22 января 2026, четверг, 18:35
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Лявон Вольскі: Ты не зорка — ты абслуга

2
Лявон Вольскі: Ты не зорка — ты абслуга
Лявон Вольскі

Чаму ляяльнасьць да ўлады дыктатара забівае сапраўдную сцэну.

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, як уладкавана ў Беларусі «музычная індустрыя». На што гатовыя ісьці артысты ў дэманстрацыі ляяльнасьці да ўлады? І ці сапраўды ім гэта дапамагае скарыць музычны Алімп?

Не абвешчаныя, але ўсім зразумелыя правілы гульні

А пачыналася ўсё вельмі проста — дзяўчаты й хлопцы з пэрыфэрыі падавалі надзеі, выступалі ў самадзейнасьці, гралі-сьпявалі, а потым паехалі заваёўваць Сталіцу. У той Сталіцы цывілізацыя — шырокія асьветленыя праспэкты, модныя кавярні-рэстарацыі, грошы і шоў-бізнэс. Вось туды і пацягнуліся хлопцы й дзяўчаты зь вёсак, пасёлкаў гарадзкога, раённых і абласных цэнтраў.

Яшчэ падчас вучобы ў сваіх несталічных школах дзяўчаты і хлопцы зразумелі, што мала добра вучыцца ці мець здольнасьці, трэба яшчэ абавязкова вытрымліваць не абвешчаныя, але ўсім зразумелыя правілы гульні — актыўнае чалецтва ў афіцыйнай моладзевай арганізацыі, ляяльнасьць і піетэт перад уладай. І ня толькі мець, але і ўсяляк дэкляраваць. Толькі так, па-іншаму не праб’есься.

Наперадзе бачыліся чароўныя далягляды

І яны прыехалі ў Сталіцу падрыхтаваныя — актыўнічалі, удзельнічалі ў ранішніках і вечарынах на 23 лютага і 9 мая, у конкурсах патрыятычнае песьні. Натуральна, што іх заўважылі і пачалі прасоўваць.

Неўзабаве яны апынуліся у мейсцы сваёй мары — на сталічнай сцэне. Спачатку — як і належыць юніёрам — у зборных канцэртах, прысьвечаных чарговым выбарам і меркаванай перамозе ў іх нязьменнае адміністрацыі, ці то прысьвечаных інтэграцыі — «За саюзную дзаржаву», ці дню міліцыі — «Мая міліцыя мяне беражэ» ці то войску — «Заўжды на варце»...

Гэта ўсё было нуднавата, празаічна і неяк руцінна, але наперадзе бачыліся чароўныя далягляды — сольныя канцэрты ў «Мінск-Арэне», а там і вялікая Расея, якая мае скарыцца перад бліскучым талентам.

Час ішоў, а далягляды ўсё не набліжаліся. Чарада шэрых бязьлікіх канцэртаў не сканчалася, сярод усіх гэтых «Уславім радзіму працай сваёй» ды «На варце міру і прагрэсу» асаблівай пярлінай вылучаўся хіба што «Славянскі базар», дзе было сапраўды шмат не адмыслова нагнанай, а сапраўднай (няхай нецьвярозай, але) публікі.

Хітрая схема выходзіць у плюс, вынайдзеная ў РБ

Раз на пару гадоў прадусар вырашаў, што варта паехаць у тур па РБ. У меркаваныя гарады туру напярэдадні прыяжджаў (ці то тэлефанаваў у адміністрацыю) мэнэджэр і настойваў, каб мяйсцовыя прафсаюзы аплацілі 40% квіткоў. І распаўсюдзілі сярод супрацоўнікаў прадпрыемстваў.

Бо артыст, які прыедзе, вельмі заслужаны і нават не аднойчы выступаў у — сьвятая сьвятых! — адміністрацыі прэзыдэнта для кіраўніка дзяржавы, ягонае сям’і і бліжэйшага атачэньня. Прафсаюзы са стогнамі і енкамі — адкуль браць гэты бюджэт? — хоцькі-няхоцькі згаджаліся. Гэтая хітрая (вынайдзеная і распаўсюджаная толькі ў РБ) схема дазваляла ў любым выпадку выходзіць у плюс.

Алімп аказаўся нейкім правінцыйна-местачковым

Калісьці маладыя і пэрспэктыўныя выканаўцы атрымалі званьні і рэгаліі. Дыплёмы, граматы, званьні. Здавалася б — вось тое, да чаго імкнуліся — сталічны Алімп! Але направер гэты Алімп аказаўся нейкім правінцыйна-местачковым, карацей, зусім не Галівуд і нават не Масква — так, нейкі мяйсцовы міжсабойчык, дзе круцяцца адны і тыя ж правераныя асобы, дзе ты (між іншым, заслужаны артыст!) вымушаны пераапранацца ў агульнай «братняй грымэрцы» разам зь яшчэ дзесяцьцю рознымі беларускімі выканаўцамі.

Тым часам гітарыст «сталічнае зоркі» Стаса Міхайлава мае асобную грымэрку, хаця ён нават ня грае, а — так — перабірае сабе струны пад плэйбэк. І ганарар у гэтага «гітарыста» ў некалькі разоў перавышае твой. І песьні гэтага Стаса Міхайлава гучаць на карпаратывах і ў караоке, а твае песьні, нягледзячы на жорсткую ратацыю па дзяржаўных каналах, чамусьці ніхто ня ведае. Расчараваньне!

Адваротны бок мэдаля: каб прабіцца, трэба быць ляяльным, не, нават адданым. Але калі ты такі, увесь адданы ўладзе, выходзіш на сцэну, ніхто ніколі ня будзе лічыць цябе зоркай. Ані гэтая ўлада, ані публіка. Бо ўсё адразу счытваецца і адчуваецца.

Зоркі — яны вольныя, захацеў — і пайшоў супраць правілаў. А для цябе гэты сцэнар немагчымы. Бо — крок убок — і чорны сьпіс. Застаецца вытрымліваць рэглямэнт, а залежных ад рэглямэнту артыстаў ня надта паважаюць. Ты аўтаматычна залічваесься ў катэгорыю «абслуга». Такі вось парадокс.

Пасьля 20-га войска праўладных выканаўцаў значна парадзела. Гэта ўжо ня войска, а так — бязладная купка палонных жаўнераў. Брыдуць сабе пад канвоем уладных афіцэраў і прапаршчыкаў, прагна хапаюць падачкі з генэральскага стала...

«Пост крыўды» ад сьпявачкі з мафіёзным прозьвішчам

Вось адна з такіх праўладных — заўсёды была пры сям’і, пры клане, падзеі 2020-га не пахіснулі ейную веру ў адзіна правільным курсе кіраўніцтва. Калі ўсе ейныя калегі па канфармісцкай сцэне ня вытрымалі і пачалі выказвацца супраць гвалту, яна пісала даносы на сваіх суседзяў, якія ўдзельнічалі ў дваровых актыўнасьцях, брала ўдзел у праўладных аўтапрабегах і ўсякіх «Любімых не аддают».

Гэта сьпявачка, якая ўзяла сабе псэўданімам прозьвішча амэрыканскага мафіёзі беларускага паходжаньня — Меіра (Маера) Ланскі. Не, яна, натуральна, думала, што гэта расейскае дваранска-арыстакратычнае прозьвішча (так хочацца быць расейскай арыстакраткай, а не беларускай прыгоннай сялянкай!), а пра Меіра нічога і дагэтуль ня ведае, але, як кажуць, «лёс склаўся так»...

І вось гэтая наскрозь афіцыйная сьпявачка з мафіёзным прозьвішчам апублікавала ў сацсетках пост расчараваньня. Пасьля чарговага выступу на вечарыне для сям’і і набліжаных да клану разам з вышэйпамянёным С. Міхайлавым яна задумалася: ці трэба далей сьпяваць гэтыя нікому не патрэбныя песьні, ці працягваць дзейнасьць у гэтым кірунку? Ці ўжо хопіць усяго гэтага? Камэнты не парадавалі сьпявачку.

Я думаю, гэты пост быў справакаваны розьніцай у стаўленьні адміністрацыі і арганізатараў мерапрыемства да «сталічнае зоркі» і мяйсцовай заслужанай артысткі. Прыніжаная і абражаная, яна сарвалася і напісала «пост крыўды».

Але ў іх, дзяржаўных і праўладных, такі лёс — усё цярпліва вытрымліваць і толькі спрактыкавана ўсьміхацца ў адказ на: «Так, не стаім тут, у праходзе, тут счас будзе ісьці сам Стас Міхайлаў са сваімі музыкантамі! Жэншчына, вас эта тожэ касаецца!».

Нічога. Заўтра яна выдаліць свае крыўды, упадзе на калені перад кім трэба і працягне сваю дзейнасьць. Безнадзейную і бессэнсоўную.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях