«Беларусы захавалі самае галоўнае»
2- 25.12.2024, 15:45
- 2,322
Маляваныч распавёў пра веру ў казкі ды людзей.
Аляксандр Ждановіч, многім вядомы з дзяцінства як Маляваныч, займаецца тэатрам з дзіцячымі групамі ў Варшаве, але сваіх дзяцей не бачыў ужо тры гады. DW паразмаўляла з акторам пра пераезд з Грузіі ў Польшчу, традыцыю батлейкі і веру ў казкі ды людзей.
«У Польшчы беларускія дзеці лёгка становяцца палякамі»
- У перадсвяточныя дні вы з цяжкасцю знайшлі час на нашую размову праз працу з дзіцячымі групамі - раскажыце пра гэта падрабязней.
Аляксандр Ждановіч: Калі я пераехаў з Тбілісі ў Варшаву, не ведаў, чым буду займацца і як зарабляць. Мне далі адрасы беларускіх школак, дзе навучаюць у тым ліку тэатру, і я пайшоў па гэтых адрасах, думаючы, што куды-небудзь мяне, можа, возьмуць. Па выніку мяне ўзялі паўсюль, я быў вымушаны нават адмаўляцца там і сям. Зараз ёсць чатыры месцы, дзе я займаюся з дзецьмі, а агулам я налічыў 8 груп.
- У час перад Калядамі гэтыя заняткі асаблівыя?
- У мяне ёсць батлейка, якую я зрабіў у Грузіі, - я аб’ездзіў з ёй шмат краін, і было б глупствам не выкарыстаць яе ў перадкалядны час. У трох школах з дзеткамі 7-9 гадоў мы займаемся батлейкай, таму я і быў так заняты гэтыя дні: як заўжды не хапае апошняй ці перадапошняй рэпетыцыі, каб тое, што мы зрабілі, выглядала годна і прыгожа.
- Вы дапамагаеце беларускім эмігрантам з дзяцінства заставацца ў кантэксце беларушчыны. Ці вы неяк адмыслова працуеце з гэтай задачай?
- Пасля 2020 года шмат што змянілася ў маім жыцці, я ў тым ліку перагледзеў свае адносіны да таго, што мы называем, беларушчынай, - мовы, культуры, сапраўднай беларускай гісторыі. І калі я пабачыў, што асоба Маляваныча аказалася такой запатрабаванай, зразумеў, што ў гэтам кірунку трэба нешта рабіць. У Тбілісі, дзе я пражыў два з паловай гады, беларусаў станавілася ўсё менш, а мне хацелася служыць менавіта ідэі беларушчыны, што асабліва важна ў вымушанай эміграцыі, калі ў той жа Польшчы - я гэта бачу - дзеці лёгка становяцца маленькімі палякамі. Я ведаў, што нашых вельмі шмат у Варшаве, і гэта было адной з асноўных прычын, чаму я сюды пераехаў. У бацькоў ёсць жаданне выхоўваць дзяцей так, каб яны памяталі, адкуль яны, але большасць з гэтых дзетак альбо расейскамоўныя, альбо - а я працую з імі па-беларуску - размаўляюць з польскім акцэнтам.
«Сумую па прафесійнай сцэне»
- Вы адзін з унікальных артыстаў, якія захоўваюць традыцыю батлейкі. Як на яе сёння рэагуе публіка?
- Ох, гэта вы трапілі ў тэму. Я магу доўга расказваць пра аўтэнтычнаць і сакральнаць батлейкі і адначасова яе актуальнаць, бо батлеі часта разыгрывалі вострыя, злабадзённыя, сатырычныя спектаклі. Зараз я іграю тэкст знакамітых батлейшчыкаў братоў Сілко з канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя. Я мяняю ў ім зусім мала, крыху хуліганю, і глядач разумее аналогіі і рэагуе вельмі жыва. Насамрэч я крыху авантурыст, бо не з’яўляюся акторам тэатра лялек, мастаком ці этнографам, а часта менавіта яны займаюцца батлейкай. Спачатку нават я глядзеў на яе як на перажытак, састарэлы сімвал народных мастацтваў. Але я доўгі час быў мастацкім кіраўніком тэатральнага фестывалю «Нябёсы», і калі бліжэй пазнаёміўся з гэтай з'явай, адчуў, што яна мае на мяне ў добрым сэнсе наркатычны ўплыў.
- Раней вы выказвалі пэўную скруху праз тое, што Маляваныч стаў вашым галоўным вобразам. Ці вы ўжо змірыліся з гэтым персанажам?
- Не, не змірыўся (смяецца. - Рэд.). І таму раблю не толькі дзіцячыя рэчы. Яшчэ ў Тбілісі мы з той самай батлеечнай скрыняй зрабілі дарослы спектакль «Батлейка-Шагал» - у Варшаве ў мяне яшчэ не дайшлі да яго рукі. Я таксама хачу ўзнавіць музычны монаспектакль «Маленькі прынц», ніяк не звязаны з вобразам Маляваныча. Я быў звольнены з тэатра Горкага каля трох гадоў таму, і з тых часоў ні разу не выйшаў на прафесійную сцэну, а яна таксама як наркотык - безумоўна, у мяне свярбіць, я па ёй сумую, і я зацікаўлены ў прапановах ад сур’ёзнага, дарослага тэатра. Але Маляваныч больш мне не перашкаджае, проста на сустрэчах з дарослымі, якія прыходзяць дакрануцца да дзяцінства, я кажу, маўляў, пацярпіце, Маляваныч зараз пад’едзе, а пакуль пачнем з вершаў.
«За гэтыя тры гады ўжывую я з дзецьмі не бачыўся»
- Ці ў вас ёсць магчымасць бачыцца са сваімі дзецьмі?
- На жаль, за гэтыя тры гады ўжывую я з дзецьмі не бачыўся, на гэта ёсць некаторыя прычыны. Але мы літаральна кожны дзень альбо стэлефаноўваемся, альбо спісваемся, і такім чынам застаемся як бы побач, мы ведаем усё адзін пра аднаго. Уяўляю, якія эмоцыі выклікала б у мяне жывая сустрэча.
- Пасля пераезду ў Польшчу ваш працоўны графік змяніўся?
- Змяніўся, безумоўна, і я ведаў, што ён зменіцца, бо калі выбіраў, дзе жыць, некалькі разоў прыязджаў у Польшу, прыглядаўся і вяртаўся назад. Грузія шмат чаму мяне навучыла, і ментальна мне там вельмі добра жылося. Да таго ж я чалавек лянівы, а Грузія спрыяе таму, каб жыць у моманце, робячы толькі невялікія намаганні. У Тбілісі шмат бяздомных сабак - яны ходзяць па вуліцах, грэюцца на сонцы, іх падкормліваюць, і яны такія тоўстыя, яны файна жывуць. У пэўны момант я зразумеў, што ператвараюся ў такога лянівага сонечнага сабаку, а каб развівацца, трэба мяняць той самы графік. Беларускае эмігранцкае жыццё віруе ўсё ж у Польшчы, у Варшаве я нават незаўважна для сябе стаў рана падымацца і працаваць больш. Акрамя васьмі тэатральных груп у мяне ўзнікаюць і будуць узнікаць іншыя праекты.
«Беларусы захавалі самае галоўнае»
- Нядаўна вашыя банкаўскія рахункі аказаліся абрабаваныя праз махляроў - вы не губляеце веры ў людзей праз такія здарэнні?
- Наадварот! Як бы я не хацеў называцца вялікім артыстам, я ўсё ж адпавядаю вобразу Маляваныча: унутры мяне жыве хлопчык. А як дзеці? Яны згубілі нешта, можа, нават паплакалі, а на наступны дзень ужо жывуць новымі радасцямі. Для мяне гэта была значная сума, я разумеў, што гэта мая асабістая памылка, але стаў шукаць, чаму можна радавацца, і аказваецца, гэта працуе. Праз колькі-та дзён да мяне звярнуўся BySol з прапановай зрабіць збор у дапамогу Маляванычу. І тое, што за лічаныя гадзіны людзі сабралі гэтую суму, яшчэ раз мяне пераканала, што беларусы вельмі пасіянарныя, салідарныя, прыгожыя людзі. Так што я дзякую ўсім, таксама за выбар ў 2020 годзе. Не шкадуйце! Я, чалавек ужо немаладога ўзросту, згубіўшы, па сутнасці, прафесію, радзіму, магчымасць бачыцца з дзецьмі, тэатр, у якім працаваў 36 гадоў, ні на секунду не пашкадаваў пра той свой выбар. Беларусы захавалі самае галоўнае - прыгожыя чалавечыя якасці.
- А вы самі як «галоўны беларускі казачнік» верыце ў казкі?
- Канешне. Вельмі важна верыць і да апошняга не губляць надзеі - верыць, што калі ты нешта выкідваеш у сусвет, то і сусвет адгукнецца, хай не з першага раза, можа, спачатку ты і па галаве атрымаеш. Казачны герой, які ішоў да сваёй мэты, але прыпыняўся дапамагчы гэтаму і гэтаму, па выніку спазняўся, але персанажы, на якіх ён траціў час і сілы, прыходзілі яму на дапамогу. Той, хто не губляе надзею, не памыляецца.