11 октября 2024, пятница, 5:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларус знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна

4
Беларус знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна

Фота.

Супрацоўнік Эўрапарлямэнту Яраслаў Мусько расказаў «Свабодзе», дзе і як адшукаў пахаваньне.

Яраслаў Мусько — беларус з Падляшша, працуе дарадцам групы эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў Эўрапарлямэнту ў Брусэлі. Ён цікавіўся жыцьцём і лёсам Ларысы Геніюш, чытаў ейную кнігу «Споведзь». Тое, як пісьменьніца апісвала свайго малодшага брата, зрабіла на яго вялікае ўражаньне.

«Яна там апісвала свайго брата, які быў у польскай арміі генэрала Андэрса ў Італіі і загінуў пад Монтэ-Касіна. Мяне вельмі зацікавіла, дзе ён пахаваны. Яна пісала, што недзе ў Італіі. Я тады падумаў, што калі буду ў Італіі, то добра было б знайсьці», — расказвае Яраслаў.

Цяпер беларус у Італіі ў адпачынку. Ён пачаў аналізаваць, дзе можа знаходзіцца магіла. Аказалася, што ў самім Монтэ-Касіна яе няма. Але польскія жаўнеры пахаваныя яшчэ на трох могілках у Італіі.

Меркаваная магіла Аркадзя Міклашэвіча. брата Ларысы Геніюш

На сайце польскіх вайсковых могілак у Італіі Яраслаў Мусько высьветліў, што ў невялікім горадзе Лярэта пахаваны Arkadiusz Mikłaszewicz, які служыў у 12-м палку падольскіх уланаў. Месца нараджэньня пазначанае як «Жлобаўцы Горадзенскага павету». На гэтым хутары нарадзілася Ларыса Геніюш. Дата нараджэньня Аркадзя — 15 лістапада 1922 году, дата сьмерці — 27 ліпеня 1944 году. Пражыў 21 год.

«Я не знайшоў іншага Аркадзя Міклашэвіча. Думаю, на 99,99% мы знайшлі магілу брата Ларысы Геніюш. Ці ведаў пра гэта хто раней, ня ведаю. Інфармацыі, дзе ён пахаваны, раней у інтэрнэце я ніколі не знаходзіў», — мяркуе Яраслаў Мусько.

«Я падумаў, што б падумала Ларыса Геніюш, калі б стаяла побач з магілай свайго брата»

На пошукі пахаваньня Яраслаў Мусько паехаў разам з сынам. У адзін бок зь месца адпачынку трэба было праехаць 80 кілямэтраў. Могілкі пры самым касьцёле, які здаўна стаў папулярным месцам паломніцтва. На іх пахаваныя больш за тысячу вайскоўцаў. Усе магілы ў адным стылі — контуры магілы і крыж. Зямля засыпаная галькай. Над могілкамі лунае польскі сьцяг.

«Пераважная большасьць — каталікі, таксама эвангелісты, праваслаўныя, габрэі і адзін мусульманін. Вельмі акуратныя, дагледжаныя могілкі, прыгожыя ў сваёй форме», — камэнтуе суразмоўца.

Польскія вайсковыя могілак у Італіі ў горадзе Лярэта, дзе, як мяркуецца, пахаваны Аркадзь Міклашэвіч

Ён дадаў, што нават надвор’е спрыяла іхным пошукам.

«Калі мы ехалі ў Лярэта, ішоў дождж. Мы знайшлі могілкі каля вялікага касьцёла, і зьявілася сонца. У частцы нумар восем я ўбачыў, што напісана па-польску „Arkadiusz Mikłaszewicz“. Я падумаў, што б падумала Ларыса Геніюш, калі б стаяла побач з магілай свайго брата. Мы з сынам памаліліся над гэтым пахаваньнем, пахадзілі яшчэ па могілках. А калі ад’яжджалі, зноў пачаў паволі падаць дождж», — прыгадвае Яраслаў.

Меркаваная магіла Аркадзя Міклашэвіча

Над месцам спачыну Аркадзя Міклашэвіча стаіць праваслаўны крыж. Фатаздымку, як на некаторых іншых надмагільлях, няма. Пазначана па-польску імя і прозьвішча, месца вайсковай службы і дата сьмерці.

Яраслаў не прынёс на магілу кветак ці зьнічоў, бо ня быў упэўнены, што знойдуць патрэбнае месца. Да таго ж перад уваходам на могілкі вісіць папярэджаньне, каб нічога на пахаваньнях не пакідаць. Гэта можна рабіць толькі пад вялікім агульным помнікам усім жаўнерам. Праўда, на габрэйскіх магілах ляжаць камяні, паводле габрэйскай традыцыі.

Сям’ю раскулачылі і выслалі з радзімы

Паэтка Ларыса Геніюш нарадзілася ў 1910 годзе ў маёнтку Жлобаўцы на тэрыторыі цяперашняга Ваўкавыскага раёну Горадзенскай вобласьці (тады гэта была Расейская імпэрыя, потым Польшча, пасьля СССР). Яна паходзіла з праваслаўнай заможнай сям’і земляўласьнікаў Антона і Аляксандры Міклашэвічаў. Вядомыя імёны трох ейных братоў — Расьціслаў, Аляксей, Аркадзь — і трох сёстраў: Ксенія, Ніна, Людміла.

Запіс пра Аркадзя Міклашэвіча на сайце могілак

У 1939 годзе сям’ю раскулачылі. Бацьку выслалі на пяць гадоў у Карагандзінскую вобласьць СССР, там ягоныя сьляды згубіліся. Дэталяў раскулачваньня рэшты сям’і Ларыса ня ведала, бо ўжо тады жыла з мужам у Празе. У сьпісах на высылку была маці і сямёра дзяцей, уключна з Ларысай. Вядома, што маці, братоў і сёстраў выслалі ў Казахстан.

Браты Аляксей і Аркадзь Міклашэвічы падчас Другой усясьветнай вайны ў складзе польскай арміі генэрала Андэрса ўдзельнічалі ў бітве пры Монтэ-Касіна, дзе і загінуў Аркадзь. Аляксей дажыў да 87 гадоў, памёр у Лёндане.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях