23 сентября 2019, понедельник, 13:13
Мы в одной лодке
Рубрики

У Менску адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай

У Менску адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай

Прэмія ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове, выдадзеную летась.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка ў сваёй прамове выказаў шкадаванне, што прэмія адна, а кніг цудоўных вельмі шмат, паведамляе «Радыё Рацыя».

У поўным спісе прэміі мелася 27 выданняў, у даўгім спісе – 10. А ў кароткім спісе прэтэндэнтаў на ўзнагароду апынулася тройка аўтараў: Уладзімір Арлоў з кнігай «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань», Марыя Мартысевіч – «Сарматыя», Надзея Артымовіч – «Краявід з невідочнай памылкай».

Пераможцу назвала каардынатарка прэміі Дар’я Бялькевіч:

– Марыя Мартысевіч, кніга «Сарматыя», выдавецтва «Янушкевіч».

- Ці плануюцца яшчэ нейкія імпрэзы ў межах прэміі? Можа прэс-канферэнцыя з аўтаркай? Ці будзе нейкае дадатковае выданне ейнай кнігі?

– У межах прэміі хутчэй за ўсё не будзе, але Марыйка Мартысевіч сама часта выступае з вершамі, і калі паглядзець у яе на Фэйсбуку, у ёй ёсць там цэлы расклад імпрэз на верасень менавітай з гэтай кнігай і з новымі вершамі. І наколькі я ведаю, урыўкі з гэтай кнігі пераклалі на рускую мову, і гэта будзе апублікавана ў часопісе, і магчыма гэта будзе такім штуршком для таго, каб выдаць кнігу па-руску праз нейкі час.

Прыз за найлепшую паэтычную кнігу сёлета складае 4000 беларускіх рублёў. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы», другім — Алесь Разанаў з кнігай «Перавыбранае». Трэцяй, такім чынам, стала Марыя Мартысевіч з «Сарматыяй».