Андрэй Саннікаў павіншаваў беларусаў з Днём Волі
2- 25.03.2026, 9:37
З намі сёння нашы скарбы, вечныя і несмяротныя.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў павіншаваў беларусаў з Днём Волі:
— З Днём Волі, дарагія суайчыннікі, дарагія людзі Зямлі беларускай, дзе б вы ні былі ў гэтыя дні. З нашым галоўным святам!
У гэты дзень мы з выдатнымі дзеячамі 1918 года, якія абвясцілі Беларускую Народную Рэспубліку і аб'явілі яе «незалежнай і вольнай дзяржавай». А яны з намі.
З намі героі, якія змагаліся і змагаюцца за свабоду і незалежнасць Беларусі нават у самы змрочны час татальных рэпрэсій. А мы з імі.
З намі ўсе нашыя шматтысячныя пратэсты і адзіночныя акты мужнасьці, усе нашыя Плошчы па ўсёй Беларусі. І мы не сыдзем з іх, пакуль не вызвалім Беларусь.
Мы сёння з тымі, хто асабліва мае патрэбу ў нашай салідарнасці і нашым клопаце, каго антыбеларускі рэжым кінуў у зінданы за іх барацьбу за свабоду Беларусі, за жаданне «людзьмі звацца».
З намі сёння нашы скарбы - мова, культура, гісторыя.
Яны вечныя і несмяротныя.
Гэта галоўныя багацці зямлі, на якой
Жыве Беларусь!