28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыслаў Бэрэза: З Лукашэнкі пасмяялася прырода

14
Барыслаў Бэрэза: З Лукашэнкі пасмяялася прырода
Барыслаў Бэрэза

У старасці дыктатар працуе на падтанцоўцы Крамля.

Ва Украіне дагэтуль не вызначыліся, як ставіцца да рэжыму Лукашэнкі. У Вярхоўнай Радзе Украіны ёсць два законапраекты: альбо прызнаць Беларусь акупаванай Расеяй тэрыторыяй, як гэта было зроблена ўкраінскім парламентам у дачыненні да Ічкерыі, альбо дзяржавай-агрэсарам.

Сайт Charter97.org спытаў ва ўкраінскага палітычнага дзеяча, экс-дэпутата Вярхоўнай Рады Барыслава Бэрэзы, які падыход яму бліжэйшы:

- Трэба грунтавацца на нашых жыццёвых рэаліях. На сённяшні дзень мы бачым, што адбыўся расейскі аншлюс Беларусі. Краіна знаходзіцца пад поўным вайсковым і фінансавым кантролем РФ.

Тут важнае не толькі прыняцце Украінай дэкларацыі. Бо дэкларацыйнасць усякіх пастаноў Вярхоўнай Рады мае быць падмацаваная дзеяннямі. Трэба, напрыклад, ініцыяваць разбор на ўзроўні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, ААН, у іншых інстытуцыях, якія маглі б актуалізаваць беларускае пытанне.

Акрамя таго, трэба пачынаць наладжваць стасункі з беларускай апазіцыяй на дзяржаўным узроўні. Аднак памятаць аб тым, што за ўсе гэтыя гады Лукашэнка фізічна знішчаў яе. Іншай цяпер няма. З ёй трэба працаваць, дапамагаць узаемадзеяннем, кансультацыямі і працягваць руку.

Таксама трэба працаваць з лідэрамі грамадскай думкі і ствараць іх у Беларусі. Калі ж пасіўна чакаць, то будзе як у старой усходняй прымаўцы: «Ці доўга чакаць перамен да лепшага? — Калі чакаць, дык доўга!»

- У апошняй сваёй заяве Лукашэнка сказаў, што «Украіна будзе наша», а «тэма вайну адыходзіць на другі план». Як бы Вы пракаментавалі гэтыя словы?

- Пракаментую гэта словамі Івана Крылова: «Ай, Моська! Знать она сильна, что лает на Слона!». Лукашэнка — звычайны міньён Пуціна, які жыве за кошт датацый. Ён лётае на загад у Маскву, выконвае ўсе наказы Крамля, гаўкаючы выключна на яго патрабаванне.

Варта памятаць, што сабака, які брэша, не кусае. Гаварыць ён можа шмат чаго, а рабіць нічога не будзе. Ён баіцца вайны, таго, што яна прыйдзе ў Беларусь.

Ён разумее, што калі вайна прыйдзе ў краіну, то яго змятуць першай жа хваляй. Акрамя таго, заявы Лукашэнкі абсалютна дапасоўваюцца да парадыгмы Крамля. Ён кажа тое, што ім лёгка развіваць у сваёй інфармацыйнай прасторы. Не здзіўлюся, калі Лукашэнка заявіць яшчэ нешта такое.

У кожным выпадку, рэагаваць на словы міньёна Пуціна не абавязкова. З яго ўжо прырода пасмяялася. У старасці Лукашэнка працуе на падтанцоўцы ботакснай пачвары з Крамля. Ну хто на што вучыўся.

- У Беларусі безупынна праводзяцца супольныя «вучэнні», уводзяцца навацыі для вайсковаабавязаных. Адна з апошніх — электронныя позвы. Сёй-той з беларускіх афіцэраў кажа, што Лукашэнка ўсё ж такі рыхтуе краіну да вайны. Што чакае беларускіх вайскоўцаў, калі яны перайдуць мяжу з Украінай?

— Глядзіце, можа быць і другі, і трэці, нават чацвёрты заход, але тады беларусаў чакае ўкраінская «гарачая ветлівасць» у выглядзе «Градаў», артылерыі, мін, танкаў і ўсяго таго, што можа вылечыць «хваробу», якая называецца ўварванне ва Украіну.

Так, уварванне ва Украіну лечыцца волавам і напалмам, і мы ўмеем лячыць гэтую хваробу. Утылізавана ўжо больш за 300 тысяч расейцаў. Калі беларусы, выконваючы злачынны загад Лукашэнкі, захочуць далучыцца да акупантаў, калі яны хочуць украінскай зямлі, то змяшаюцца з ёй і стануць у ёй угнаеннем. Кожны акупант будзе знішчаны.

Аднак мяркую, што інстынкт самазахавання і вывучэнне досведу знішчаных расейцаў дапаможа беларусам выжыць і не заходзіць на тэрыторыю Украіны.

Калі ж ва Украіну зойдуць беларускія войскі, упэўнены, што полк імя Кастуся Каліноўскага, а таксама іншыя беларускія ахвотнікі змогуць актыўна дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі. Пагатоў неабходна з гэтай іскры распальваць полымя. Тады Лукашэнку будзе ўжо не да Украіны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках