26 ноября 2024, вторник, 16:28
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Валянцін Голубеў: З гэтага пачалася беспакаранасць і уседазволенасць улады

26
Валянцін Голубеў: З гэтага пачалася беспакаранасць і уседазволенасць улады

18 год таму прайшоў незаконны рэфереэндум па змене дзяржаўнай сімволікі Беларусі.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Валянцін Голубеў у інтэрв'ю сайту charter97.org распавёў пра тое, як гэта адбывалася.

- Сёння - гадавіна рэферэндуму, які быў праведзены Лукашэнкам 14 траўня 1995 года. Пасля яго рускай мове надалі статус другой дзяржаўнай, а таксама вярнулі крыху змененую савецкую сімволіку. У чым прычына адмоўных адносінаў уладаў да бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня» і беларускай мовы?

- Я да сённяшняга дня ўпэўнены, што сярод чатырох пытанняў, якія былі вынесеныя на рэферэндум, тыя, што тычыліся сімволікі і мовы, былі не самымі галоўнымі для Лукашэнкі. Думаю, што яны былі ўключаныя ў спіс у першую чаргу для таго, каб адцягнуць увагу ад абмеркавання галоўнага, чацьвёртага пытання. Першае пытанне рэферэндуму тычылася змены сімволікі, другое - надання рускай мове статусу дзяржаўнай, трэцяе - пра падтрымку эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Самым галоўным было апошняе - наконт права прэзідэнта распускаць парламент. Канешне, для людзей самымі вострымі былі пытанні пра сімволіку і мову. Яны таксама былі важнымі і для Лукашэнкі, але не галоўнымі. Напачатку ён не выступаў супраць бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні». Хутчэй за ўсё ён пайшоў на гэта з-за таго, што нацыянальныя сімвалы ўжываліся адначасова кіраўніком дзяржавы і дэмакратычнымі, апазіцыйнымі сіламі. Мяркую, што Лукашэнку было непрыемна, некамфортна прадстаўляць уладу пад тым жа сцягам, пад якім выступалі тыя, хто яго крытыкаваў. У выніку адбылося размежаванне грамадства не толькі паводле адносін да прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, але і па сімволіцы, якой яны карыстаюцца. За ўладай засталася трохі змененая савецкая сімволіка, за дэмакратычнай апазіцыяй – нацыянальная.

- Калі гэтыя пытанні былі не самымі галоўнымі, ці была магчымасць дабіцца таго, каб іх не ўключалі ў спіс, які выносіўся на рэферэндум?

- Я пра гэта шмат думаў і зараз узгадваю, як разгортваліся падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх быў сам. Пытанне пра сімволіку было не галоўным, але важным. Лукашэнка быў на пасадзе прэзідэнта на той час менш за год і адчуваў даволі вялікую падтрымку з боку грамадства. Таму ён у той час мог правесці практычна любое рашэнне, пажаданае для яго. Разам з тым, відавочна, што вынясеннем на рэферэндум пытанняў пра мову і сімволіку Лукашэнка даваў сігнал Расіі аб тым, што тут можна ажыццявіць шмат з таго, пра што ў Маскве марылі пасля распаду СССР, перш за ўсё - ў моўным пытанні. З іншага боку, для  Лукашэнкі гэта была праверка ўзроўню падтрымкі ў грамадстве. Толькі пасля перамогі на рэферэндуме 1995 года ён змог рашыцца правесці ў 1996 годзе рэферэндум пра змяненне Канстытуцыі на сваю карысць.

- Але ці было вынясенне на рэферэндум пытанняў, звязаных са зменай дзяржаўнай сімволікі і ўвядзеннем другой дзяржаўнай мовы, законным?

- Паводле заканадаўства і Канстытуцыі, гэтыя два пытанні выносіцца на рэферэндум не маглі. Таму дэпутаты апазіцыі выступілі супраць і аб'явілі галадоўку ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года ў залі паседжанняў Вярхоўнага Савета. Парламент таксама спачатку не даваў згоды на вынясенне гэтых пытанняў на рэферэндум. Большасць юрыстаў сцвярджала, што, калі і выносіць такія пытанні на рэферэндум, то яны могуць мець толькі кансультатыўны характар.

- Рэферэндум і падзеі, якія з ім звязаныя, у тым ліку - збіццё спецслужбамі вас і вашых калег, якія абвясцілі галадоўку у знак пратэсту супраць яго правядзення, лічаць кропкай, з якой пачалося фармаванне дыктатуры.

- Я таксама так лічу. Пра гэта я сказаў у сваім выступе 12 красавіка ў Вярхоўным Савеце ў прысутнасці Лукашэнкі. Таксама пра гэта гаварылі падчас прэс-канферэнцыі, што прайшла пасля збіцця дэпутатаў. Гэта сапраўды так. Упершыню у парламенце ўжылі фізічную сілу супраць дэпутатаў, не змаглі знайсці вінаватых у гэтым. Па сутнасці, з гэтага пачалося пашырэнне беспакаранасці, уседазволенасці і незаконнасці з боку выканаўчай улады, якую тады ўзначальваў Лукашэнка.

Незваротныя змены ў фармаванні дыктатуры адбыліся праз год - пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 году. Ён быў больш шкодным па сваіх наступствах. Адна справа - змена сімволікі: бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» нікуды не падзеліся, яны засталіся ў душы, у сэрцы, у нашых хатах. Яны не зніклі. А вось змена палітычнай сістэмы - значна страшней. Рэферэндум 1995 году не прынес радыкальных зменаў  палітычнай сістэмы. Ён паўплываў на настрой. Сімволіку і мову захаваць прасцей, чым змяніць Канстытуцыю.

- У апошні тыдзень тэма беларускіх нацыянальных сімвалаў стала больш актуальнай з-за падзеяў, якія адбыліся падчас Чэмпіянату свету па хакеі. Як вы лічыце, чаму нашым заўзятарам забаранілі ўздымаць бел-чырвона-белыя сцягі падчас матчаў у Стакгольме?

- Мяркую, што паўплывалі вельмі цесныя адносіны паміж Міжнароднай федэрацыяй хакея і беларускімі ўладамі. Натуральна, што перад Чэмпіянатам з Мінска пайшлі туды добрыя грошы. Упэўнены, што ад беларускага боку проста паступіла просьба-патрабаванне наконт сцягоў. Не ведаю, чым кіравалася МФХ. Магчыма тым, што наступны Чэмпіянат свету яны запланавалі ў Мінску, і, калі ён адбудзецца, то будзе праходзіць пад афіцыйным чырвона-зялёным сцягам. Федэрацыя пайшла на значнае парушэнне правоў заўзятараў, калі стала вырашаць, якой сімволікай карыстацца беларусам. Гэта не яе справа.

- Вы вядомы не толькі як палітык, але і як гісторык. З якімі складанасцямі сёння сутыкаюцца даследчыкі гісторыі Беларусі?

- Сёння вывучаць гісторыю прасцей, чым у часы Савецкага Саюза. «Жалезнай заслоны» больш няма, і для беларускіх даследчыкаў адкрытыя архівы ўсёй Еўропы. Але гэта тычыцца ў асноўным гісторыі Беларусі дасавецкага перыяду. Што да гісторыі ХХ стагоддзя, то многія крыніцы недаступныя для маіх калегаў, якія ёй займаюцца. Закрытыя архівы КДБ і МУС. Зноў сталі вельмі «куцыя» падручнікі ў школах, скараціўся курс гісторыі Беларусі ў вышэйшых навучальных установах. Ёсць уплыў з боку афіцыйных структураў на тлумачэнне шэрагу падзеяў і іх ацэнак. Напрыклад, Кастусь Каліноўскі нават у часы СССР адназначна ацэньваўся як змагар за дзяржаўнасць, як дэмакрат і станоўчая асоба для нашай краіны. Сёння ж многія афіцыйныя гісторыкі кажуць зусім іншае. Падобныя разбежкі ёсць у ацэнцы Вялікай Айчыннай вайны, яе вынікаў, сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтыя супярэчнасці будуць вырашаныя толькі тады, калі дзяржава зменіць сваё стаўленне да гэтых падзеяў, дасць ім справядлівую і крытычную ацэнку.

- Ці можна тое ж самае сказаць і пра адносіны для нацыянальных сімвалаў? Калі можа быць знятая забарона на іх ужыванне? Калі ім можа быць вернуты статус дзяржаўных?

- Рана ці позна гэта адбудзецца. Гвалтоўным чынам сімволіку не мяняюць. Змены пад прымусам грамадства калі і прымае, то доўга памятае пра гэты прымус. Менавіта гэта паказаў рэферэндум 1995 году. У гісторыі Беларусі пытанне дэмакратыі і пытанне нацыянальнай сімволікі звязаныя паміж сабой. Вяртанне да яго адбудзецца тады, калі пачнуцца перамены. Перакананы, што дэмакратычная дзяржава не можа выступаць пад камуністычнымі сімваламі, сімваламі, звязанымі з палітыкай прымусу адносна гэтай дзяржавы і яе грамадзян.

Написать комментарий 26

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях