Навукоўцы: Радасць ад жыцця можна трэніраваць
15- 14.03.2024, 20:14
- 7,522
Для гэтага трэба выконваць асаблівыя практыкаванні.
Навукоўцы настойліва вывучаюць шчасце – суб'ектыўны дабрабыт, як яны называюць гэты эфемерны стан. І часам даказваюць метады, якія, на іхнюю думку, дапамагаюць яго дасягнуць.
Апошняе «вынаходства» належыць брытанскім навукоўцам з Брыстольскага ўніверсітэта (School of Psychological Science, University of Bristol, UK) і іх амерыканскім калегам з Ельскага ўніверсітэта (Department of Psychology, Yale University, USA). Даследаванне, якое яны правялі пры самым актыўным удзеле студэнтаў Брыстальскага ўніверсітэта, прадэманстравала: здольнасць адчуваць шчасце можна трэніраваць нібы мышцы. І аналагічным чынам нарошчваць сілу, але ўжо не цягліцаў, а адчуванняў.
Студэнты «трэніраваліся і нарошчвалі» паводле методыкі, распрацаванай для іх навукоўцамі. Курс быў прымеркаваны на некалькі месяцаў.
«Трэніравальнікі», займаючыся ментальным фітнэсам ці фітнэсам шчасця, як яго яшчэ называюць, рэгулярна шпацыравалі на свежым паветры, размаўлялі з незнаёмымі людзьмі, дарылі адно аднаму падарункі, але галоўнае – яны прымушалі сябе думаць аптымістычна.
З наступных апытанняў высветлілася: у тых, хто прайшоў курс «трэніровак», палепшыліся і настрой, і самаадчуванне – у сярэднім на 15 адсоткаў.
Пра сваё даследаванне навукоўцы расказалі ў часопісе Higher Education.
Адметна, што праз год пра паляпшэнні паведамілі толькі тыя студэнты, якія прадоўжылі займацца. Гэта значыць, ментальны фітнэс, як і традыцыйны – фізічны – нельга кідаць. Інакш усе поспехі пойдуць упустую.
«Трэнеры» мяркуюць, што толк ад «трэніровак» з'яўляецца ад таго, што тыя актывізуюць цэнтры ўзнагароджання ў мазгах. А адчуванні эмацыйнага ўздыму, прыліву сілаў, а часам нават эйфарыі ўзнікаюць пад дзеяннем гармону дафаміну, выпрацоўка якога ўзмацняецца.
Прафесар Нікалас Крыстакіс з Гарварда і прафесар Джэймс Фаўлер з Універсітэта Каліфорніі ў Сан-Дыега запэўніваюць, што шчасце заразнае. Падчапіць інфекцыю, на думку навукоўцаў, можна, калі праводзіць больш часу побач з шчаслівымі людзьмі. Напрыклад, шчаслівыя суседзі на 34 адсоткі павышаюць шанцы атрымаць уласнае шчасце.
Дарэчы, прафесары мяркуюць, што заразнае ці не ўсё навокал. Ад блізкага можна падчапіць: дэпрэсію, атлусценне, алкагалізм, прыхільнасць да тытуню, да бязладных палавых сувязяў. Роўна як, маючы зносіны з узорным асяроддзем, можна выпрацаваць ахоўную рэакцыю ад усяго непрыемнага – свайго кшталту імунітэт.