2 ноября 2024, суббота, 1:28
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сяргей Казакоў. Партрэт на фоне кратаў

18

Сяргей нарадзіўся ў Расеі, але яшчэ ў гадавалым узросьце пасьля разводу бацькоў вярнуўся з мамай на яе радзіму ў Менск.

Зь дзяцінства праявілася ягоная творчая натура —яшчэ ў малодшых клясах школы спрабаваў напісаць кнігу, фэнтэзі. На жаль, не дапісаў — натхненьне пакінула, як тлумачыў Сяргей. У школе быў удзельнікам Клюбу вясёлых і знаходлівых, завадатарам і ініцыятарам шматлікіх конкурсаў, цікавых спраў.

Выхоўвалі Сяргея маці і бабуля, у сям'і яшчэ расла малодшая сястра. У 16 гадоў пайшоў працаваць, каб дапамагаць маці. Як сам тлумачыў, не хацеў сядзець у мамы на шыі. Ня грэбаваў ніякай працай — грузчыкам, на будоўлі, развозіў садавіну-гародніну па крамах.

Вельмі любіць чытаць, глытае фантастыку. Але галоўнае захапленьне Сяргея — музыка. Граць на гітары і бас-гітары навучыўся самастойна, быў гітарыстам у беларускамоўных рок-гуртах (у адным зь іх граў да самага арышту). Гэта быў яго любімы занятак, у які ён укладаў душу. Меў сур’ёзны намер паступаць вучыцца ў музычную навучальную ўстанову, але ня выйшла. Нягледзячы на адсутнасьць музычнай адукацыі, музыкант ён ад Бога. Сяргей заўсёды надзвычай імпазантна выглядаў на сцэне, у яго вельмі адметнае, запамінальнае аблічча.

Сяргей — адзін з самых адкрытых і шчырых людзей з усіх маіх сяброў і знаёмых. У ім надзвычай гарманічна спалучаецца фізычная і духоўная прыгажосьць. Ён ніколі ня мог злавацца на людзей, але заўсёды казаў наўпрост, што думае пра чалавека, часьцяком пакутаваў з-за сваёй прынцыповасьці. Зь ім заўсёды было вельмі лёгка кантактаваць. Магчыма, таму ў яго вельмі шмат сяброў.

Калі мы зь Сяргеем пазнаёміліся, яму было 18 — здаецца, ня так і шмат. Але ён ніколі не рабіў пасьпешлівых высноваў, заўсёды ўзважваў кожнае слова. У мяне было адчуваньне, што ён значна старэйшы за свае 18 гадоў, у яго не было юнацкага максымалізму. Ён заўсёды быў гатовы даць параду, дапамагчы, падтрымаць.

Сяргей быў актывістам кампаніі "Эўрапейская Беларусь". 27 студзеня Сяргея забралі з працы. Ён пасьпеў паведаміць, што яго вязуць на Акрэсьціна. Зараз яго трымаюць на "Валадарцы". Прыйшлі зь ператрусам ня толькі да Сяргея і маці, але і да бабулі, забралі кампутары і Сяргея, і ягонага дзядзі. Сяргеевай маці Сяргея, Ганьне Віктараўне, тыдзень таму дазволілі спатканьне. Казала, што ў яго праблемы са здароўем, у вязьніцы ў 19 гадоў узьняўся ціск, перахварэў на ангіну. Але і на спатканьні трымаўся вельмі бадзёра. У лістах таксама піша, што ўсё добра і цудоўна. Мама нават пажартавала: маўляў, паверыла б, што піша з санаторыя, каб ня штампік на канвэрце...

Сярожавы сябры напісалі песьню пра яго:

Ты той, хто праўды шлях абраў,
На дне вачэй чужых шукаў,
Даваў надзею, абяцаў
Перамагчы!
За крокам крок, і кожны раз
Даваў упэўнены адказ,
Сабе ня здрадзіў ты ані!
Твой сьвет — ад мора да нябёс,
І ў сэрцы — мора цеплыні,
Мы ганарымся, што ты ёсьць.
Моманты расстаньня,
Чысты сымбаль цноты,
Толькі ты.
Беды і няшчасьці,
Войны і сьвітанкі,
Як заўжды.
Цішыня і роспач,
Дабрыня і злоба,
Боль і страх.
Толькі не загіне
Зіхаценьне сьвету
У тваіх вачах,
У тваіх вачах.
Калі замкнецца кола зноў
І сьцісьне горла гнеўны рок
У згодзе з сумам і журбой —
Ты узгадаеш шэраг слоў,
З каленяў ўстанеш, зробіш крок
І па-ранейшаму у бой.
Ты той, хто праўды шлях абраў
На дне вачэй чужых шукаў
Даваў надзею, абяцаў
Перамагчы!
Моманты расстаньня,
Чысты сымбаль цноты —
Толькі ты.
Беды і няшчасьці
Войны і сьвітанкі
Як заўжды...
Цішыня і роспач,
Дабрыня і злоба,
Боль і страх.
Толькі не загіне
Зіхаценьне сьвету
У тваіх вачах,
У тваіх вачах.

Ганна, сяброўка Сяргея Казакова

«Радыё Свабода»

Нарадзіўся 12 лютага 1992 года ў Ленінагорску ў Расеі. Скончыў менскую сярэднюю школу № 85. Сур'ёзна захапляўся музыкай. Актывіст грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь". Быў затрыманы 27 студзеня ў якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 КК. Зараз пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.

Написать комментарий 18

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях