28 красавiка 2024, Нядзеля, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Adidas паведаміў пра першыя страты за 30 гадоў

6
Adidas паведаміў пра першыя страты за 30 гадоў

Названая галоўная прычына.

Нямецкі гігант спартовага адзення Adidas 13 сакавіка зафіксаваў першыя гадавыя страты за апошнія 30 гадоў. Кампанія папярэдзіла, што продажы ў Паўночнай Амерыцы зноў упадуць, паколькі рытэйлеры спартовага адзення ў ЗША маюць вялікія запасы, пішуць Retaildetail і Reuters.

Паказнікі кампаніі ўпалі з €612 млн прыбытку ў 2022 годзе да €75 млн стратаў у 2023-м. Такое рэзкае падзенне адбылося пасля таго, як у кастрычніку 2022 года Adidas разарваў супрацоўніцтва з рэперам Канье Уэстам, спыніўшы продажы высокапрыбытковай лінейкі красовак Yeezy.

У 2023 годзе генеральны дырэктар Б'ёрн Гульдэн аднавіў продажы красовак Yeezy, каб прадаць рэшткі запасаў, адначасова імкнучыся павысіць папулярнасць такіх прадуктаў, як красоўкі Samba і Gazelle, і палепшыць стасункі з рытэйлерамі. З таго часу, як ён заступіў на пасаду ў студзені 2023-га, акцыі Adidas пачалі падымацца ў кошце, апярэджваючы Nike і Puma.

Продажы адзення ўпалі на 13% у чацвёртым квартале, у той час як продажы абутку выраслі на 8%. Adidas робіць вялікую стаўку на вінтажныя мадэлі, выкарыстоўваючы трэнд на нізкія красоўкі.

У цэлым продажу ўпалі на 5% – да € 21,4 млрд, пераважна праз негатыўны ўплыў валютных курсаў. Асабліва несуцяшальнымі былі продажы ў Паўночнай Амерыцы: ЗША змагаліся са зніжэннем попыту і затаварваннем крамаў, што прывяло да падзення продажаў на 16% летась. У чацвёртым квартале продажы ўпалі яшчэ на 21%.

Праз крызіс у Чырвоным моры Adidas зафіксаваў затрымкі адгрузак на два-тры тыдні. Фінансавы дырэктар Харм Альмаер заявіў, што гэта можа паўплываць на абаротны капітал, калі перабоі будуць прадаўжацца і далей.

Adidas чакае, што ягоныя прыбыткі ад асноўнага бізнэсу – за выключэннем Yeezy – вырастуць у 2024 годзе сама менш на 10% у другім паўгоддзі.

Таксама кампанія чакае мацнейшага аднаўлення бізнэсу ў Кітаі, у тым ліку росту продажаў двухзначнымі тэмпамі пасля павелічэння на 8% у 2023 годзе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках