць»? Сяргей Навумчык зазначае, што роля Гарбачова неадназначная:
— Я напісаў ліст Гарбачову з просьбай прыняць нашую дэпутацкую групу, бо было зразумела, што канчатковыя самыя галоўныя рашэньні прымаў ён. Як ні дзіўна, старшыня ВС Дземянцей мяне падтрымаў. У лютым 1991-га, калі Гарбачоў наведаў Менск (гэта, між іншым, быў першы ягоны візіт пасля Чарнобылю, а прайшло пяць гадоў!) мне ўдалося з ім сустрэцца, але вельмі каротка і, у прынцыпе, безвынікова.
Я шмат думаў над роляй Гарбачова ў чарнобыльскай сітуацыі. І вось да якіх высноваў прыйшоў. Канешне, ён падзяляе адказнасць за замоўчванне праўды ў першыя дні і месяцы пасьля катастрофы, гэта бясспрэчна. І спасылкі на тое, што Палітбюро не мела поўнай інфармацыі, могуць быць толькі частковым апраўданнем: карэспандэнты заходніх выданняў мелі, а Крэмль — ня меў?
У СССР былі навукоўцы, як той жа Васіль Несцярэнка, якія ў першыя ж гадзіны (не дні — гадзіны) заявілі пра небяспеку і выказалі прапановы па ратаванню людзей. Звяртаўся да яго і Алесь Адамовіч. Але Генсек дзейнічаў па той жа мадэлі, па якой дзейнічалі кіраўнікі СССР да яго.
З другога боку, калі б не распачатыя Гарбачовым дэмакратычныя, хай і вельмі асцярожныя спачатку, рэформы, калі б не гарбачоўская галоснасць, калі б на яго месцы быў які-небудзь Грышын ці Раманаў — мы б, найхутчэй, яшчэ вельмі, вельмі доўга нічога ня ведалі пра маштаб катастрофы. Як не ведалі дзесяцігоддзямі пра Сяміпалацінск.
«Праўда пра Чарнобыль у свядомасьці грамадства выявіла заганнасць камуністычнай сістэмы»
— Вы былі сярод тых, хто дамагаўся раскрыцця поўных маштабаў наступстваў аварыі для нашай краіны. Наколькі складана было прабіць гэтую сцяну хлусні і маўчання?
— Першым сцяну замоўчвання пачаў прабіваць Алесь Адамовіч — ад сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна ён атрымаў тыя самыя звесткі, якія Несцярэнка накіраваў Слюнькову. Адамовіч тады напісаў зварот да Гарбачова, даводзіў, што сітуацыя ў Беларусі зусім не такая, як яе падаюць мясцовыя кіраўнікі. Але пэўны час тое было змаганне адзіночкі. Бясспрэчна, гераічнае, але яно не давала належнага выніку. Пазней сам Алесь Міхайлавіч казаў, што тэму Чарнобыля на належны ўзровень грамадскай увагі вывеў Беларускі Народны Фронт.
І сапраўды, арганізаваныя БНФ шматтысячныя шэсці проста немагчыма было замоўчыць. Прыцягнулі яны ўвагу і міжнароднай супольнасьці, бо на Захадзе доўгі час лічылася, што ад Чарнобыля пацярпела толькі Украіна.
Проста пералічу тое, што рабіў Фронт адразу пасля свайго ўтварэння. 26 красавіка 1989 — «Хвіліна смутку і маўчання», калі тысячы людзей стаялі са свечкамі на плошчы перад Домам ураду, 30 верасня таго ж году — шматтысячны, з удзелам жыхароў пацярпелых раёнаў, першы Чарнобыльскі шлях.
У лістападзе — чарнобыльскі «Народны трыбунал» з удзелам прадстаўнікоў грамадзтва, навукоўцаў і журналістаў, калі была акцэнтаваная ўвага на шкоднасці так званай «35-ці бэрнай канцэпцыі» (тэорыі нібыта бяспечнага для здароўя набранага за жыццё ўзроўню апраменьвання ў 35 бэр. Канцэпцыя была ўшчэнт разбітая беларускімі навукоўцамі).
Тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва перашкаджала ўсімі спосабамі. Напрыклад, на дзень першага Чарнобыльскага шляху прызначылі «агульнарэспубліканскі суботнік». Ну а калі Шлях усё ж адбыўся, узбудзілі справу супраць арганізатараў — Генадзя Грушавога і Юрася Хадыкі. А спробу затрымаць Зянона Пазняка ў інстытуце гісторыі АН, дзе ён тады працаваў, я бачыў на ўласныя вочы.
Але часы ўжо былі іншыя, і ўлады былі вымушаныя рэагаваць ня толькі спробамі перашкодзіць, але і рассакрэчваннем хаця б нейкай інфармацыі.
Так, у канцы таго ж 1989-га газэты нарэшце надрукавалі карту радыяактыўнага забруджвання Беларусі, што на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання кіраўніцтва ЦК прадстаўляла як сваю вялікую заслугу. Тады дзяржаўныя службоўцы ўпершыню, хаця і вельмі асцярожна, загаварылі і пра тое, што, маўляў, не ўсё залежыць ад Менску, шмат што вырашае Масква.
Тады і ўскрыўся ганебны факт: выявілася, што значная частка выдаткаваных Беларусі грошай накіроўвалася... у Маскву, у ведамства, якое і распрацавала ўзгаданую сумнеўную «35-бэрную канцэпцыю».
Для нас у БНФ тут не было нічога прынцыпова новага. У выбарчай платформе Фронту ў першых жа сказах было пазначана, што «Чарнобыльская катастрофа бязлітасна высветліла наш сапраўдны стан у Саюзе — стан паўкалоніі».
Канешне, мы разумелі, што ўратавацца можна толькі ва ўмовах сапраўднай Незалежнасці.
Калі ж казаць пра палітычны вынік, дык у Беларусі праўда пра Чарнобыль у свядомасці грамадства рэзаніравала з праўдай пра Курапаты. І выявіла заганнасць камуністычнай сістэмы, калі ўздымаецца праблема ўжо не нейкіх прынцыпаў, тэорый ці ідэй, а паўстае выбар паміж жыццём і сьмерцю.
У пэўным сэнсе, я б параўнаў гэта з 2020 годам, калі людзі чулі ад вярхоўнага правіцеля заявы пра бяскрыўднасць кавіду і парады лячыцца ад яго «трактарам і лазняй» — і адначасна бачылі рэальны маштаб эпідэміі, якая забівала людзей тысячамі.
«Беларусь жыве ва ўмовах і экалагічнага, і палітычнага Чарнобылю»
— Сёння беларускія ўлады запэўніваюць у карысці БелАЭС, якая ўжо каштавала беларусам вельмі дорага. Вядуцца размовы пра будаўніцтва другой станцыі ці прынамсі яшчэ аднаго блоку, вяртаюцца ў гаспадарку землі, якія раней лічыліся забруджанымі, а ўзвядзенне магільніка для ядзерных адходаў — толькі справа часу. Атрымліваецца, ніякіх урокаў з Чарнобылю гэты рэжым не вынес?
— Урокі рэжым якраз вынес: як ужо казаў, праўда пра Чарнобыль у свой час істотна пахіснула камуністычную сістэму, і рэжым разумее, што толькі максымальная сакрэтнасць (прычым як у мага большай колькасьці сфераў), нароўні з рэпрэсіямі і падтрымкай Масквы, могуць гарантаваць яго захаванне.
Прыгадваю, як на сесіі Вярхоўнага Савета дэпутаты Апазыцыі БНФ прыводзілі факты пра «размазванне» радыяцыі па ўсёй Беларусі. Быў дадзены загад змешваць радыяактыўнае зерне і мяса ў прапорцыях 1:10 і нават, у некаторых выпадках, 1:1 і развозіць у «чыстыя» рэгіёны Беларусі, канкрэтна ў 50 населеных пунктаў. І нават пастаўляць за межы Беларусі.
Быў выпадак, калі эшалон такога мяса паставілі кудысьці на Каўказ, там замералі радыяцыю і вярнулі ў Менск з рэкамендацыяй «Мяса — знішчыць, вагоны — прадэзактываваць».
Гэта прагучала на ўсю Беларусь, і тады ўдалося гэтую практыку спыніць. Як вядома, былі выведзеныя з сельгасвытворчасці і землі, якія лічыліся «адносна бяспечнымі».
Але ўжо ў 1993 годзе землі памалу пачалі вяртаць у абарот, а з 1994 гэты працэс паскорыўся. І калі раней пра небяспеку такой практыкі можна было казаць з парламенцкай трыбуны ці ў прэсе, супрацьстаяць гэтаму, дык з прыходам Лукашэнкі знікла і магчымасць хаця б інфармаваць людзей пра небяспеку.
Грамадства ня ведае, што адбываецца. Яно пазбаўлена хаця б мінімальных механізмаў кантролю — парламенту, свабоднай прэсы, экалагічных НДА.
У такіх умовах улада можа і засяваць забруджаныя раёны, і размешваць радыеактыўнае мяса з чыстым, і ўзвесьці хоць дзесяць атамных станцый ці пабудаваць сховішча для ядзерных выкідаў хоць у цэнтры Менску. І кожнага, хто ўздыме супраць гэтага голас, кінуць за краты за «экстрэмізм» ці, яшчэ горш, за «выдачу дзяржаўнай таямніцы».
Беларусь у гэтым сэнсе вярнулася ў 1986 год і жыве ва ўмовах і экалагічнага, і палітычнага Чарнобылю.