29 красавiка 2024, панядзелак, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Некалькі дзён, што мне давялося пабыць у Беларусі, у мяне зашкальваў пульс»

22
«Некалькі дзён, што мне давялося пабыць у Беларусі, у мяне зашкальваў пульс»

Праграміст распавёў, як ездзіў у Менск прадаваць кватэру.

Кірыл пераехаў у Польшчу ў першых днях 2021 года і з таго моманту ні разу не ездзіў у Беларусь. А потым давялося: на сваё жыллё ў Польшчы не ставала грошай, затое ў Менску пуставала кватэра. Ён расказаў каналу Dzik Pic, як гэта было.

- Я тры гады не ездзіў у Беларусь: спачатку былі кавідныя абмежаванні, потым скасаванне авіязлучэння, а потым - банальны страх. У мяне былі пэўныя рызыкі, што менавіта мяне могуць затрымаць. Зрэшты, нават калі б іх не было, я б без патрэбы ў Беларусь не паехаў, бо калі ты доўгі час жывеш у бяспецы, нават 1% адыгрывае вялікую ролю.

Я чытаў, як затрымлівалі людзей, якія вярнуліся з Літвы ці Польшчы і не хацеў выпрабоўваць лёс. Урэшце занадта высокі кошт — мая бяспека і свабода.

Шчыра кажучы, я бачыў сваё вяртанне ў Менск толькі ў страшных снах (у поўным сэнсе гэтага слова - думаю, многія, хто пераехаў, ведаюць гэтую з'яву).

Але мы з жонкай надумалі набываць кватэру ў Варшаве, і ў канцы 2023 года нам спатрэбіліся грошы. А для гэтага трэба было неяк паспрабаваць прадаць кватэру ў Менску. Надумалі рызыкнуць, але звёўшы ўсе магчымыя рызыкі да мінімуму.

Я выставіў адэкватную цану (крыху больш, чым кватэра каштавала мне) і пакупнік знайшоўся даслоўна за дзень. Прадаваў праз агенцтва, таму ўсе дакументальныя пытанні мне дапамаглі развязаць. Мне трэба было толькі прыехаць на момант угоды, бо даверанасці ў нас не было.

Ехаць праз наземную мяжу з Польшчай я не рызыкнуў, бо да мяне відавочна былі б пытанні.

У выніку паехаў на аўтобусе з Гданьску ў Калінінград, а адтуль самалётам у Маскву. Я разумеў, што мяне наўрад ці стануць затрымліваць у Расеі, ды і дакументы тамака правяраюць толькі супрацоўнікі авіякампаніі. Вось ляцець з Калінінграда адразу ў Менск я бы сапраўды не стаў.

На месцы высветлілася, што расейскія авіякампаніі не прымаюць польскія і нават беларускія банкаўскія карткі. Давляося шукаць знаёмых у Расеі, хто зможа купіць білет.

Пасля самалёта была нейкая напаўразваленая маршрутка да Менска, на цягніку я не паехаў - трэба купляць білет са сваім пашпартам.

Безумоўна, я не карыстаўся беларускай сімкай і старым тэлефонам, не паведамляў нікому аб сваім прыездзе. Нават маці не ведала, што я прыехаў.

Мае знаёмыя, якія праз некалькі гадоў эміграцыі ездзілі ў Беларусь, казалі прыкладна адно і тое ж: страшна, калі ты думаеш пра паездку, а калі знаходзішся ў Менску - страх знікае.

Дык вось, нічога падобнага: некалькі дзён, што мне давялося пабыць у Беларусі, у мяне зашкальваў пульс (пра гэта добрасумленна паведамлялі мае Apple Watch) і я баяўся нават выйсці з дому (ну як, з дому, я начаваў у сяброў).

Маці я ў выніку таксама наведаў мімалётам, зладзіў ёй сюрпрыз. І, карыстаючыся выпадкам, мы надмалі зрабіць даверанасць.

Дзеля гэтага паехалі ў адзін з райцэнтраў і пайшлі да натарыуса, які знаходзіўся ў мясцовым будынку суда. Увайсці туды можна праз стандартную прахадную, на якой сядзіць супрацоўнік міліцыі і правярае ўсіх на ўваходзе. Ён папрасіў нашы пашпарты: маці аддаў хутка, а мой пашпарт узяў у рукі, нешта там правяраў і накіраваўся да выхаду са сваёй кабінкі.

Я гляджу на яго, а ён мэтанакіравана ідзе да мяне. Гэта быў самы страшны момант за ўсю паездку. І тут ён кажа: "Давайце праверым, што ў вас у заплечніку". Цяпер смешна, але тады я ледзь не памёр са страху.

Як толькі я скончыў угоду з кватэрай, праз гадзіну ўжо ехаў маршруткай назад у Маскву, каб вылецець у Калінінград. Толькі калі прайшоў расейска-польскую мяжу, я нарэшце выдыхнуў – адчуў сябе ў бяспецы і пачаў шанаваць сваё жыццё ў Польшчы яшчэ больш”.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках