28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Узнікае пытанне, што цяпер будуць разглядаць «дармаедскія камісіі»

16
Леанід Судаленка: Узнікае пытанне, што цяпер будуць разглядаць «дармаедскія камісіі»
Леанід Судаленка

Чаму ўлады згадалі пра непапулярны дэкрэт.

У Беларусі збіраюцца шукаць «дармаедаў» і ў 2024-ым годзе. У рэгіёнах складаюць графікі працы «дармаедскіх» камісій на наступны год.

Чаму ўлады дагэтуль працягваюць карыстацца гэтым непапулярным інструментам? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з праваабаронцам, «адвакатам дармаедаў» Леанідам Судаленкам, якім у 2017-ым годзе актыўна абараняў беларусаў, якія трапілі пад дэкрэт №3.

- Па-першае, давайце ўспомнім, што ў 2017-м годзе мы выйшлі на Маршы абураных беларусаў на знак пратэсту. Акцыі праходзілі тады ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

Дарэчы, у Гомелі мы тады яшчэ правялі і першы судовы працэс супраць «дармаедскай камісіі». Тады ж абкласці падаткам хацелі ажно паўмільёна «незанятых у эканоміцы» беларусаў. Але ўрэшце улады адступілі, пастанавіўшы толькі праз падвышаныя камунальныя тарыфы абкласці тых «дармаедаў», у якіх ва ўласнасці маецца жыллё. Затым, памятаеце, быў пратэст Марыі Тарасенкі, якой і налічылі «рахункі» падвышанымі тарыфамі.

Падкрэслю, наша пазіцыя была і застаецца адзінай: нават калі чалавек не заняты ў эканоміцы, не працуе ў найманні, то ўскосна кожны беларус, купляючы бохан хлеба ў краме, плаціць падатак на дададзеную вартасць (ПДВ).

Што тычыцца стварэння «дармаедскіх камісій», то тут узнікае пытанне, а што яны будуць разглядаць? Што яны задумалі гэтым разам?

- Апошнім часам улады выкарыстоўваюць арышт маёмасці людзей, якія з'ехалі з краіны. Ці ёсць небяспека, што выкарыстанне гэтай прылады будзе пашырацца?

- Так, такая небяспека ёсць. У мяне, напрыклад, у аграгарадку пад Гомелем ва ўласнасці ёсць зямельны надзел. Ужо прыйшла папера, што мае 13 сотак арыштавалі ў рамках новай крымінальнай справы, распачатай 1 лістапада.

Якое дачыненне мой надзел мае да «злачынства», у якім мяне падазраюць лукашысты? Я, канешне, накіраваў запыт у раённы Следчы камітэт, які вядзе справу супраць мяне, каб даслалі на электронную пошту пастанову аб тым, што з'яўляецца падставай для арышту маёй зямлі. Ужо месяц мінуў і адказу я не атрымаў. Яны маўчаць.

Гэты арышт нічога для мяне не значыць. Я як карыстаўся сваёй зямлёй, так і буду карыстацца.

Мяркую, што гэта ўсё гаворыць аб тым, што ўлады баяцца тых, хто з'ехаў. Тут магу ўспомніць фразу сусветна вядомага французскага філосафа Сен-Сымона, які казаў, што калі ад нацыі адабраць 50 найлепшых лекараў, 50 найлепшых навукоўцаў, 50 найлепшых настаўнікаў, то нацыя будзе адкінута на 100 гадоў таму.

Так і ў сучаснай Беларусі — з'ехалі найлепшыя, у турмах сядзяць найлепшыя. Улады гэта разумеюць і робяць усё дзеля таго, каб нам нейкім чынам нашкодзіць. Цяжка сказаць, колькі гэта яшчэ працягнецца. Але мы ж ведаем, што перамены ўсё адно надыдуць. Не заўтра, дык пасля заўтра. Мы ж павінны сваімі стараннямі і дзеяннямі набліжаць гэты дзень перамен.

Цяпер жа, на жаль, Беларусь скочваецца ў найгоршыя часы камуністычнага савецкага таталітарызму. Паглядзіце, куды Лукашэнка лятае. Ён жа катаецца па афрыканскіх краінах, шукаючы сабе «партнёраў». Няўжо гэта тое, што трэба Беларусі?

Я за тое, каб як мага хутчэй наша Радзіма пачала рухацца ў правільны бок.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках