23 июня 2024, воскресенье, 5:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Малавядомыя факты і лічбы пра ўдзел беларусаў у бітве за Монтэ-Касіна

Малавядомыя факты і лічбы пра ўдзел беларусаў у бітве за Монтэ-Касіна

На бацькаўшчыне ўдзельнікі бітвы працяглы час былі забытымі і адрынутымі.

Сёлета адзначаюцца 80-я ўгодкі бітвы за Монтэ-Касіна — адной з найбольш вядомых баталіяў Другой сусьветнай вайны. Асаблівае значэньне гэтая падзея мае для польскага народу. Разам з тым нельга забываць, што яна не чужая і беларусам, якія таксама маюць да яе непасрэднае дачыненьне.

Сёлетняя гадавіна — добрая нагода да таго, каб прыгадаць пра іх удзел у баталіі. Пра бітву, якая скончылася 25 траўня 1944 году, спэцыяльна для «Радыё Свабода» піша польска-беларускі гісторык, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Юры Грыбоўскі.

Перадгісторыя

Праваслаўныя крыжы на могілках Монтэ-Касіна.

Каб зразумець прычыны, зь якіх беларусы ўдзельнічалі ў бітве за Монтэ-Касіна, належыць зьвярнуцца да ранейшых падзеяў. У межах тагачаснай польскай дзяржавы пражывала каля 2 мільёнаў беларусаў. Калі пачалася Другая сусьветная вайна, гэтыя людзі падзялілі лёс краіны, грамадзянамі якой яны былі. Восеньню 1939 году ў савецкім палоне апынулася пэўная колькасьць польскіх вайскоўцаў, сярод якіх былі і беларусы. Больш за 2 тысячы зь іх утрымліваліся ў лягерах ажно да лета 1941 году. Апрача гэтага, у 1940–1941 г. у выніку чатырох дэпартацый з Заходняй Беларусі на спэцпасяленьне ў глыб СССР было вывезена звыш 120 тысяч асобаў, у тым ліку каля 20 тысяч беларусаў.

Пасьля нападу 22 чэрвеня 1941 году Нямеччыны на Савецкі Саюз былі ўсталяваны дыпляматычныя адносіны паміж СССР і польскім урадам на выгнаньні. У адпаведнасьці з польска-савецкімі дамоўленасьцямі савецкі бок абвясьціў амністыю для польскіх палонных і спэцпасяленцаў. Згодна з савецка-польскай вайсковай дамовай ад 14 жніўня 1941 г. з гэтых людзей на тэрыторыі СССР была сфармавана 75-тысячная Польская армія пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Зь першых дзён фармаваньня арміі назіраўся вялікі наплыў добраахвотнікаў. У яе шэрагі ахвотна ўступалі і беларусы, бо гэта быў адзіны шлях, каб вызваліцца ад сталінскага перасьледу.

Аднак далёка ня ўсім удалося папоўніць вайсковыя аддзелы, бо са сьнежня 1941 г. савецкі бок забараніў непалякам уступаць у польскае войска. Увесну і ўлетку 1942 году Польская армія была эвакуаваная ў Іран, дзе адбылася яе рэарганізацыя ў Польскую армію на Ўсходзе. З аналізу даступных крыніцаў вынікае, што, нягледзячы на савецкія перашкоды, у вайсковых шэрагах у Іран трапіла некалькі тысяч беларусаў.

Вайскоўцы Польскай арміі на Ўсходзе. Іран. 1943 год.

2-гі Польскі корпус і яго ўдзел у бітве за Монтэ-Касіна

У ліпені 1943 году з Польскай арміі на Ўсходзе вылучыўся 2-гі Польскі корпус пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Корпус быў найбуйнейшым фармаваньнем падначаленых польскаму ўраду на выгнаньні Польскіх узброеных сілаў на Захадзе. У склад корпусу ўвайшлі 5-я крэсовая пяхотная дывізія, 3-я дывізія карпацкіх стральцоў, 2-я танкавая брыгада (з 1945 г. — 2-я варшаўская танкавая дывізія). У сьнежні 1943 г. пачалося перамяшчэньне 2-га корпусу ў Італію, дзе адбываліся баявыя дзеяньні паміж саюзьніцкімі й нямецкімі войскамі. Падчас італьянскай кампаніі ён дзейнічаў у апэратыўным падпарадкаваньні 8-й брытанскай арміі.

Баявое хрышчэньне польскія жаўнеры атрымалі падчас дзеяньняў на рацэ Сандра (31 студзеня — 14 красавіка 1944 г.). Аднак бясспрэчным сымбалем змаганьня 2-га корпусу на Апэнінскім паўвостраве стала бітва за Монтэ-Касіна. Узвышша Касіна, побач з шэрагам іншых горных вышыняў, было адным з умацаваных раёнаў у нямецкай абарончай лініі «Густаў», якая праходзіла ад Адрыятычнага да Тырэнскага мора. Гэтая лінія перакрывала далейшае прасоўваньне англа-амэрыканскіх войскаў на Рым. Першыя спробы авалодаць Касіна саюзьнікі зрабілі яшчэ ў студзені 1944 году. Аднак 24 сакавіка 1944 г. саюзьніцкае камандаваньне вырашыла накіраваць у раён Монтэ-Касіна 2-гі Польскі корпус.

У наступе польскім вайскоўцам прадугледжвалася адно з найбольш цяжкіх заданьняў. Жаўнеры 2-га корпусу павінны былі завалодаць нямецкімі ўмацаваньнямі ў сярэднявечным кляштары сьв. Бэнэдыкта на ўзвышшы Касіна. Абаранялі іх найбольш баяздольныя аддзелы нямецкіх войскаў — паветрана-дэсантныя часткі.

Штурм пачаўся 11 траўня, аднак толькі 18 траўня ўзялі кляштар і прарвалі нямецкую абарону. У гэты дзень на руінах будынку польскія вайскоўцы ўзьнялі брытанскі й польскі сьцягі. Аднак баявыя дзеяньні ў гэтым рэгіёне доўжыліся да 25 траўня, бо польскія жаўнеры бралі ўдзел у завалоданьні яшчэ адным узвышшам — П’едымонтэ.

Удзел беларусаў

Як адзначаў сам генэрал У. Андэрс, большасьць асабовага складу ягоных аддзелаў складалі жаўнеры, якія паходзілі з усходніх ваяводзтваў міжваеннай польскай дзяржавы. Таму нічога дзіўнага, што падчас бітвы за Монтэ-Касіна разам з палякамі мужна змагаліся прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку беларусы. Падчас італьянскай кампаніі ў шэрагах 2-га Польскага корпусу, які на момант заканчэньня баявых дзеяньняў у Эўропе налічваў 56 тысяч, знаходзілася ня менш за дзьве тысячы беларусаў. Напрыклад, толькі ў шэрагах адной 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі, якая апынулася ў авангардзе наступу, служыла іх каля 500.

Пра гераічны чын польскіх вайскоўцаў беларускага паходжаньня падчас штурму Касіна сьведчаць шматлікія ўспаміны ўдзельнікаў гэтай баталіі, як беларусаў, так і палякаў. Варта прывесьці некалькі найбольш яскравых прыкладаў. Капітан 4-й роты 3-га батальёна 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў Тадэвуш Радваньскі называў беларусаў са сваёй роты «прыкладнымі жаўнерамі». Вось якім чынам ён апісваў паводзіны некаторых зь іх падчас першай атакі польскага войска на варожыя пазыцыі ў раёне Монтэ-Касіна ўначы 12 траўня:

«Зьлева і справа, з усіх бакоў чуліся несупынныя сэрыі са «Шпандаў», выбухі гранат і снарадаў, крык людзкіх галасоў. Пасьля кароткачасовага спакою я пачуў голас Вісьнеўскага: «Выбранец, скачы ўправа!». «За мною! — зароў Выбранец, але яго апярэдзіў Юрка Паранюк, які першым дапаў да замаскаванай варожай пазыцыі. Ён быў беларусам, таму закрычаў па-беларуску: «Здавайся!».

Згадкі пра подзьвігі вайскоўцаў-беларусаў з-пад Монтэ-Касіна знаходзім на старонках працы выдатнага польскага пісьменьніка й рэпартажыста Мэльхіёра Ваньковіча. У сваім творы «Бітва за Монтэ-Касіна» ён апісаў цэлы шэраг гераічных учынкаў жаўнераў-беларусаў. Адным з такіх жаўнераў быў стралец 13-га віленскага батальёну стральцоў «Рысі» 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі Рыгор Булак. Рызыкуючы жыцьцём, ён уласным целам праклаў баявым таварышам шлях празь міннае поле. Першапачаткова яго занесьлі ў сьпісы забітых. Аднак пазьней высьветлілася, што падчас той атакі ён страціў вока, руку й нагу, трапіў у палон, аднак здолеў выжыць.

У 1965 годзе ў Мюнхэне выйшла кніга Пятра Сыча «Сьмерць і салаўі. Успаміны афіцэра-беларуса з-пад Монтэ-Касына». Аўтар браў удзел у бітве ў якасьці харужага 18-га львоўскага батальёну стральцоў 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі. Невялічкая па аб’ёме праца стала першым і адзіным у беларускай літаратуры мэмуарным творам былога ўдзельніка гэтай бітвы. У сваіх успамінах Сыч апісвае гераізм жаўнераў-беларусаў, якія «шчодра абмылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касіна».

Яскравае сьведчаньне прысутнасьці беларусаў сярод удзельнікаў баёў за ўзвышша Касіна — вайсковыя могілкі, на якіх знайшлі свой апошні зямны прытулак жаўнеры, што загінулі ў гэтай бітве.

Вокладка кнігі Пятра Сыча “Сьмерць і салаўі. Успаміны афіцэра – беларуса спад Монтэ-Касыно” (Мюнхен 1965)

Падчас баёў каля масіву Касіна 2-гі Польскі корпус страціў 924 чалавекі забітымі, 2931 параненымі і 94 зьніклымі бязь вестак. У ліку пахаваных на мясцовых польскіх вайсковых могілках жаўнераў 2-га корпусу знаходзяцца каля 180 ураджэнцаў паўночна-ўсходніх ваяводзтваў міжваеннай польскай дзяржавы. На жаль, немагчыма дакладна вызначыць нацыянальны склад гэтых людзей. Пэўнае ўяўленьне наконт паходжаньня палеглых даюць зьвесткі адносна іх канфэсійнай прыналежнасьці. На могілках Монтэ-Касіна пахавана 55 жаўнераў праваслаўнага веравызнаньня, якія паходзілі зь Віленшчыны, Наваградчыны, Беласточчыны й Палесься. Сярод іх перш за ўсё належыць шукаць беларусаў.

Шэраг землякоў за ўдзел у баявых дзеяньнях на італьянскім фронце быў адзначаныя баявымі ўзнагародамі: сотні — Памятным крыжам Монтэ-Касіна, дзясяткі — Крыжам Змагарных і Крыжам Ордэну Віртуці Мілітары. У ліку ўдзельнікаў бітвы, якія пасьля вайны сталі вядомымі асобамі ў беларускім жыцьці, былі палітыкі і грамадзкія дзеячы Пятро Сыч і Вінцэнт Жук-Грышкевіч, сьпявак Пятро Конюх, грамадзкі дзяяч Віктар Астроўскі, дзяяч вэтэранскага руху на чужыне Мікалай Нікан і шмат іншых.

Памяць і далейшы лёс

Беларусы, якія змагаліся і гінулі падчас бітвы за Монтэ-Касіна, безумоўна, заслугоўваюць удзячнае памяці і пашаны нашчадкаў. У пэрыяд «халоднай вайны» ўшанаваньне іх памяці адбывалася на чужыне, дзе жылі многія былыя ўдзельнікі бітвы. Яшчэ ў траўні 1945 году на першыя ўгодкі бітвы перад помнікам 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі на ўзвышшы жалобнае набажэнства па забітых адправіў сьвятар-беларус. 1 верасьня 1945 г. падчас пасьвячэньня могілак Монтэ-Касіна ва ўрачыстасьці ўзялі ўдзел вайскоўцы-беларусы.

Хведар Кажаневіч падчас службы 4-га танкавага палка “Скарпіён”.

У траўні 1951 г. прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык у прысутнасьці былых жаўнераў 2-га корпусу наведаў могілкі Монтэ-Касіна. Каталіцкі сьвятар Пётра Татарыновіч адслужыў тады па забітых імшу на беларускай мове. У 1951 г. у газэце «За Волю» (Парыж) быў надрукаваны «Сьпіс беларусаў, забітых у баю пад Монтэ-Касіна», які ўтрымліваў 264 прозьвішчы. Нягледзячы на тое, што дадзеная лічба была значна перабольшаная, гэта была першая спроба падлічыць колькасьць беларусаў, што палеглі ў гэтай бітве.

У 1979 г. дэлегацыя беларускіх вэтэранаў на чужыне, якая складалася з трох былых вайскоўцаў 2-га корпусу, прысутнічала на сьвяткаваньні 35-х угодкаў бітвы за Монтэ-Касіна. Камбатанты Хведар Кажаневіч, Кастусь Маскалік і Віктар Сянкевіч усклалі да помніка вянок са стужкай у нацыянальных колерах з надпісам: «Сябрам, якія палеглі, каб жыла Айчына — Беларускія ўдзельнікі баявых дзеяньняў».

Баталія ля Монтэ-Касіна знайшла адлюстраваньне ў беларускай эміграцыйнай літаратуры. У 1990 годзе паэт Міхась Кавыль напісаў верш «Макі», які прысьвяціў беларусам, палеглым у бітве.

Мікалай Махнач падчас службы ў 2-м Польскім корпусе.

Многія былыя ўдзельнікі бітвы, якія пасьля вайны засталіся на эміграцыі, бралі чынныўдзел у дзейнасьці як беларускіх, так і польскіх грамадзкіх і культурна-асьветных арганізацыяў. У якасьці прыкладу можна прывесьці Хведара Кажаневіча, былога жаўнера 4-га танкавага палку «Скарпіёны», які пасьля вайны быў адным з удзельнікаў і кіраўнікоў Згуртаваньня беларускіх камбатантаў у Вялікай Брытаніі. Яго зямляк, колішні жаўнер батальёну дарожных сапёраў Мікалай Махнач, быў шматгадовым і актыўным дзеячом Саюзу польскіх камбатантаў у мясцовасьці Вэбстар (ЗША).

У Савецкім Саюзе

Тым часам на бацькаўшчыне ўдзельнікі бітвы працяглы час былі забытымі і адрынутымі, нягледзячы на тое, што пасьля вайны ў Беларусь вярнулася каля тысячы былых жаўнераў 2-га корпусу. Зь першых дзён знаходжаньня ў савецкай дзяржаве стаўленьне да іх з боку ўладаў было непрыхільнае. Гэтыя людзі нават не лічыліся вэтэранамі вайны. У савецкім наратыве зьявілася назва «андэрсаўцы», якая мела адмоўную канатацыю і атаясамлівалася зь нечым варожым.

Уначы з 31 сакавіка на l красавіка 1951 году органы МДБ правялі сплянаваную акцыю па дэпартацыі «андэрсаўцаў» і іх сем’яў у Іркуцкую вобласьць. З БССР было выселена 888 былых вайскоўцаў, а разам з чальцамі іх сем’яў лічба выселеных склала ажно 3822 чалавек. «Віной» дэпартаваных была адсутнасьць «асаблівых заслугаў перад Радзімай». Толькі ў 1958 г. яны атрымалі магчымасьць вызваліцца са спэцпасяленьня.

Распад СССР зрабіў магчымым вяртаньне гэтых людзей зь нябыту, калі яны нарэшце дачакаліся належнага ім прызнаньня вэтэранамі вайны. У 1994 годзе група былых вайскоўцаў 2-га корпусу — вэтэранаў зь Беларусі наведала Італію, дзе побач з камбатантамі зь іншых краінаў узяла ўдзел у сьвяткаваньні 50-й гадавіны бітвы.

У 2004 годзе ў 60-я ўгодкі падзеі пабачыла сьвет кніга «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна» (з прадмовай Хведара Кажаневіча). Дасюль гэта адзінае выданьне, адмыслова прысьвечанае прысутнасьці жаўнераў-беларусаў у гэтай баталіі. У той час на Беларусі жыло толькі некалькі былых удзельнікаў бітвы. Час робіць сваё. Тым больш беларусы мусяць памятаць пра бітву за Монтэ-Касіна й шанаваць памяць пра землякоў, якія змагаліся з гітлерызмам на італьянскай зямлі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях