13 декабря 2019, пятница, 7:41
Осталось совсем немного
Рубрики

Васіль Герасімчык: Сучаснікі называлі Каліноўскага апосталам беларускага народу

Васіль Герасімчык: Сучаснікі называлі Каліноўскага апосталам беларускага народу
Фота: Васiль Герасымчiк

Беларускія ўлады палохае вобраз Кастуся Каліноўскага.

Гутарка Свабоды з Васілём Герасімчыкам — гарадзенскім гісторыкам, які дасьледуе вызваленчае паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі 1863–64 гадоў і асобу Кастуся Каліноўскага, які кіраваў ім на беларускіх землях.

Вынікам працяглай працы ў архівах стала кніга «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда» — найбольш сыстэматызаваны збор біяграфічных зьвестак пра нацыянальнага героя Беларусі, выдадзены за апошнія дзесяцігодзьдзі.

За гэтую кнігу днямі ён быў угаранаваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча, якую ўручае Беларускі ПЭН-цэнтар за «найлепшую гістарычную прозу, якая спрыяе абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці і нацыянальнай незалежнасьці чытачоў».

Выдаць кнігу праз краўдфандынг не атрымалася

— Вялікі гонар атрымаць прэмію ПЭН-цэнтру, якая мае даўнюю традыцыю і ляўрэатамі якой у розныя гады станавіліся такія важкія для сёньняшняй Беларусі асобы, як Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алесь Краўцэвіч, — кажа Васіль Герасімчык. — Карыстаючыся магчымасьцю, выказваю падзяку за ўзнагароду Радзе ПЭНу, а таксама нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч, якая падтрымала прэмію імя Францішка Багушэвіча.

— Васіль, колькі часу заняла праца над кнігай «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда»? Зь якіх крыніц чэрпаліся зьвесткі?

— Зьвесткі зьбіраў агулам 8 гадоў, яшчэ з часу навучаньня ў Расейскім дзяржаўным гуманітарным унівэрсытэце ў Маскве і ў Торуньскім унівэрсытэце імя Мікалая Каперніка. Там я працаваў над навуковым дасьледаваньнем па праблемах ідэнтычнасьці Кастуся Каліноўскага і адлюстраваньня ягонага вобразу ў гістарыяграфіях розных краін.

Дапамаглі матэрыялы Нацыянальнага архіву Беларусі ў Горадні — найбагацейшага сховішча зьвестак пра тагачасныя падзеі і непасрэдна пра асобу Каліноўскага. Празь сяброў і знаёмых меў доступ да дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў Вільні і Пецярбургу. Працаваў таксама ў Гістарычнай бібліятэцы ў Маскве, дзе сабраная велізарная калекцыя выданьняў, у тым ліку пра паўстаньне і яго ўдзельнікаў.

Да напісаньня кнігі прыступіў у 2016-м і збольшага яе завяршыў да лютага наступнага году. Спрабаваў выдаць праз краўдфандынг. Не атрымалася. Не ўдалося гэта зрабіць і ў адным зь менскіх выдавецтваў. Але новая інфармацыя, якія трапіла мне ў рукі ўвосень 2017 году і яшчэ не была ўведзеная ў навуковы абарот у Беларусі, а да таго ж магчымасьць папрацаваць зь літоўскімі калегамі, прывялі да таго, што кнігу я перапісаў наноў і выдаў за ўласныя сродкі, плюс дапамога сяброў, якраз да 180-годзьдзя з дня нараджэньня вялікага сына беларускай зямлі — 2 лютага 2018-га.

Каліноўскі ўладам цяперашняй Беларусі непатрэбны

— Яшчэ нейкі час таму бальшыня беларускіх адмыслоўцаў лічылі, што ідэнтыфікаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага наўрад ці калі ўдасца. І вось сэнсацыя — гэта ўдалося зрабіць калегам зь Літвы. Як вы ацэньваеце іх працу?

— Пры правядзеньні дасьледаваньняў паўстанцаў 1863–64 гадоў, выяўленых на Замкавай гары ў Вільні, на самым высокім узроўні перш за ўсё спрацавалі археолягі Гіціс Грыжас і Валдас Сьцяпанайціс, антраполягі Рымантас Янкаўскас і Юстына Казакайце.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі дзякуючы супадзеньню спосабу пакараньня, месца і характару пахаваньня, узросту, а таксама праз параўнаньне чэрапа з фатаздымкамі. Але для канчатковай упэўненасьці патрэбная генэтычная экспэртыза. Усё ж Каліноўскі — адна з ключавых постацяў айчыннай гісторыі, і ўсё, што адбываецца сёньня, спамянуць нашчадкі празь дзясяткі, а можа і сотні гадоў.

— Перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў заплянаванае ўвосень на віленскіх могілках Росы. Як вы лічыце, ці варта дамагацца вяртаньня нацыянальнага героя на радзіму? Або лідэру паўстанцаў наканавана быць побач са сваімі паплечнікамі?

— Перапахаваньне Кастуся Каліноўскага разам з паплечнікамі ў Вільні — у сёньняшніх умовах гэта найлепшы варыянт. У такім разе ён будзе ўшанаваны. У Беларусі, як паказвае стрыманае, мякка кажучы, стаўленьне ўладаў, такое проста немагчыма. Каліноўскі ў Беларусі проста непатрэбны. І гэта нягледзячы на тое, што яго вобраз як народнага змагара і абаронцы спрычыніўся да зьяўленьня і станаўленьня самой нашай дзяржавы. Вобраз, які натхняе не адно пакаленьне беларусаў на працу ў імя Бацькаўшчыны.

Нават у «Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці» (2019), выдадзенай Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Каліноўскі названы постацьцю, якая сфармулявала беларускую нацыянальную ідэю ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя: змаганьне «за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную».

У дадзеным выпадку прыкра, што асабістыя меркаваньні пэўных асобаў пераважваюць шматгадовую традыцыю вывучэньня Каліноўскага ў нашай краіне. Аднак я не выключаю, што калісьці паўстане пытаньне вяртаньня парэшткаў беларускага нацыянальнага героя на Радзіму, каб ушанаваць яго належным чынам менавіта тым народам, якому ён прысьвяціў свой перадсьмяротны запавет і ў імя змаганьня за правы якога ўзышоў на шыбеніцу.

Сучасьнікі называлі яго «апосталам беларускага народу»

— Скажыце, якія новыя, раней невядомыя факты адкрыліся ў працэсе дасьледаваньня?

— Чытачоў павінны зацікавіць пратаколы, складзеныя сьледчымі расейскай адміністрацыі. Напрыклад, як вынікае з допыту паўстанца Вітольда Парфяновіча, які потым, уласна кажучы, і здаў Каліноўскага, сустракаючыся на кансьпіратыўных кватэрах, паплечнікі віталі адзін аднаго воклічам: «Каго любіш?». Трэба было адказаць: «Люблю Беларусь!». І той, хто пачынаў, мусіў завяршыць: «Дык узаемна!».

Новыя факты сямейнай гісторыі Каліноўскіх, зьвесткі пра тыя паўгода, што Кастусь правёў у Маскве, некаторыя моманты яго навучаньня ў Пецярбургу і дзейнасьці брата Віктара. Зноў жа, заснаваньне і праца Горадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі — хоць пра гэта, здавалася б, і так шмат напісана. Канфлікт з Варшаўскім цэнтрам падрыхтоўкі паўстаньня, стварэньне і дзейнасьць камітэту ў Вільні...

Насамрэч шмат новых рэчаў у гэтай кнізе, у тым ліку на ўзроўні побыту і асабістых стасункаў у паўстанцкім асяродзьдзі, што адрозьнівае яе ад папярэдніх выданьняў. Тым больш што апошняя да таго біяграфія Каліноўскага пабачыла сьвет амаль два дзясяткі гадоў таму.

— Каліноўскі быў зусім малады, калі пайшоў на шыбеніцу — усяго 26 гадоў. Тым ня менш ён пасьпеў атрымаць багата жыцьцёвага досьведу...

— У кнізе я паспрабаваў паказаць Каліноўскага як асобу, якая шукае сябе, паказаць, як зьмяняецца яго сьвядомасьць, перш чым прыйсьці да звароту «Да люду беларускага» — як сам ён назваў «Лісты з-пад шыбеніцы». Праблема, нават «загадка Каліноўскага» — у тым, што ён шмат у чым быў пачынальнікам, імкнучыся патлумачыць словамі тое, што адчуваў і прадбачыў.

І розныя людзі, якія сутыкаліся зь ім, разумелі гэта па-рознаму. Адны бачылі «ліцьвінскага сэпаратыста», другія — «польскага Рабэсп’ера», трэція — «апошняга з магіканаў», чацьвёртыя — «караля Літвы», «дыктатара Літвы і Беларусі». Але нават сучасьнікі зь ліку палякаў, якія блізка яго ведалі, разгледзелі «апостала беларускага народу» і «пачынальніка беларускай літаратуры». Вось так, проста і ёміста.

Працяг будзе: яшчэ шмат засталося недасьледаванага

— Ці будзе працяг кнігі? Верагодна, архівы хаваюць яшчэ нямала цікавых таямніцаў?

— Я працягваю займацца асобай Кастуся Каліноўскага. Толькі за апошні год сабралася багата матэрыялу. Магчыма, калісьці кніга будзе і перавыдадзена. Але лічу, што найперш патрэбна выданьне, прысьвечанае ўсім паўстанцам, асуджаным на сьмерць на тэрыторыі Беларусі — а прысуды прыводзіліся ў выкананьне і пасьля 1864 году. Так, адзін зь іх, Тэлесфар Халева, быў пакараны сьмерцю 8 красавіка 1865-га ў ваколіцах Бараўлянаў.

Ушанаваньня вартыя і ўраджэнцы беларускай зямлі, забітыя ў сёньняшніх Польшчы і Літве — у тым ліку пахаваныя ў Вільні (літоўскія навукоўцы якраз рыхтуюць зборнік пра знойдзеных паўстанцаў). Яшчэ ўвосень мінулага году я спрабаваў сабраць сродкі на яе праз краўдфандынг. Але, відаць, краўдфандынг — гэта не маё.

— Польшча і Літва стрыманыя ў ацэнцы асобы Каліноўскага. У школьных падручніках яму адводзіцца мінімальная ўвага або ён ня згадваецца зусім. Здаецца, туды ж зрушваюць праўладныя навукоўцы і ў Беларусі, раз-пораз даводзячы, што гэта «польскі паўстанец».

— У Польшчы і Літве сваё бачаньне гісторыі, дзе месца Каліноўскага далёка ня ў першых шэрагах. Падручнікі — таму яскравае пацьверджаньне. Адрозна ад Беларусі, дзе гэта адна з ключавых постацяў. Для беларусаў Каліноўскі — нацыянальны герой. Тое адлюстроўвае і беларуская афіцыйная гістарыяграфія.

Але ёсьць асобы, меркаваньні якіх пераважваюць пазыцыі цэлых навуковых устаноў. Тут справа не ў гісторыі, а ў палітыцы і страху перад пэўным «вобразам Каліноўскага», зь якім сёньняшнія ўлады не жадаюць працаваць нават на тым узроўні, як у часы БССР.

Пахаваньні паўстанцаў у Беларусі чакаюць дасьледчыкаў

— Расейская акупацыйная адміністрацыя асудзіла на сьмерць амаль дзьве сотні ўдзельнікаў паўстаньня 1863–64 гг., больш за 850 былі сасланыя на катаргу, тысячы забітыя ў баях з расейскімі атрадамі. Многія — родам зь Беларусі, аднак памяць пра іх практычна адсутнічае.

— Памяць пра многія падзеі беларускай мінуўшчыны адсутнічае, бо гэтае поле было мэтанакіравана зачышчанае. І паўстаньне 1863–1864 гадоў у гэтым пляне не выключэньне. Аднак на беларускай зямлі шмат пахаваньняў удзельнікаў паўстаньня, месцаў бітваў і сутычак, якія яшчэ чакаюць свайго дасьледчыка.

Багатыя матэрыяламі і архівы Беларусі. Напрыклад, у 2016 годзе пабачыў сьвет біяграфічны слоўнік аўтарства Дзьмітрыя Матвейчыка, ляўрэата прэміі Францішка Багушэвіча 2013 году. У ім зьмешчаныя біяграмы 7053 удзельнікаў паўстаньня. Усяго ж праз збройны канфлікт у Беларусі і Літве прайшлі ад 68 да 77 тысяч чалавек, зь іх амаль 6 тысяч былі забітыя.

— Якія яшчэ асобы, з вашага гледзішча, адыгралі найбольш заўважную і значную ролю ў паўстаньні 1863–64 гадоў?

— На тэрыторыі Беларусі найбольшы ўплыў, акрамя Кастуся Каліноўскага, аказала дзейнасьць Рамана Рагінскага зь яго 750-кілямэтровым маршам углыб Палесься. Гэтаксама Людвік Нарбут, будучы генэрал Парыскай камуны Валеры Ўрублеўскі, Аляксандар Лянкевіч, Казімір Кабылінскі, Апалін Гафмэйстар, Якуб Гейштар, Людвіг Зьвяждоўскі, Міхал Аскерка, Францішак Юндзіл, Уладзіслаў Борзабагаты... За шэраг герояў ужо браліся дасьледчыкі, але яны ўсё роўна пакуль застаюцца быццам у цені.

Лёс ордэна Каліноўскага

У 1995 годзе дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ініцыявалі ўвядзеньне ордэна Кастуся Каліноўскага, які меўся ўручацца за «самаадданы ўчынак, мужнасьць і адвагу». На наступны год зьявіўся адпаведны прэзыдэнцкі ўказ. Аднак у 2004-м на загад Аляксандра Лукашэнкі знак дзяржаўнай пашаны быў заменены адразу чатырма ўзнагародамі савецкага ўзору (За службу Радзіме, За асабістую мужнасьць, Дружбы народаў, ордэн Пашаны). Ніводзін беларус так і ня стаў кавалерам ордэна Каліноўскага.