23 ноября 2024, суббота, 1:15
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«А потым дывэрсанты захапілі Стоўпцы і абрабавалі цягнік пад Лунінцам»

«А потым дывэрсанты захапілі Стоўпцы і абрабавалі цягнік пад Лунінцам»

Да чаго рыхтуюцца ў Польшчы, чуючы «жарты» Лукашэнкі пра вагнэраўцаў.

Польская дзяржава сто гадоў таму перажывала нешта падобнае на цяперашяе ўмацаваньне польска-беларускай мяжы пасьля зьвестак пра прыбыцьцё ў Беларусь падразьдзяленьняў наймітаў «Вагнэра».

Здаецца, ніколі раней на працягу больш як 70 гадоў існаваньня ў гэтых мясьцінах дзяржаўнай мяжы, у ваколіцах ціхіх падляскіх вёсак не было такога актыўнага руху — вайскоўцаў, памежнікаў, паліцыянтаў, будаўнікоў. І справа ня толькі ва ўзьвядзеньні шасьцімэтровай мэталічнай сьцяны, якой у выніку міграцыйных атак з усходу Польшча летась адгарадзілася ад Беларусі.

Умацаваньне польска-беларускай мяжы пасьля зьвестак пра прыбыцьцё ў Беларусь падразьдзяленьняў наймітаў «Вагнэра» (і асабліва пасьля «жартаў» Лукашэнкі пра тое, што яны «зьбіраюцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў») адбываецца няспынна і пасьлядоўна. На ўсход Польшчы перакідваюцца новыя вайсковыя часткі; мясцовыя паліцэйскія аддзелы папаўняюцца новымі супрацоўнікамі; разрастаюцца памежныя заставы; усё больш вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі зьяўляецца ў памежнай паласе.

Меркаваная гібель Яўгенія Прыгожына, паведамленьні пра якую зьявіліся 23 жніўня, вядома, здольная ўнесьці значныя карэктывы ў стаўленьне да гэтай праблемы. Але гэта калі і адбудзецца, то не адразу. Як не адразу зьнікнуць (калі толькі ўвогуле зьнікнуць) падразьдзяленьні «Вагнэра» зь беларускай тэрыторыі і суцішацца каардынаваныя беларускімі і расейскімі ўладамі атакі мігрантаў на памежныя кардоны краінаў Эўразьвязу. Зусім магчыма, што Лукашэнка сам перахопіць кантроль над групоўкай «Вагнэра», якая застаецца ў Беларусі. У кожным разе, нават калі зьвесткі пра гібель Прыгожына цалкам пацьвердзяцца, пагрозаў для заходніх суседзяў з боку Беларусі гэта зусім не ўхіляе.

Часам і ўнутры Польшчы, і сярод яе заходніх саюзьнікаў да гэтых прыгатаваньняў ставяцца з пэўнай доляй паблажлівасьці, скепсісу і нават іроніі. Маўляў, ну якую рэальную ваенную пагрозу для магутнай машыны NATO могуць уяўляць некалькі тысяч чалавек? Яны ж не самазабойцы. Навошта перабольшваць пагрозу, а тым больш цалкам закрываць дзяржаўную мяжу, магчымасьць чаго на высокім узроўні абмяркоўваецца якраз у гэтыя дні?

Але ніхто і не чакае, што некалькі тысяч баевікоў Прыгожына раптам шырокім фронтам пойдуць захопліваць Сувалкі і штурмам прабіваць калідор да расейскага калінінградзкага эксклаву. Небясьпека ў іншым. І яна не прыдуманая, ня плод фантазіі — пра яе рэальныя абрысы палякі ведаюць з уласнага гістарычнага досьведу.

Польская дзяржава сто гадоў таму перажывала нешта вельмі падобнае. На тагачаснай польска-савецкай мяжы, якая тады пралягала ў ваколіцах Менска, Стоўпцаў, Лунінца і Маладэчна, адбываліся вельмі падобныя працэсы і зьявы. І той далёкі досьвед дагэтуль нагадвае: нават некалькі соцень добра падрыхтаваных дывэрсантаў, якія пэрыядычна закідваюцца на чужую тэрыторыю, здольныя сваімі вылазкамі дэстабілізаваць суперніка, пасеяць паніку і страх сярод насельніцтва, ператварыць жыцьцё ў памежжы ў суцэльны жах.

«Актыўная выведка», падобная на бандытызм

Тады яшчэ ніхто не ўжываў тэрміна «гібрыдная вайна». Тое, што адбывалася ў 1921–1925 гадах у памежных рэгіёнах, на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, ва Ўпраўленьні выведкі Чырвонай арміі («Разведупры») называлі «актыўнай выведкай».

Рыская мірная дамова 1921 года фармальна завяршыла савецка-польскую вайну. Але савецкая Расея, пацярпеўшы паразу, не зьбіралася мірыцца з гэтым. У нетрах «Разведупра», якім з пачатку 20-х гадоў камандавалі спачатку Арвід Зейбот, а потым Ян Берзін, узьнікла ідэя ствараць дывэрсійныя групы і закідваць іх ва ўсходнія ваяводзтвы Польшчы (пераважна ў Заходнюю Беларусь), каб падняць там масавы партызанскі рух і такім чынам наблізіць момант аддзяленьня гэтых рэгіёнаў ад Польшчы і далучэньня да БССР. Савецка-польская мяжа ў першыя гады яе існаваньня была даволі празрыстая. У толькі што створанай польскай дзяржавы не было ні сілаў, ні сродкаў, каб узяць пад шчыльны кантроль усю памежную лінію працягласьцю каля 2 тысяч кілямэтраў — ад Дзьвіны на поўначы да Днястра на поўдні.

І для дывэрсійнай групы, падрыхтаванай пераважна ў Менску, не было вялікай праблемай, пераадолеўшы некалькі дзясяткаў кілямэтраў, праз пару гадзін не заўважанай рэдкімі тады памежнікамі апынуцца на тэрыторыі Наваградзкага ці Палескага ваяводзтваў — пад Стоўпцамі, Нясьвіжам ці Лунінцам. Чым займаліся дывэрсанты? Нападалі на паліцэйскія пасты, спынялі і рабавалі цягнікі і аўтобусы, грамілі панскія сядзібы, учынялі налёты на паштовыя аддзяленьні і банкі («каб здабыць сродкі на партызанскую барацьбу»).

Уся гэта дывэрсійная актыўнасьць паступова нарастала і дасягнула піку ў 1924 годзе, калі было зафіксавана больш за 200 буйных нападаў і дывэрсійных актаў, у якіх з савецкага боку ўдзельнічала больш за 1000 дывэрсантаў і загінула больш за паўсотні чалавек. Пры гэтым, што адметна, савецкі бок сваёй адказнасьці за бандыцкія напады не прызнаваў: маўляў, гэта вашы ўласныя рэвалюцыянэры змагаюцца г клясавым і нацыянальным прыгнётам.

Ад каго Ваўпшасаў «вызваліў» Стоўпцы ў 1924 годзе

Самая гучная і самая пасьпяховая дывэрсія савецкіх спэцслужбаў першай паловы 20-х гадоў на памежных польскіх тэрыторыях — узброеная атака на Стоўпцы ў ноч з 3 на 4 жніўня 1924 года. Дывэрсійны атрад пад камандаваньнем савецкага чэкіста Станіслава Ваўпшасава ў колькасьці ад 50 да 150 чалавек, нелегальна перайшоўшы мяжу, напаў на мястэчка, разграміў паліцэйскую ўправу і турму, падпаліў вакзал і павятовую ўправу, разрабаваў усе крамы і гандлёвыя склады. Застрэліўшы каля дзясятка паліцэйскіх і чыноўнікаў, дывэрсанты выпусьцілі з турмы ўсіх зьняволеных (сярод якіх былі і палітычныя), захапілі багатую здабычу (грошы, каштоўнасьці, тавары) і ўцяклі ў навакольную пушчу.

Пагоня была ня надта ўдалай, але некалькіх нападнікаў паліцыі ўдалося дагнаць і арыштаваць. Затрыманыя расказалі, што праходзілі дывэрсійную падрыхтоўку на курсах у Менску, якую праводзілі чырвоныя камандзіры.

Сам Ваўпшасаў у сваіх пазьнейшых мэмуарах (кніга «На трывожных скрыжаваньнях: нататкі чэкіста», 1971) так апісваў матывы нападу на Стоўпцы:

«Польскія акупанты пачуваліся ў Стоўпцах вольна і бясьпечна. Прэцэдэнтаў нападу на павятовыя мястэчкі не было, з гэтага вынікала, што раптоўны начны ўдар і дакладныя імклівыя дзеяньні дэмаралізуюць праціўніка, пасеюць паніку і разгубленасьць. Пакуль вораг ачомаецца, апэрацыя завершыцца ўзяцьцем турмы і адыходам назад у Налібоцкую пушчу».

Прыблізна паводле такога сцэнару дывэрсійная атака і была праведзена.

Як рабавалі цягнік берасьцейскага ваяводы

Яшчэ адна гучная дывэрсія, якая набыла вялікі розгалас ва ўсёй тагачаснай Польшчы — узброены грабежніцкі напад на цягнік Брэст — Лунінец 23 верасьня 1924 года. Узброеным атрадам дывэрсантаў (каля 40 чалавек) камандаваў савецкі чэкіст Кірыла Арлоўскі, які выдаваў сябе за «атамана Каліненку». У раёне чыгуначнай станцыі Лоўча дывэрсанты пашкодзілі чыгуначныя пуці і спынілі экспрэс, у якім ехала вялікая група высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў, сярод якіх быў палескі ваявода (ён жа былы міністр унутраных спраў Польшчы) Станіслаў Даўнаровіч і начальнік акруговай паліцыі Юзэф Мянсовіч.

Нягледзячы на тое, што ў цягніку быў больш за дзесяць узброеных паліцыянтаў, ніякага арганізаванага супраціву яны не аказалі і далі сябе раззброіць.

Усіх пасажыраў цягніка нападнікі абрабавалі: забіралі ня толькі грошы і каштоўнасьці, але і адзеньне і харч.

Супраціўляцца паспрабаваў толькі адзін габрэйскі купец, якога тут жа застрэлілі.

Ваяводу Даўнаровіча і паліцэйскага начальніка Мянсовіча, як вынікала зь некаторых сьведчаньняў, нападнікі высеклі, забралі адзеньне, але не забілі.

Нават пакінулі зьдзеклівую «візытоўку» на памяць: картку з надпісам «Атаман Трафім Каліненка. Штаб-кватэра Цімкавічы. 24.09.1924».

Галоўнай мэтай нападнікаў была вялікая сума гатоўкі, якую перавозілі ў паштовым вагоне. Дывэрсійны атрад цалкам дасягнуў сваёй мэты і з усім нарабаваным пасьпяхова ўцёк на савецкі бок мяжы ў раёне Турава. Пасланая наўздагон пагоня вярнулася ні з чым.

Дывэрсія выклікала вялізны розгалас у Польшчы. Пад зьніштажальную крытыку прэсы трапілі найперш ваявода Даўнаровіч і паліцэйскі генэрал Мянсовіч — за тое, што нават не спрабавалі арганізаваць адпор, а замест гэтага хаваліся ў аддзяленьні вагона для каштоўнасьцяў. Варшаўскія газэты з гэтага часу пачалі называць усходнія ўскраіны Польшчы «дзікім полем» і «польскай Мэксыкай».

Для няўдачлівага ваяводы Даўнаровіча справа не абмежавалася толькі вымушанай адстаўкай. Кракаўская газэта «Ілюстраваныя навіны» ў нумары за 18 кастрычніка 1924 года пісала:

«Былы ваявода Даўнаровіч выклікаў на дуэль вядомага варшаўскага публіцыста Ўладыслава Рабскага. Падставай стаў артыкул Рабскага, у якім зьмяшчаліся абвінавачаньні, якія датычаць гонару Даўнаровіча з нагоды паводзінаў апошняга падчас гучнага нападу дывэрсыйнай банды на цягнік пад Лунінцам».

Дуэль адбылася ў лістападзе таго ж году. Ніхто не пацярпеў: панове абмяняліся пісталетнымі стрэламі, накіраванымі ўгару, а пасьля паціснулі адзін аднаму рукі. Але дзяржаўная кар’ера Даўнаровіча з таго часу назаўсёды пайшла пад адхон.

Як перастала існаваць «дзікае поле»

Дывэрсанты з часам уваходзілі ў смак. Лічылася, што яны былі на самазабесьпячэньні: грошы на ўласнае ўтрыманьне здабывалі пераважна ў выніку «апэрацый». Мяркуючы па ўспамінах Ваўпшасава, «бізнэс» быў даходны: нястачы ні ў грашах, ні ў амуніцыі, ні ў ежы і адзеньні не было.

Але Варшаве яўна надакучыла бязладзьдзе на ўсходняй мяжы, справіцца зь якім мясцовая кепска ўзброеная памежная паліцыя самастойна не магла. У 1924 годзе польскі ўрад прыняў рашэньне стварыць новую вайсковую фармацыю — Корпус аховы памежжа (КАП). У памежных рэгіёнах павінны былі разьмясьціцца пяць брыгад — пяхотныя і кавалерыйскія часткі, складзеныя з добраахвотнікаў, якія прайшлі вайсковую службу. На мяжы пачалі будавацца жалезабэтонныя ўмацаваньні. Салдаты КАП атрымалі самую сучасную зброю: толькі ў іх было дастаткова амэрыканскіх пісталетаў-кулямётаў Томпсана, фінскіх Suomi, ручных кулямётаў.

У «Разьведупры» не адразу сьцямілі, што адбываецца. І на першым часе працягвалі звыклыя дывэрсійныя вылазкі — аж пакуль не дайшло да буйнога міжнароднага скандалу.

«Ямпольскі інцыдэнт»

Апошнім скандальным эпізодам дзейнасьці дывэрсантаў «Разведупра» стаў «ямпольскі інцыдэнт» на Валыні. Каля чатырох дзясяткаў савецкіх «разьведчыкаў», пераапранутых у мундзіры Войска Польскага, на польскім баку нечакана для сябе сустрэлі жорсткі адпор з боку на той час ужо дзейных аддзелаў КАП. Уцякаючы ад пагоні, дывэрсанты сьпяшаліся перайсьці мяжу і нечакана трапілі пад агонь савецкіх памежнікаў, якія падпарадкоўваліся ОГПУ і ня ведалі пра сакрэтную дывэрсійную апэрацыю вайсковай выведкі. У адказ раззлаваныя і дэзарыентаваныя дывэрсанты разграмілі савецкую памежную заставу (былі і забітыя) і ўцяклі ўглыб савецкай тэрыторыі.

У Маскве спачатку расцанілі гэта як агрэсію ўзброеных сіл Польшчы, нават адпаведную дыпляматычную ноту выдалі. Але потым пачалі разьбірацца, склікалі нават спэцыяльнае паседжаньне Палітбюро, і высьветлілі, што адбылося насамрэч.

У гэты ж час паднімаецца шум у прэсе — і польскай, і эўрапейскай. У «Кур’еры Поранным» 21 студзеня 1925 года ў публікацыі «Вінаватыя ў нападзе на Ямполь» прама паведамлялася, што на савецкую заставу ў Ямполі напала савецкая ж банда — пасьля таго, як ёй некалькі разоў не ўдалося ў гэтым раёне перайсьці мяжу.

У Палітбюро стварылі адмысловую камісію (Куйбышаў, Дзяржынскі, Уншліхт, Фрунзэ і Чычэрын) «для разгляду і высьвятленьня формы працы „Разведупра“ за мяжой і мэтазгоднасьці далейшага існаваньня „Разведупра“ ў ранейшым выглядзе». Найбольш быў абураны кіраўнік ОГПУ Фэлікс Дзяржынскі: за ягонай сьпінай на працягу некалькіх гадоў дзейнічала разгалінаваная магутная дывэрсійна-выведная сыстэма, пра якую ён увогуле ня ведаў і якая ў любы момант магла справакаваць ваенны канфлікт з суседзямі. У лісьце на імя кіраўніка ОГПУ ва Ўкраіне Баліцкага ён даваў жорсткую ацэнку вайсковым «разьведчыкам» Берзіна: «Безадказным дзеяньням „Разведупра“, якія ўцягваюць нас у канфлікт з суседняй дзяржавай, трэба пакласьці рашучы канец. Выпадак у Ямполі паказаў, што на нашай тэрыторыі існуюць банды супраць палякаў. Апрача таго, і пры садзеяньні з нашага боку дзейнічаюць банды за кардонам».

Фактычна дзьве савецкія спэцслужбы, якія канкуравалі паміж сабой, заблыталіся ва ўласных таемных дывэрсійных апэрацыях. Дзяржынскі тады быў значна больш уплывовым за Берзіна. І яму яўна не падабалася празьмерная актыўнасьць армейскай выведкі ў той сфэры, якую ОГПУ лічыла ўласнай дзялянкай. У выніку «актыўная разьведка» ў 1925 годзе была рашэньнем Палітбюро зьліквідаваная.

Хоць вырашальную ролю адыграла, відаць, ня гэта. Проста для Масквы стала відавочна, што заходняя мяжа перастала быць «прахадным дваром», а Польшча ўбіраецца ў сілу, разгайдаць яе дывэрсійна-падрыўной палітыкай ня ўдасца, а цана такіх вылазак робіцца непамерна вялікай. З моцнымі даводзілася лічыцца.

«Як гэта зразумець, таварыш Урублеўскі?»

Самі дывэрсанты былі надзвычай незадаволеныя і дэзарыентаваныя рашэньнем Масквы. За некалькі гадоў яны прывыклі добра жыць з рабаўніцтва. На тле агульнай галечы і разрухі, якія панавалі ў БССР, «салдаты ўдачы» Ваўпшасава і Арлоўскага жылі вельмі нават няблага.

У красавіку 1925-га Ваўпшасаў ужо сплянаваў новы дывэрсійны налёт на Ашмяны — падобны на папярэдні стаўпецкі, з разгромам мясцовай управы і рабаўніцтвам банка, пошты і крамаў. І тут раптам прыходзіць дырэктыва з Масквы: спыніць усе дывэрсіі. Вось як піша пра гэта ў сваіх ужо згаданых «Нататках чэкіста» сам Ваўпшасаў:

«Зь Вільні прыехаў упаўнаважаны ЦК. І кажа:

«Канчай партызаніць, Валожынаў („Валожынаў“ — гэта была „партызанская“ мянушка Ваўпшасава. — В.Б.) — Вось ліст ЦК КПЗБ да ўсіх партызанскіх атрадаў.

У вялікай трывозе і неўразуменьні ўзяў я гэту паперу. Цэнтральны Камітэт заклікаў нас спыніць партызанскія мэтады барацьбы і засяродзіцца на арганізацыйна-масавай працы сярод сялян.

— Як гэта зразумець, таварыш Урублеўскі?

— А вось так, сябры. Пераходзім да новай тактыкі. Калі ж працягваць па-старому, то загубім людзей і нашкодзім справе партыі.

...Я быў абураны. Гэтулькі гадоў правесьці ў лесе, у баях, і раптам усё ляціць да д’ябла.

— Паслухай, Урублеўскі, дазволь правесьці апошнюю апэрацыю, а ўжо потым распусьціць атрад.

— Не магу дазволіць. Выконвай партыйныя ўказаньні».

У чэрвені таго ж году атрад Ваўпшасава быў распушчаны. Да канца году спынілі існаваньне і іншыя дывэрсійныя групы. У чэрвені 1925-га толькі на тэрыторыі тагачаснага Навагрудзкага ваяводзтва было выяўлена і арыштавана, паводле савецкіх зьвестак, каля 1400 дывэрсантаў.

Такім чынам, трохгадовы пэрыяд савецкай «актыўнай выведкі», на працягу якога памежная паласа Беларусі скаланалася ад рабаўніцтваў, забойстваў і выбухаў, скончыўся.

Цені мінулага

Станіслава Ваўпшасава і Кірылу Арлоўскага ўлады Беларусі і сёньня лічаць героямі: іхнымі імёнамі яшчэ з савецкага часу названыя вуліцы, школы і калгасы. У 30-я гады ім, адрозна ад многіх іхных калегаў па дывэрсійным промысьле, удалося пазьбегнуць рэпрэсій: магчыма, таму, што абодва ў той час былі начальнікамі ўчасткаў ГУЛАГу на будаўніцтве канала Масква — Волга. Па-іншаму склаўся лёс іхнага непасрэднага кіраўніка: начальнік «Разведупра», армейскі камісар Ян Берзін у 1937-м быў арыштаваны як трацкіст, антысаветчык і латыскі нацыяналіст. І расстраляны ў 1938 годзе.

У сёньняшняй Польшчы і сёньня добра памятаюць той крывавы пэрыяд 1921-1925 гадоў. Сытуацыя цяпер вельмі нагадвае колішнюю. І правакацыі на мяжы, і антыпольская гістэрыя ў беларускіх і расейскіх мэдыя, і ўкараненьне шпіёнаў, і небясьпека дывэрсій (практыка якіх, дарэчы, выкарыстоўваецца і ў сёньняшняй расейска-ўкраінскай вайне: дастаткова згадаць прарыў дывэрсантаў у Белгародзкую вобласьць Расеі сёлета ў траўні).

Нельга сказаць, што той далёкі досьвед супрацьстаяньня дывэрсіям успрымаецца ў цяперашняй Польшчы цалкам як прыклад для перайманьня. Але ўрокі не забытыя. І, магчыма, галоўны зь іх — тое, што норавы, звычкі і тактыка імпэрскага суседа мала зьмяніліся за мінулае стагодзьдзе.

Віктар Багдзевіч, «Радыё Свабода»

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях