23 ноября 2024, суббота, 2:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Варшаве з размахам закончыла чацвёрты сезон дзейнасці тэатральная студыя «Купалінка»

У Варшаве з размахам закончыла чацвёрты сезон дзейнасці тэатральная студыя «Купалінка»

Акторы паказалі ў адзін вечар адразу тры спектаклі.

Студыя «Купалінка» паказала ў польскай сталіцы спектаклі «Кветкі пад залевай» аўтарства Ігара Сідарука, «Сляза волата» – гэта сусветная прэм'ера па пʼесе Сяргея Кавалёва і «Мой шлях», у якім мігранты распавялі свае гісторыі, сатканыя з успамінаў і перажыванняў, атрыманых падчас і пасля пераезду ў іншую дзяржаву, перадае «Польскае радыё».

На тэатральныя падмосткі выйшлі тры тэатральныя групы, якія ўваходзяць у склад «Купалінкі». Гэта як дзеці, так і дарослыя, беларусы і ўкраінцы, пераважна эмігранты. Пʼесы багата аформленыя, мультымедыйныя, яны выкарыстоўваюць як гук, так і музыку, колер і святло. Рэжысёр спектакля «Мой шлях» – Марына Якубовіч, два іншыя ставіла Наталля Локіць.

- Мы працавалі над спектаклямі амаль ад пачатку года. Нам далі гэтую залю, і мы вырашылі паказаць іх менавіта тут, у класных умовах. Спектакль «Мой шлях» – гэта спачатку была псіхалагічная праца, перш за ўсё для актораў. Трэба было ўсё гэта выцягнуць з іх, прапрацаваць з кожным індывідуальна, а пазней аб’яднаць у адзін спектакль.

Кожны спектакль публіка ўзнагароджвала доўгімі апладысментамі. Гледачы былі ў захапленні ад прафесійнай падрыхтоўкі актораў.

Людміла Зах: Я не першы раз прыходжу на спектаклі студыі «Купалінка». Гэта заўсёды вялікі зарад энергіі – глядзець на дзяцей, якім падабаецца тое, што яны робяць, якія аддаюць усё сэрца гэтай працы. Мне вельмі падабаецца, што дзеці пераважна кантактуюць тут па-беларуску, а таксама пазнаюць беларускую класіку.

Вольга Быкоўская: Я вельмі ўражаная ад таго, як працавалі дзеці, у тым ліку маленькія. Вельмі прыемна, што большая частка спектакляў па-беларуску. Спадзяюся, што будзе працяг. Бачу, што ў «Купалінкі» вялікая будучыня. Вельмі высокі прафесійны ўзровень, выдатна спалучаюцца дарослыя акторы і дзеці, яны адзін аднаго дапаўняюць. Такое адчуванне, што схадзіла на вялікі спектакль, сапраўдную, прафесійную пастаноўку.

Зянон Пазняк: Я глядзеў на нашых харошых, прыгожых дзетак, і мне ўспаміналіся карцінкі, што цяпер робіцца ў лукашызме. Як менты гэтых бедных дзетак адзяваюць у акупацыйнае адзенне, прымушаюць маршыраваць, гаварыць розныя глупствы. Гэта здзек над дзецьмі. А нашы жывыя, беларускія дзеці тут, у выгнанні, у другой краіне. Жывыя кветачкі. Гэта наша надзея, яны вернуцца і будзе новая Беларусь, яны яе створаць.

Тэатральная студыя «Купалінка» абʼядноўвае каля 60 беларусаў і ўкраінцаў з розных узроставых катэгорый. Акторы на занятках культывуюць культуру і спадчыну сваіх краін.

Студыя супрацоўнічае з Купалаўцам (Нацыянальны тэатр Беларусі ў выгнанні), Свабодным тэатрам, выступае для дыяспары і для палякаў. Калектыў стаў пераможцам польскага тэатральнага фестывалю Złoty Gargulec 2022.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях