У Гданьску назвалі лаўрэатаў літаратурнай прэміі Гедройця
- 15.11.2025, 22:37
- 3,144
Гэта галоўная літаратурная ўзнагарода для беларускамоўных аўтараў.
15 лістапада ў Гданьску прайшла цырымонія ўручэння прэміі Гедройця – галоўнай літаратурнай узнагароды для беларускамоўных аўтараў, перадае «Белсат».
Лаўрэатамі сёлетняй прэміі былі абвешчаны:
1-е месца: Сяргей Дубавец з кнігай «Занзібар. Сталенне маладой душы» («За філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення»).
2-е месца: Югася Каляда з кнігай «Перамена месцаў» («За фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве»).
3-е месца: Зміцер Дзядзенка з кнігай «Гульні Цырцэі» («За асэнсаванне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме»).
У кароткі спіс 14-га сезону прэміі ўваходзілі наступныя кнігі:
- «Гульні Цырцэі. Раман» – Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
- «Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
- «Перамена месцаў» – Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
- «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
- «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»);
- «Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»).
Мерапрыемства прайшло ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці і стала кульмінацыяй насычанай праграмы, якая ўключала аўтарскія сустрэчы, літаратурныя дыскусіі, адкрыццё выставы і кніжны кірмаш.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця – гэта найважнейшая незалежная ўзнагарода ў галіне беларускай прозы, якая прысуджаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу, напісаную па-беларуску. Яе заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтр і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы польскіх культурных інстытуцый.
Прэмія ставіць перад сабой некалькі мэтаў: адзначыць выдатныя празаічныя творы, ушанаваць спадчыну Ежы Гедройця – выбітнага польскага інтэлектуала і прыхільніка добрасуседства ў рэгіёне, а таксама падтрымаць сучасных беларускіх аўтараў і паспрыяць іх вядомасці за межамі краіны.