23 ноября 2019, суббота, 2:59
Правда о «выборах»
Рубрики

Уладзімір Някляеў: Нам Беларусь – як кроў для сэрца, таму мы яе і адстаім

4
Уладзімір Някляеў: Нам Беларусь – як кроў для сэрца, таму мы яе і адстаім
УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ

Усе будзе добра.

Пра гэта адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў напісаў у «Фэйсбуку»:

- На ўсе прыватныя допісы і тэлефанаванні кшталту «а на каго ж ты нас пакінуў?» адказваў прыватна, але пасля аднаго допісу падумаў, што не зашкодзіць адказаць і публічна.

Дачка блізкай сяброўкі напісала: «Я з каляжанкай, яе зваць Аксана, яна таксама з Мінску, сканчаем вучобу ў Польшчы. І трэба прымаць рашэнне: тут застацца, ці вяртацца дахаты? Схіляемся да таго, каб вярнуцца. Але маці кажа, каб заставаліся. Кажа, што вы з'ехалі, бо ведаеце нешта нядобрае, што чакае Беларусь. Гэта так?»

Калі ўзнікаюць такія пытанні, дык дзякуй тым, хто прыдумаў мае «ўцёкі».

Аксана, Алеся, я ніколі не пакідаў – і не пакіну ніколі Беларусь. І з гэтым – кропка.

Што да чаканняў, добрых ці нядобрых, дык Бог ведае, што нас чакае. Калі выпрабаванні, дык тым больш трэба быць на Радзіме, каб дапамагчы ёй выстаяць. Але рашэнне кожны прымае сам.

Я буду дома. У Беларусі я жыву, а тут, у Швецыі, дзе я зараз, пішу. Як пісаў у Польшчы, у Фінляндыі. І хоць гэта для мяне амаль адно і тое, жыць і пісаць, але ўсё ж жыць – важней.

І яшчэ вельмі важна, няхай не болей важнае за жыццё, але і не меней, каб была ў нас Беларусь. Радзіма. Каб мы яе не згубілі, каб яе ў нас не забралі. Бо што тады нам пакідаць – і да чаго вяртацца?..

Прыляцеў са сноў, здалёк

Мімалётны матылёк.

І спытаўся матылёк:

«Ты куды ад нас уцёк?»

І сказаў я матыльку:

«Калі некалі, мой мілы,

Я кудысьці і ўцяку,

Дык на продкавы магілы.

Дзе радня. Дзе тайна тая,

Што блукае вечным сном

Пра жыццё, што пралятае

Мімалётным матыльком».

Ну і вось яшчэ што. Тым, хто зараз галаву ламае, як забраць у нас Беларусь, па вялікім рахунку яна без патрэбы. Хіба для галавы. Як гульня. А нам – для сэрца. Як кроў. Таму мы яе і адстаім.

Вяртайцеся, дзяўчаткі.

І хлопцы вяртайцеся.

Усе будзе добра.