29 красавiка 2024, панядзелак, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каліновец «Кусь»: Абавязкова пайду вызваляць Беларусь

19
Каліновец «Кусь»: Абавязкова пайду вызваляць Беларусь
Аляксандр “Кусь” Клачко

Дзівосная гiсторыя беларускага добраахвотніка.

Гісторыя беларускага добраахвотніка з палка Кастуся Каліноўскага Аляксандра “Куся” Клачко сапраўды надзвычайная.

У ёй ёсць і БРСМ, і ўдзел у "выбарчых камісіях", але ў 2020 годзе ён выходзіць на пратэст супраць Лукашэнкі, а ў 2022 годзе едзе ва Украіну, каб ваяваць за Беларусь.

22 снежня "Кусь" паведаміў, што "яго ныркі не перажылі Бахмут" і вымушаны пакінуць службу з прычыны стану здароўя. У інтэрв'ю сайту Charter97.org добраахвотнік расказаў, што нават у гэтай жыццёвай сітуацыі гатовы ісці вызваляць Беларусь.

"Ніхто не зможа мяне пераканаць, што мы з расейцамі адзін народ"

- Вы нарадзіліся ў Баранавічах, працавалі на чыгунцы, у адным інтэрв'ю нават сказалі, што нават былі ў БРСМ. Якім быў ваш шлях да Беларусі?

— Я быў расейскамоўным, але заўсёды казаў, што беларуская мова - родная. Пры гэтым на ёй не размаўляў, прывучылі нас, беларусаў, на жаль, саромецца роднай мовы, пазбягаць яе.

У 1999-м годзе ўжо сам быў у апазіцыі, мне тады было прыкладна 17 год. Быў на Плошчы ў 2001 годзе 9 верасня. Пасля расчараваўся, проста адышоў ад гэтага ўсяго. Калі патрапіў на чыгунку, там якраз БРСМ ствараўся, я ў яго ўступіў, потым быў нават у “выбарчай камісіі”, але за Лукашэнку ніколі не галасаваў.

Прыкладна з 2000-га года я пачаў цікавіцца генеалогіяй сваіх продкаў, распытваў бабуль, якія былі яшчэ жывыя, дзядулю. Стварыў генеалагічнае дрэва, размаўляў са сваякамі, усё гэта запісваў.

Прыкладна ў 2018-2019 годзе ў мяне была аперацыя, я сарваў спіну і быў тры месяцы на лістку непрацаздольнасці. Дзякуючы гэтаму атрымаў магчымасць патрапіць у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, разоў 20 туды ездзіў. Так я яшчэ больш паглыбіўся ў гісторыю сваіх продкаў, знайшоў нашчадка апошняга памешчыка, гаспадара маёнтка ў вёсцы Дамашэвічы.

Для мяне адкрылася вельмі цікавае мінулае, нават мае бацькі, якія нарадзіліся ў вёсцы Дамашэвічы, паловы з гэтага не ведалі. Для мяне Беларусь пачалася з адкрыцця гісторыі маёй малой радзімы, гэта сталася такім своеасаблівым падмуркам. Цяпер Дамашэвічы - гэта маленькая вёсачка, дзесьці сто пяцьдзесят дамоў. Маёнтак быў спалены партызанамі пад канец вайны, амаль нічога не засталося, толькі падмурак. Гэтымі землямі ў свой час валодаў Ксаверый Несялоўскі, брыгадны генерал Тадэвуша Касцюшка, які родам з Ляхавічаў.

Цяпер, калі я ведаю гісторыю сваёй малой радзімы, мяне калом з месца не ссунеш, ніхто не зможа мяне пераканаць, што я расеец.

“З 2014 года таго часу ў мяне пачало мяняцца стаўленне да Расеі”

Затым пачалася вайна, Расея акупавала Крым. У мяне было дваістае адчуванне: нічога сабе, расейцам удалося акупаваць паўвыспу амаль без стрэлаў. Другая думка: а што заўтра будзе перашкаджаць Расеі без адзінага стрэлу, такім жа чынам увесці войскі ў Беларусь? А нічога.

З таго часу ў мяне пачало мяняцца стаўленне да Расеі. У 2019-м годзе я ўпершыню за апошнія 18 гадоў паехаў у Менск на пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. Павал Севярынец быў арганізатарам гэтых акцый. Памятаю, мне было страшна туды ехаць, гэта была несанкцыянаваная акцыя, я ведаў пра наступствы. Думаў, што будзе жорсткі разгон, як гэта было ў 2010-м годзе ці ў 2017-м падчас “Маршу недармаедаў”.

Надумаў узяць удзел у пратэстах, бо ўспрымаў падпісаныя цішком, за зачыненымі дзвярыма і без грамадскага абмеркавання пагадненні як здачу суверэнітэту Беларусі.

"Мне б у гэтай Беларусі жыць, якую паказваюць па тэлевізары"

- У 2020-м вы далучыліся да пратэстаў. Што для вас стала апошняй кропляй?

- Тады я ўбачыў хлусню, якая была вакол каранавіруса, я асабіста з ёй сутыкнуўся - у мяне тады захварэў дзядуля. Апошні пазл склаўся.

Калі браў удзел у “выбарах”, у фальсіфікацыях я не ўдзельнічаў, але ўскосныя прыкметы фальсіфікацыі бачыў.

Раней былі думкі, што, можа, гэта толькі мяне так закранае, а агулам у Беларусі ўсё добра. Дарэчы, яшчэ адзін момант, які спрацаваў, - гэта тэлевізія. Раней любіў глядзець навіны, мо гадоў дзесяць таму. А потым быў момант, што я гляджу тэлевізар і думаю: “Блін, цікавы такі падыход, слухаеш - і ўсё добра ў нас у краіне. А калі нешта дрэнна, то гэта было некалі, ужо раскрылася, а вінаватых пакаралі, усіх гэтых нядбайных дырэктараў калгасаў ці прадпрыемстваў”. Думаю, а чаму ж не гаворыцца, што зараз вось ёсць нешта дрэннае, што трэба нешта выпраўляць?

Тады падумаў, што мне б у гэтай Беларусі жыць, якую паказваюць па тэлевізары. Затым проста перастаў глядзець тэлевізію, убачыў, што інфармацыя неяк дзіўна падаецца. Я не ведаў, які ўплывае тэлевізія, але зараз, гледзячы на іншых людзей (не толькі на беларусаў, але і на расейцаў, нават на некаторых украінцаў), разумею, чаму тэлевізар называюць “зомбаскрыняй”.

І вось вясной 2020-га года я сутыкнуўся з гэтай з сітуацыяй, з хлуснёй пра каранавірус, маўляў, “ён тоўсты быў, таму памёр”, “ён не туды пайшоў, таму памёр”.

Мяне вельмі зачапіла ўся гэтая сітуацыя.

"Я ішоў супраць хлусні, якая закранула ўсе сферы жыцця ў Беларусі"

Разважыў, што ў жніўні паеду ў Менск і выйду на Плошчу. Пайсці супраць рэжыму, зноў (праз 18 гадоў) выйсці на плошчу, мяне прымусіла гэтая хлусня. Фальсіфікацыі жніўня 2020-га сталі толькі дадатковым трыгерам.

Потым былі затрыманні кандыдатаў, жорсткі разгон, забойствы людзей ды іншыя падзеі. Праз тры месяцы мяне самога затрымалі, гэта было ў Баранавічах падчас звычайнага чаявання. Я быў без нацыянальнай сімволікі, ідэальна (з пункту гледжання заканадаўства) сябе паводзіў, мы ўсе былі цвярозыя. Мяне тады затрымлівалі пятнаццаць мусаркоў, ударылі дубінкай, скралі грошы. Потым на судзе супраць мяне далі фальшывыя сведчанні тры супрацоўнікі міліцыі, мне прыпісалі, што я “супраціўляўся”.

Пасля выхаду з ІЧУ я напісаў заяву ў Следчы камітэт аб тым, што ў мяне скралі грошы, што было перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Да пракуратуры ўжо не паспеў дайсці, каб напісаць заяву на трох міліцыянтаў, іхнія прозвішчы ў мяне былі. Нават здзівіўся, калі мне далі пратакол з рангамі і прозвішчамі супрацоўнікаў міліцыі, якія давалі супраць мяне фальшывыя сведчанні.

Тады ж даў сваё першае інтэрв'ю для мясцовай газеты "Інтэкс-прэс". Затрымалі мяне 8 лістапада, а 14 ужо выйшла гэтае інтэрв'ю, у якое нават сёння, у бяспецы, мне няма чаго дадаць.

У ім я расказаў пра сваё затрыманне, а ў канцы быў галоўны пасыл: людзі, беларусы, галоўнае, чаго баіцца рэжым, — галоснасць, гэта самае небяспечнае для яго. Таму Лукашэнка робіць усё, каб мы змоўклі. Калі вы бачыце фальсіфікацыі, сталі сведкам ці супраць вас здзейснены нейкія супрацьпраўныя дзеянні - не маўчыце. Крычыце пра гэта на кожным рагу, расказвайце людзям, што адбываецца.

Потым паўтара месяца я нейкім цудам прабыў на волі. За гэты час у мяне былі розныя "актыўнасці". Калі я быў у БРСМ, мы там палітыкай не займаліся, хаця я разумею, што азначае гэтая арганізацыя. Мы дапамагалі розным прытулкам, у конкурсах удзельнічалі. Ніколі не быў акторам, але мы разам з хлопцамі прыдумлялі розныя сцэнкі, дыялогі. Памятаю, што нават нейкі верш напісаў, а адзін хлопец, які грузчыкам працаваў, яго як рэп выканаў. Былі такія творчыя актыўнасці, за якія ў годзе 2008 атрымаў грамату ад выканкама. А ў 2020-м годзе мне, груба кажучы, за тое самае выдалі пратакол у міліцыі. Можна сказаць, што тое, чым займаўся ў БРСМ, я рабіў і ў 2020-м годзе, метады тыя самыя, творчыя. Проста выкарыстоўваў гэтыя навыкі, атрыманыя ў БРСМ, для барацьбы з рэжымам.

Праз паўтара месяца прыйшлі людзі ў балаклавах. Я паўдня думаў, што мне рабіць, з’язджаць з Беларусі, заставацца. Памятаю свае адчуванні - чаму я павінен з'язджаць, нічога ж не парушаў. У нармальнай краіне за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ты атрымаеш толькі штраф. Але я разумеў, што пры Лукашэнку за гэта могуць быць гады турмы. Адміністрацыйны арышт яшчэ адседзеў бы, але не бачыў сэнсу сядзець некалькі гадоў у турме.

Атрымалася без візы выехаць у Літву, у Вільню, тады быў гуманітарны калідор. Яшчэ, мусіць, месяцаў дзевяць у мяне было такое непрыемнае пачуццё: а ці своечасова з'ехаў. Можа, яшчэ які месяц мог пазмагацца?

А потым у Баранавічах пачаліся затрыманні, шмат каго з людзей арыштавалі. Тады зразумеў, што калі б я тады не з'ехаў, мяне б абавязкова забралі.

“Прыняў для сябе, што дыктатура разумее толькі мову зброі”

- Як вы надумаліся паехаць ваяваць? Чаму вайна ва Украіне для вас - гэта і беларуская справа?

- Тут усё проста. Канешне, я быў за Украіну, калі пачалася вайна, але мяне больш хвалявалі падзеі ўнутры Беларусі. Абурыла, што тэрыторыя Беларусі была скарыстаная для нападу. У дзень "рэферэндуму", 27 лютага, я быў на Лукішскай плошчы ў Вільні. Там быў мітынг супраць вайны ва Украіне. Вярнуўшыся з гэтага мітынгу дадому, усвядоміў для сябе, што калі я зараз нічога не зраблю, то не маю ніякага маральнага права заклікаць да нечага людзей у Беларусі. У мяне была вострая неабходнасць дзейнічаць.

А што рабіць? Седзячы ў бяспечнай Вільні заклікаць людзей да нечага, калі там беларусы фактычна пад акупацыяй рэжыму і расейскай імперыі. І тут мне патэлефанаваў знаёмы, які расказаў, што ў пасольстве Украіны ў Вільні можна запісацца ў Замежны легіён. Даведаўся, як гэта робіцца, паехаў, запісаўся, гэта было 2 сакавіка. 3 сакавіка мне патэлефанавалі, што праз чатыры гадзіны выезд, ці гатовы я ехаць. "Гатовы", - адказаў я, хоць яшчэ нават рэчы пасля мыцця не высахлі. 4 сакавіка а шостай раніцы я быў ужо ва Украіне.

Магу пазначыць два матывы, чаму я прыняў пастанову ехаць ва Украіну, першы - эмацыйны, другі - цвярозае разуменне сітуацыі. Эмацыйная прычына - гэта тое, што я ўспрыняў напад на Украіну з тэрыторыі маёй роднай Беларусі як другі плявок у твар з боку рэжыму Лукашэнкі. Першым была фальсіфікацыя выбараў у 2020 годзе. Для мяне, беларуса, гэта было асабістай абразай.

На лагічным узроўні для мяне стала зразумела, калі Пуцін падтрымаў Лукашэнку ў 2020-м годзе, а не беларускі народ, што такое Расея для Беларусі. Але тады я яшчэ верыў у мірны пратэст.

У канцы студзеня 2021-га года, праз месяц знаходжання на эміграцыі, я прыняў для сябе, што дыктатура разумее толькі мову зброі, сілавы варыянт. Выходзіць, што я, прыхільнік мірнага пратэсту, зразумеў, што змагацца трэба не маляваннем графіці, відэа ці пікетаваннем, а менавіта ваяваць з ужываннем сілы. Як гэта рабіць? Адказ з'явіўся, калі пачалася поўнамаштабная вайна.

"Калі мы, беларусы, будзем змагацца, мы зможам перамагчы"

Гэтая вайна для мяне - гістарычны шанец. За месяц да яе пачатку пачуў ад аднаго вядомага літоўца, паэта Томаса Венцлавы, які казаў пра станаўленне незалежнасці Літвы, што за свабоду можна беспаспяхова змагацца дзесяцігоддзямі, але рэальны шанец атрымаць яе надыходзіць тады, калі гегемон, які ў цябе гэтую свабоду адабраў, становіцца слабым. Ён не можа ціснуць на тваю тэрыторыю, у гэты момант і можна адваяваць незалежнасць. У паразе Расеі ў гэтай вайне я ўбачыў шанец для Беларусі атрымаць незалежнасць. Расея будзе аслабленая як імперыя (дай Бог - разваліцца), і калі мы, беларусы, будзем змагацца, мы зможам перамагчы.

У момант, калі ехаў на вайну, расейцы стаялі пад Кіевам. Я не меў нейкіх далёкіх планаў, не думаў пра перамогу ці нешта такое, проста ехаў абараняць Кіеў, разумеючы, што калі ўпадзе сталіца, то ўпадзе і Украіна, тады ў Беларусі не будзе шанцу на вызваленне. Але калі Кіеў выстаіць, то гэты будзе шанец, у нас агульны вораг з Украінай. Падкрэсліваю, гэта мая пазіцыя, я ва Украіне ваюю не за Украіну, а ваюю супраць агульнага ворага, супраць Расеі.

Дзякуй Украіне, што дала зброю і магчымасць змагацца супраць расейскай імперыі. Калі для ўкраінца галоўнае - гэта вызваліць тэрыторыю Украіны, то для мяне гэта толькі палова мэты. Мая канчатковая мэта - гэта вызваленне Беларусі.

"Першы бой дае зразумець, як твой арганізм будзе паводзіць сябе ў экстрэмальных сітуацыях"

— Вы прайшлі шмат бітваў, можаце расказаць пра самы запамінальны бой?

- Самы цікавы - гэта першы бой, нам абяцалі 10-20 трунаў, менавіта столькі з нас павінны былі загінуць. Удзел быў добраахвотны, са 100 беларусаў у гэты бой пайшлі 60 чалавек. Гэта была супольная з украінцамі аперацыя, штурм вёскі Лазавое на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Мы ўдзельнічалі ў гэтым баі як штурмавікі, а штурмавы бой, напэўна, самы эмацыйны.

Наша група выйшла з базы, марш-кідок, пераправа цераз раку, поле, лес з мінамі, штурм вёскі. У кожнага былі розныя ролі: нехта ўдзельнічаў у штурме, нехта на мінамётах, нехта прыкрываў. У каго з хлопцаў не спытай - там такі блокбастар можна зняць. Па нас і мінамёты працавалі, і гелікаптэры, і самалёт, відаць, быў задзейнічаны, мы чулі праз трафейныя расейскай рацыі, што “ластаўка вылятае”. "Каробачкі" па нам працавалі, як мінімум — тры танкі, яны падстрэшкам па нас стралялі.

Вёску мы ўзялі, трох расейцаў у палон захапілі. Потым, пад канец дня, пасля бесперапынных абстрэлаў, нам далі загад вяртацца назад за раку. Там таксама быў цікавы момант, мы з “Брэстам” (Іван Марчук) і “Дзядзькам” (Павел Шурмей) пайшлі шукаць параненага ўкраінскага афіцэра, які падарваўся на міне, яму ў тым баі нагу адарвала. Спачатку была версія, што ён да расейцаў у палон патрапіў і яны нас па рацыі завабліваюць.

Шмат было цікавага. Скажу, што першы бой дае зразумець, як твой арганізм будзе паводзіць сябе ў экстрэмальных сітуацыях. Ніводзін палігон не пакажа гэтага, толькі рэальныя баявыя ўмовы. Мне спадабалася, спадабаліся мае адчуванні, усё было цікава. Ёсць такое меркаванне, і я з ім цалкам згодзен, што вайна ў першую чаргу - гэта не кроў, у першую чаргу - гэта пот, а ўжо потым кроў. Вельмі цяжка ў гэтым баі было ў фізічным плане, асабліва падчас эвакуацыі параненага.

Гэты першы бой быў самым эмацыйным. Потым мы ўжо працавалі з “Міланам” (супрацьтанкавы ракетны комплекс сумеснай распрацоўкі Францыі, Нямеччыны і Італіі – рэд.), з “ботам” (СПГ-9 – савецкі станковы супрацьтанкавы гранатамёт), гэта ўжо не штурмавая зброя. "Мілан" працуе з "нуля". “Ботам” мы працавалі з пазіцый, размешчаных прыкладна за паўтара кіламетра ад лініі фронту, выкарыстоўваючы навясную стрэльбу асколачнымі набоямі для паразы жывой сілы супраціўніка на адкрытых участках і за лёгкімі ўмацаваннямі тыпу акопаў, бліндажоў, будынкаў.

У канцы чэрвеня 2022 года я вярнуўся ў Вільню пасля “першага” Лісічанска. На другі дзень майго знаходжання ў Вільні, 26 чэрвеня, пад Лісічанскам загінулі чацвёра нашых хлопцаў (у тым ліку — “Брэст”), двое трапілі ў палон.

У Вільні мне трэба было зрабіць дакументы, там я прабыў два з паловай месяцы і вярнуўся на вайну. У верасні 2022 года я ўжо мэтанакіравана вяртаўся ва Украіну, каб пайсці ў разлік ПТРК. Зрабіў гэта, бо хлопцы пад Лісічанскам загінулі падчас стрымлівання прарыву калоны расейскіх танкаў. Браняваная тэхніка расейцаў спрабавала тады ўзяць у кола частка байцоў УСУ, якія заставаліся яшчэ там.

Я прыняў пастанову, што хачу патрапіць у разлік ПТРК і змагацца з бранёй.

“Самае галоўнае, што мы захавалі жыцці многіх нашых хлопцаў”

3 кастрычніка 2022 года быў баявы выхад, першы пасля вяртання. Мы былі ў засадзе, на адлегласці ад нас хлопцы штурмавалі пазіцыі расейцаў, а мы затулялі дарогу з ПТУРам. І ў нейкі момант з іншага боку, з лесапаласы, якая была "шырэйшай", па нас з аўтаматычнай зброі пачалі страляць расейцы. Разлік "мілана" - гэта тры чалавекі: камандзір, я і яшчэ адзін баец. Нас прыкрываў група “Ваўкалака” (Дзяніс Урбановіч), іх было пяць чалавек. Птур - гэта зброя не для штурмавога бою, відавочна не для пяхоты.

Калі пяцёрка "Ваўкалака" ўжо перастрэльвалася з расейцамі, наш камандзір аддаў загад падтрымаць Ваўкалака аўтаматным агнём (мы чакалі, што расейцы могуць паспрабаваць абысці нас і ўзяць нашу пазіцыю штурмам). Наш камандзір застаўся на "Мілане" сачыць за дарогай, а мы далучыліся да хлопцаў. Думаю, расейцаў было прыкладна столькі ж, колькі нас, іх не было асабліва відаць у гэтай "зялёнцы". Завязалася перастрэлка на адлегласці. У нейкі момант на кантраляваную намі дарогу выехаў расейскі танк, каб адпрацаваць па нашых хлопцах, якія штурмуюць акопы расейцаў на суседнім полі.

Наш камандзір стрэліў з ПТУРа тры ракеты, патрапілі адна ці дзве, але чамусьці не прабілі браню. Пры гэтым танк заднім ходам ад'ехаў назад за пагорак. Ён ні разу не стрэліў па нашых. Увечары мы атрымалі інфармацыю ад украінцаў, што танк больш сваім ходам не паехаў, нейкія пашкоджанні мы яму ўсё ж нанеслі. Што было з экіпажам - невядома. Магчыма, кантузія ці яшчэ што, але самае галоўнае, што захавалі жыцці шматлікіх нашых хлопцаў. Тады загінуў толькі адзін чалавек, але калі б гэты танк пачаў працаваць па нашых, загінулых было б болей.

У Бахмуце мы працавалі з “Міланам” больш па бліндажах, наглядальных пунктах. Памятаю, адзін раз (тады яшчэ на ўсходняй мяжы Бахмута) стрэлілі, хутка скруціліся, перабеглі па траншэі, потым праз адкрытую прастору ў бліндаж, а праз дзве хвіліны па тым месцы, адкуль мы стралялі, адпрацаваў гелікаптэр касетнымі набоямі. Паспелі мы схавацца. Танк па нас таксама стрэліў, але быў пералёт, набоі за метраў 50 разарваліся.

“Вы патрапілі проста ў бліндаж”

Пад новы 2023 мы пачалі асвойваць “бот”, Мне спачатку не падабалася з ім працаваць, фактычна мы выкарыстоўвалі яго як мінамёт, які знаходзіцца на адлегласці ад лініі фронту. А мяне больш за ўсё прыцягваў "нуль". У штурмавікі я асабліва не імкнуўся, але і мінамётчыкам быць не жадаў. А тут мы стралялі падстрэшкам, на адлегласці 2-4 кіламетры да цэлі.

“Я на гэта не падпісваўся. Навошта нам гэты "бот"? - такія думкі былі, а потым папрацавалі з ім, зразумеў, што для "Мілана" цэляў не так шмат бывае, а "боту" - толькі набоі падавай. Па бліндажах, па пяхоце працаваць. Зразумеў, некалькі разоў папрацаваўшы з ботам, што яго выкарыстанне значна больш эфектыўнае, чым я б быў з аўтаматам на нулі, седзячы ў акопе.

У лютым мой пабрацім “Ваяр” рацыю здаваў пасля працы з “ботам” у Бахмуце і ўкраінскі афіцэр яму кажа: «Ты Ваяр? (пазыўны нашага разліку быў “Ваяр”) Малайчына, давай руку табе пацісну, вельмі добра адпрацавалі». Бачу, што “Ваяр” вяртаецца наш склеп, а вочы як фары ў цемры свецяцца задаволеныя. Я разумею без слоў, што тамака адбылося. Нам яшчэ днём па рацыі ўкраінцы сказалі, што "малайцы, добра адпрацавалі, дзякуй вялікі".

Ён кажа: "Украінскі афіцэр быў у штабе, пачуў, што я "Ваяр", паціснуў мне руку, падзякаваў". "Ваяр" выглядаў, быццам дачка ў яго нарадзілася. Такія цікавыя назіранні.

Самы запамінальны момант з “ботам” - гэта пад Горлаўкай у канцы лютага. Мы працавалі з украінскімі ССА-шнікамі, нас перакінулі туды з Бахмута, нам далі каардынаты месца бліндажу расейскага, за 3,5 км ад нас. Я зрабіў разлікі па “Крапіве” (аўтаматызаваная сістэма для каардынацыі паміж рознымі родамі войскаў – заўв.), але новы “бот” быў, мы не ведалі, як ён страляе. Кажу "Ваяру", ён наводчыкам быў: "Давай метраў 30 адбяром", там усё адно няма нашых пазіцый, а ў нашага папярэдняга "бота" быў пералёт ад 70 метраў, мы гэта ведалі і адымалі. Ён пытаецца: "Ты ўпэўнены?" Кажу: "Упэўнены". Не ведаю чаму, інтуітыўна я прапанаваў гэта зрабіць. Ён наводзіцца, страляе — і нам па рацыі перадаюць: “Вы патрапілі проста ў бліндаж. Давайце яшчэ тры “кабанчыкі” (набоі) туды ж”.

“Украінцы, з якім быў на “нулі”, падтрымаюць вызваленне Беларусі»

- У чым вы бачыце місію беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне? Таму што сёння шмат хто кажа, што нашыя хлопцы гінуць, можа, лепш берагчы сябе для Беларусі. Што б вы адказалі гэтым людзям?

- Я для сябе гэта даўно сфармуляваў, гледзячы на нашых “штурмавікоў”, таму што там рызыка загінуць вышэй. Разумею, што мы павінны дапамагаць Украіне змагацца з Расеяй, у тым ліку - на фронце. Але ва Украіне беларусы павінны выканаць пастаўленыя задачы, аднак абавязкова захаваць сваё жыццё.

Бо ніхто, акрамя нас, беларусаў, не будзе вызваляць Беларусь. Падтрымаць - так, але вызваліць за нас - не. У першую чаргу - гэта наша задача. Апроч нас яе ніхто не развяжа. Украінцы нам казалі: "Мы пераможам і будзем дапамагаць вам у вызваленні Беларусі". Мяркую, што гэта будзе. Ад тых украінцаў, якія былі з намі на “нулі”, я заўсёды чуў толькі словы падзякі. Упэўнены, што калі прыйдзе час, яны тым ці іншым спосабам падтрымаюць вызваленне Беларусі.

Выканаць місію, выканаць сваю задачу ва Украіне, максімальна наблізіць паразу Расеі, але захаваць свае жыцці для Беларусі. Я бачу такую місію для беларусаў.

“Мае ныркі не перажылі Бахмут”

- На вайне ва Украіне ў вас узніклі праблемы са здароўем. Можаце нам расказаць пра іх?

- Я нарэшце прайшоў ВЛК (вайсковую-лячэбную камісію - заўв.). Гэта галоўны момант, адна з фінальных кропак у гэтай эпапеі, якая цягнулася апошнія паўгода. Калі коратка, то мае ныркі не перажылі Бахмут. Цэлы люты наш разлік быў на баявых. Тады мы базаваліся ў сутарэнні ў Часовым Яры, гэта 8 кіламетраў ад Бахмута, куды мы ездзілі працаваць. У склепе быў пах цвілі, сырасць, са столі капала. Мой пабрацім браў малярны валік і перад сном праводзіў ім па столі, каб зняць кандэнсат.

Мы ўсе хварэлі і жартавалі, што батальён не "Волат", а "Амікрон". Тэст не рабілі, але думалі, што гэта каранавірус. У мяне была тэмпература 38 плюс-мінус, вельмі глыбокі кашаль, такога ніколі ў жыцці не было. На марозе ў Бахмуце я адчуваў сябе нармальна, спускаюся ў склеп - пачынаецца прыступ.

У канцы лютага заўважыў, што мяне пачало нудзіць і нейкі прысмак у роце. Не разумеў, што робіцца, думаў, што пройдзе. Потым у нас была ратацыя на тры тыдні ў сакавіку. Апошні раз на баявых я быў у красавіку 2023-га. Млоснасць не праходзіла, а яшчэ больш станавілася. Мы паехалі адпачываць на базу, а мне было ўсё горш.

Здаў аналізы - і палова паказчыкаў зашкальвае: і халестэрын, і ўсё астатняе. Я нават не ведаў, што яны азначаюць. Пракансультаваўся з лекарам, яна сказала, што ў мяне нешта з ныркамі. Зрабіў УГД. Не буду расказваць падрабязнасці. Тры месяцы я змагаўся з хваробай, розныя лекары мне сустракаліся.

Працэс быў актыўным, мае ныркі адміралі. Два з паловай месяцы ляжаў у лякарні і мне падбіралі лекі з пераменным поспехам, ужо думаў, што ўсё, будзе дыяліз, аналізы скакалі то ўверх, то ўніз. Падабралі лекі, зараз п'ю 17 таблетак на дзень. І па выніках гэтай хваробы мяне камісавалі.

Паводле пастановы ВЛК хвароба звязаная з абаронай айчыны, гэта значыць атрыманая падчас вядзення баявых дзеянняў. Нядаўна мне прызналі другую групу інваліднасці, такім чынам я не магу знаходзіцца ва УСУ на кантракце, таму вяртаюся зараз у Вільню. Такі ў мяне кейс.

Хацеў дадаць, што раней у мяне быў вайсковы фронт, а апошнія паўгода адзін фронт - гэта барацьба з хваробай, а другі - з украінскай бюракратыяй. Тут вельмі дапамаглі і дзяўчына з палка Каліноўскага, якая займаецца параненымі, дапамагла з паперамі, з усімі афармленнямі, дзякуй ёй вялікі. Гэта калі сцісла. Калі расказваць падрабязна, то вельмі шмат нюансаў. Шмат энэргіі спатрэбілася, каб прайсці гэты шлях, лячэнне, не ўсё проста было. Усе гэтыя бюракратычныя працэдуры - яшчэ той квэст, які часам здаваўся неразвязальным.

“У Беларусь гатовы пайсці нават з хворымі ныркамі”

- Ужо вызначыліся, чым будзеце займацца ў Вільні?

- Былі прапановы застацца ва Украіне. Але я еду ў Вільню, падаюся на міжнародную ахову. Потым звярнуся да лекараў, таму што мне трэба назірацца, у нырках ідзе незваротны працэс, у мяне бялок трымаецца на вельмі высокім узроўні, гэта сведчыць аб тым, што ныркі паступова адміраюць. Магчыма, неабходна лекі перагледзець, для гэта патрэбны пастаянны нефролаг. Бачу, што мяне чакае дыяліз і трансплантацыя ныркі, але гэта будзе, магчыма, праз год, можа - праз тры гады, можа і больш. Напалову гэта ад мяне залежыць, на другую палову - ад абставін. Цяпер таблеткі прымаю, на спецыяльнай дыеце, алкаголь не ўжываю зусім.

Імкнуся максімальна гатаваць у мультыварцы, соль не дадаю ў ежу. Мяса можна толькі 60 грамаў за дзень. Такія абмежаванні, якіх трэба прытрымлівацца, каб адкласці працэс дыялізу. У Вільні, як я ўжо сказаў, падаюся на міжнародную ахову, буду развязваць пытанне з працаўладкаваннем, з лячэннем.

Планую стаць на ногі больш-менш, таму што тры гады на першае месца я ставіў сваю галоўную мэту - вызваленне Беларусі, а свае асабістыя планы - на другое месца. Але вызваленне Беларусі як і было маёй мэтай, так і застаецца.

У Вільні бачу сваёй дзейнасцю распаўсюджванне беларускасці. Гэта мова, гісторыя, культура. Думаю, што гэта першапачатковы падмурак - гэта тое, з чаго пачынаецца ўсё. У мяне так. Калі б у мяне не было гэтага нацыянальнага падмурка, калі б я забыўся, кім былі мае продкі, то я б даўно зламаўся, спыніўся, расчараваўся. Быў бы проста працоўным эмігрантам, умоўна кажучы. Але мая мэта як была, так і застаецца - распаўсюджванне беларускасці і, як я напалову жартам, напалову ўсур'ёз кажу, што ў Беларусь гатовы пайсці нават без нырак. На самой справе, я думаў пра гэта.

У Беларусі можна і загінуць, вызваляючы яе. Нават калі гэта шлях у адзін канец. І па меры таго, як буду развязваць свае бытавыя пытанні, астатнюю энэргію буду накіроўваць на набліжэнне паразы Расеі, вызваленне Беларусі. Няхай і іншымі сродкамі. Таму што я думаю, што мова – гэта таксама зброя.

Яшчэ адзін важны момант, калі мы пра ныркі гаворым, мой камандзір, калі даведаўся, што мяне камісуюць, спытаў: “Кусь”, ты ж на вайне здароўе страціў. Ты, можа, шкадуеш пра гэта? Я адказаў, што не шкадую, а калі мяне вярнуць назад і сказаць, што ў канцы 2023 года твае ныркі напалову не будуць працаваць, то я ўсё роўна паехаў бы на вайну, адзінае - апранаў бы шкарпэткі цяплейшыя і пояс з воўчай воўны (пра шкарпэткі і пояс - жартую).

Для мяне мой лёс, мой шлях, які я прайшоў, - нематэрыяльная каштоўнасць. У мяне ёсць мэта, і я да яе іду.

“Героі года - беларусы дзеяння”

- Аляксандр, неўзабаве Новы год, час падводзіць вынікі. Хто, на вашу думку, галоўны герой 2023 года?

- Ёсць розныя сферы. Нельга параўноўваць траваеднага з драпежнікам. Хто лепшы? Кожны ў сваім найлепшы. Таму, калі браць з баявога пункту гледжання, то ў 2023 годзе я з жывых назаву Дзяніса “Ваўкалака” Урбановіча, з загінулых — гэта “Мыш” (Міраслаў Лазоўскі), безумоўна. Калі браць беларусаў унутры краіны, то гэта той беларус (я не ведаю прозвішчаў), які нягледзячы ні на што знаходзіцца ў Беларусі і працягвае змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі і імперскай Расеі. Якая гэта барацьба - гэта другараднае пытанне. У кожнага свае магчымасці, гатоўнасць рызыкаваць, вось беларус дзеянні - герой 2023 года для мяне.

Беларускія партызаны, беларусы, якія ўсё жыццё размаўлялі на беларускай мове ці перайшлі на беларускую мову, для мяне гэта героі.

За мяжой - не ведаю. Шмат іх. Баскетбалістка Кацярына Сныціна, яе беларускамоўны інстаграм, яе дух, яе вера ў перамогу.

На ўзровень з добраахвотнікамі я таксама паставіў бы палітвязняў, людзей, якія сядзяць за сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта Паліна Шарэнда-Панасюк, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец ды іншыя палітвязні, хто не зламаўся і працягвае барацьбу нават ва ўмовах зняволення.

Таксама варта адзначыць валанцёраў ва Украіне, сярод іх - не так шмат беларусаў, але яны ёсць. Гэтыя людзі дапамагаюць і вайскоўцам, і цывільнаму насельніцтву, яны таксама героі 2023-га года.

- На што сёння спадзявацца беларусам? На што сёння спадзеяцеся вы?

- Думаю, што спадзявацца ў першую чаргу трэба на саміх сябе. Мы, беларусы, моцныя. Проста яшчэ не ўсё ведаем пра гэта. Возьмем прыклад Украіны. Калі б Украіна не пачала спадзявацца на саму сябе ў першыя дні вайны, калі б не пачала супраціў - ніхто Украіне не дапамагаў бы, сёння яна была б пад акупацыяй.

Часам бываюць сітуацыі, калі ўсе навокал кажуць, што ў цябе не атрымаецца, але я адказваю, што паспрабую. І я заклікаю ўсіх беларусаў у наступным годзе дзейнічаць паводле гэтага прынцыпу. Калі вы сумняваецеся ці вам кажуць, што нічога не атрымаецца, усё страчана, адказвайце на гэта сабе і іншым: "Я паспрабую".

Калі мы не паспрабуем - у нас ніколі не атрымаецца, а калі мы паспрабуем - у нас можа атрымацца. А калі ў нас атрымаецца - усё асяроддзе, якое знаходзіцца вакол нас, пачне дапамагаць.

Вельмі шмат разоў ад пачатку пратэстаў чуў, што не атрымаецца, а я спрабаваў і дзіўныя рэчы адбываюцца: прыходзіць падтрымка, нешта атрымліваецца.

Ніхто не будзе нас паважаць, пакуль мы не пачнём змагацца. Ніхто не будзе з намі лічыцца, пакуль мы не пачнём абараняцца. Трэба змагацца за сваё ці знікнуць як нацыя.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках