12 траўня 2024, Нядзеля, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за тысячу грамадзянаў Таджыкістана ўтрымліваюць у маскоўскіх аэрапортах

Больш за тысячу грамадзянаў Таджыкістана ўтрымліваюць у маскоўскіх аэрапортах

Напярэдадні МЗС краіны параіў сваім суграмадзянам устрымацца ад паездак у РФ.

Расейскія ўлады ўтрымліваюць больш за тысячу грамадзянаў Таджыкістана ў маскоўскіх аэрапортах, паведамляе Міністэрства замежных справаў краіны.

«У зоне часовага ўтрымання грамадзянаў міжнароднага аэрапорта “Унукава” расейскай сталіцы без забеспячэння належных санітарных умоваў знаходзяцца 954 грамадзяніны Таджыкістана. Сярод грамадзянаў, якія затрымаліся, ёсць студэнты-таджыкістанцы, якія праходзяць навучанне на тэрыторыі Расеі за кошт адукацыйных квотаў ураду РФ», – гаворыцца ў паведамленні.

Там зазначаецца, што пасля шматгадзіннага чакання ў Расею дапусцілі 322 чалавекі, аднак расейскія ўлады маюць намер змясціць 306 чалавек у так званы «спіс выдвараных», пры гэтым РФ ужо выдварыла 27 чалавек.

«Складаная сітуацыя назіраецца таксама ў аэрапортах Жукаўскі, Дамадзедава і Шарамеццева расейскай сталіцы, дзе ў зонах утрымання грамадзянаў без належных умоваў знаходзяцца дзясяткі таджыкістанцаў», – удакладнілі ў знешнепалітычнай установе. Там дадалі, што ў Маскве консульскай службай дыппрадстаўніцтва Таджыкістана адкрыты кругласутачны аператыўны штаб.

Напярэдадні Міністэрства замежных справаў краіны параіла сваім суграмадзянам устрымацца ад паездак у Расею.

Раней МЗС Таджыкістана заявіла пра рэзкі рост «неабгрунтаваных адмоваў» грамадзянам краіны ва ўездзе ў Расею. Прадстаўнікі ўстановы ўзнялі гэтае пытанне на сустрэчы з амбасадарам РФ Сямёнам Грыгор'евым 26 красавіка. Яны адзначылі, што апошнія некалькі тыдняў грамадзяне краіны сутыкаюцца з праблемамі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі. МЗС выказала занепакоенасць такімі выпадкамі, якія «набылі масавы характар».

Паводле звестак Asia Plus, блізу 1000 грамадзянаў Таджыкістана затрымаліся на КПП «Сагарчын» на мяжы Казахстана і Арэнбургскай вобласці. Нараджэнцы краіны скардзяцца, што супрацоўнікі ФСБ не прапускаюць іх з 22 красавіка, спасылаючыся на няспраўнасць сістэмы, аднак дзеці да 14 гадоў, людзі старэйшыя за 60 і грамадзяне іншых краінаў могуць уязджаць свабодна. Паводле словаў відавочцаў, таджыкаў дапытваюць, акрамя таго, памежнікі правяраюць іх смартфоны. Праз узмацненне кантролю на мяжы сабралася чарга з больш як 180 аўтамабіляў з нумарамі краіны, у кожнай машыне знаходзяцца ад 5 да 12 пасажыраў.

Пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе», у якім ФСБ абвінаваціла выхадцаў з Таджыкістана, расейскія ўлады пастанавілі зрабіць больш жорсткім кантроль за мігрантамі: паліцыя правяла серыю рэйдаў у месцах збору прыезджых, пасля чаго з краіны былі выдвараныя некалькі тысячаў чалавек. У Дзярждуму ўнеслі законапраект аб пазбаўленні мігрантаў грамадзянства за парушэнне прысягі, а МУС прапанавала скараціць тэрмін іх часовага знаходжання ў краіне да 90 дзён і ўвесці «лічбавы профіль» для ўсіх замежнікаў, якія ўязджаюць у Расею.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках