29 красавiка 2024, панядзелак, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі забароняць расейскія тэлеканалы і папсу?

44
У Беларусі забароняць расейскія тэлеканалы і папсу?
Сяржук Доўгушаў

Краіну чакае рэвалюцыя і культурнае адраджэнне.

Сяржук Доўгушаў – не проста музыка, а адзін з галоўных папулярызатараў беларускага фальклору. Мала хто ведае, што менавіта ён быў сярод стваральнікаў "Вольнага хору", які ў 2020 годзе стаў адной з рухальных сіл пратэстаў.

Як пачыналася беларуская рэвалюцыя? Ці трэба ў Беларусі забараніць Баскава, Бабкіну і расейскую папсу? Чым беларусы адрозніваюцца ад іншых славян? Якім будзе беларускае Адраджэнне?

Пра гэта і не толькі Сяржук Доўгушаў расказаў у інтэрвію праграме Studio X-97 сайту Charter97.org. Вядоўца — Яўген Клімакін.

Падпісвайцеся на Youtube канал "Хартыі-97" – charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце “падабайкі” і пішыце каментары.

- Давай пагаворым пра «Вольны хор», пра гэта нідзе не было, ні ў якіх мэдыях. Як для цябе гэта ўсё пачалося?

- Усё пачалося з песеннай рэвалюцыі, якая адбывалася ў 2020 годзе, калі спявалі паўсюль на вуліцах, калі спявалі ў дварах, калі гучалі нашы песні на сходах філармоніі і гэтак далей. Былі людзі, для якіх гэта была адна мэта, для якіх гэта быў цэлы песенны рух. Вось так зарадзіўся “Вольны хор”, а я – адзін з арганізатараў, стваральнікаў. У нас была сапраўдная сям'я, кожны займаўся сваёй справай, але мы рабілі нешта агульнае.

Часам ніхто не ведаў імёнаў тых, хто далучаецца, тых, хто спявае. Сапраўды, усё было максімальна сакрэтна, кожны выконваў сваю ролю, кожны рабіў нешта на карысць беларускага адраджэння, беларускай песні, і тыя моманты я ўспамінаю недзе з болем, недзе з пачуццём гонару. З пачуццём, што гэта было песеннае адраджэнне Беларусі, калі ў кожным куточку гучала беларуская песня.

Я быў таксама ініцыятарам таго, каб гімн "Пагоня" гучаў паўсюль. Разам з Паўлам Белавусам, які цяпер знаходзіцца ў турме, мы актыўна папулярызавалі наш гімн. Выходзілі відэа, у якіх мы вучылі, як спяваць наш спрадвечны гімн. Відэа з аркестрам (цяпер яго не знайсці) набрала больш за мільён праглядаў – гэта гімн “Пагоня”.

Калі ў гандлёвым цэнтры гучаў гімн, людзі з такімі апладысментамі сустракалі "Вольны хор"! Задача была — максімальна пашырыць нашу песенную спадчыну. У мяне з'явілася жаданне яшчэ больш нашых песень данесці людзям. Калі быў дзень выбараў, я зрабіў наш першы песеннік. Ён называўся "Годныя песні". Бел-чырвона-белы. Проста песні, якія больш за ўсё любілі і спявалі беларусы і ў 2020 годзе, і ўвогуле, гэта песні, якія вельмі моцна адгукаліся ўсім.

— А раскажы крыху пра ўнутраную кухню, як гэта ўсё адбывалася? Ты прыдумваў, нехта іншы, што сёння ў канкрэтным месцы, у гандлёвым цэнтры сустракаюцца людзі і спяваюць «Пагоню».

- Гэта цэлая суполка людзей. На жаль, не магу расказаць пра ўсіх і не магу розныя драбніцы выдаваць, бо гэта будзе небяспечна. Быў адказны за акцыі чалавек, і гэта стваралася часам спантанна, але была пэўная тэма, пэўнае месца, калі людзі выходзілі, а ўсё было падрыхтаванае настолькі, каб усё было бяспечна. І я магу сказаць, што за ўсе гады існавання “Вольнага хору” ніколі не было затрыманняў дзеля праведзенай акцыі. Прыходзілі пазней, затрымлівалі на працоўным месцы, але падчас самой акцыі ніколі не затрымлівалі.

Адбываўся проста цуд — зніадкуль узнікалі людзі і пачыналі спяваць. 2021 год, ужо была вельмі напружаная атмасфэра, нават калі ўтрох збіраешся дзе-небудзь – страшна, што па цябе прыйдуць. З восені ўжо затрымлівалі людзей на канцэртах, нават на інтэрнэт-канцэртах. У гурта «Разбітае сэрца пацана» праходзіў напаўзакрыты канцэрт, але прыехалі і затрымалі ўсіх: і артыстаў, і гледачоў. І заўсёды быў страх.

— Я бачыў, як вы з Маргарытай Ляўчук спяваеце песню «Ой, сівы конь бяжыць». Я быў перакананы, што гэта наша ўкраінская песня «Ой, чий то кінь стоїть».

- Гэта народная песня, якая была і ва Украіне, і ў Беларусі. Яна вандравала. Я чуў, як яе спяваў дзед са Століншчыны. І тэкст крыху іншы, і тэмп зусім іншы. (спяваюць).

- Як гэты інструмент называецца?

- Гэта колавая ліра, па-ўкраінску: колісна ліра, па-польску: lira korbowa. Старажытны інструмент.

- Гэта беларускі народны інструмент?

- Я б сказаў, што ён і ўкраінскі, і беларускі. Наогул, такі ўсходнеславянскі інструмент. Яго карані сыходзяць у Сярэднявечча. Гэты інструмент мае такую прыроду, а ва ўкраінцаў і беларусаў ён мае асаблівую традыцыю, калі хадзілі па вёсках старыя, у нас іх называлі дзяды. Яны спявалі духоўныя псальмы, балады гістарычныя.

- Раскажы пра гэтыя інструменты. Гэта вось што?

- Гэта акарына. Акарына-рыба. Духавы драўляны інструмент, зрабіў яго беларускі майстар. Маю блізу 50 драўляных духавых інструментаў, дудачак розных. Вось жалейка. Вось парныя дудкі — наша традыцыя, былі здвоеныя дудачкі.

- Але ж ты оперны спявак першапачаткова.

- Не, я вучыўся ў Беларускай акадэміі музыкі і атрымаў прафесійную вышэйшую адукацыю. Да трэцяга курса мяне вялі як опернага спевака, потым я ў гэтым актыўна расчараваўся. Скончыў проста як спявак. У мяне ў дыпломе напісана: "спявак, выкладчык і саліст хору". Нешта такое.

- Ты з 2012 года, калі я не памыляюся, ездзіў у экспедыцыі ў вёскі і сёлы.

- Гэтым я, магчыма, прыйшоў яшчэ больш да сябе, да нашай гісторыі, да адчування, самаідэнтыфікацыі сябе як беларуса, як прадстаўніка нацыі. Праз песні, гісторыі. Сумую менавіта па гэтых месцах. Мне не надта хочацца ў Менск вярнуцца і хадзіць па вуліцах Леніна, Дзяржынскага і гэтак далей, глядзець на помнікі, на натоўпы амонаўцаў і міліцыянтаў. А вось у вёску прыехаць, дзе гэтага нічога няма… Вось яна была такой і 20 год таму, і 50, такая і ёсць. Нашы хаты.

— А ёсць якая-небудзь пані Вольга альбо Таццяна, якую хацелася б праведаць?

- Іх вельмі шмат. Дзясяткі бабуль і дзядуль, з якімі сябрую, з якімі ўвесь час стэлефаноўваюся. Мне нават учора тэлефанавалі і песні спявалі. «Ой, Сярожа, успомнілі новую песню, давайце праспяваем». Вядома, я вельмі хвалююся, што ўжо і здароўе ў іх не тое. Часам баішся ім тэлефанаваць, бо нехта ўжо адышоў. У старых людзей — адзін год як нашых дзесяць. Вельмі хутка яны адыходзяць.

- Ты да 2018 года працаваў у філгармоніі ў Менску. Я ведаю, што там былі гісторыі, калі цябе запрашалі на працу ідэолагі і супрацоўнікі КДБ. Можам аб гэтым пагаварыць? Што было прычынай?

- Мае гастролі. Я вельмі часта выязджаў у Чэхію і Польшчу з канцэртамі. І галоўны ідэолаг кожны раз, калі яму тэлефанавалі, мяне выклікаў: «Сяргей Васільевіч, падыдзіце ў нейкі кабінет. Раскажыце, дзе Вы былі. Нам затэлефанавалі, Вы адзначыліся з людзьмі на фатаграфіях…»

- А з якімі людзьмі, не казалі?

- Не кажуць ніколі. «Вам добра ў філгармоніі? Вы хочаце працаваць далей? Вы глядзіце, падумайце». Пасля яшчэ выклікалі. А неяк прыходжу, а там сядзіць хлопец, нават маладзейшы за мяне. "Да Вас прыйшлі, Сяргей Васільевіч". У мяне ўпершыню была такая гісторыя. Ён са мной ідзе і пачынае: "Я Сяргей". З таго моманту з’явіўся нейкі Сяргей, які ўвесь час мне тэлефанаваў. Які проста прыходзіў і назіраў. Мы тры разы з ім сустрэліся. Першы раз сустрэліся, калі ён усё распытваў: «А хто вось гэты чалавек? А што пра яго можаш сказаць?» Вельмі непрыемна было. Я пачынаю згадваць, што нешта падобнае ў беларусаў было і раней, за савецкай уладай. Другая сустрэча — гэта ўжо пагрозы: «Так, Сяргей Васільевіч. Вы ж сядзелі ў 2010 годзе. Вы ж не хочаце зноў туды трапіць. У Вас могуць быць праблемы». Пагрозы-пагрозы, а трэцяя сустрэча — гэта вербаванне. Мы ідзём з ім, размаўляем. Я якраз прыехаў з Чэхіі. «Як там у Чэхіі? Добра пагулялі?» Ён пра мяне ўсё ведаў. Куды паехаў, што рабіў. «Ты куды ідзеш? У Купалаўскі тэатр? Можа, ты хочаш там працаваць? Мы можам цябе прызначыць, будзеш працаваць. Ты ездзіш у экспедыцыі, можам прызначыць цябе ў Інстытут культуры, будзеш мець добры заробак і там працаваць. Давай!»

У той момант я проста ўвесь быў напружаны. Табе ў кожную сэкунду могуць затэлефанаваць, маеш адчуванне, што за табой увесь час сочаць. А потым мне адзін добры чалавек параіў: «А ты пачні пра гэта расказваць усім. І калі наступным разам з ім сустрэнешся, проста папрасі сфатаграфаваць ягонае пасведчанне». Больш з ім не сустракаўся, чалавек проста знік. А аднойчы прыязджаю ў сваю кватэру, а ў мяне зламаныя дзверы. Не ведаю, ці звязана гэта, але, мабыць, звязана. Увесь замок раструшчаны, нічога з кватэры не вынесена. Калі гэта рабілі зладзеі, то яны хаця б нешта скралі.

- Якія цяпер настроі ў філгармоніі, у оперным тэатры? Ты ж знаеш людзей, якія там працуюць.

- Хто даўно працуе — трымацца да пенсіі. Тых, хто ўдзельнічаў — або звольнілі, або яны з'ехалі. Хтосьці стаў прыслугоўваць, заробкі добрыя. І ёсць тыя, якія: «А што мы робім? Мы выступаем. А што нам рабіць?» Нават на дзяржаўных канцэртах выступаюць. Ёсць тыя, якія мяркуюць, што яны слушна робяць.

— Свет загаварыў пра Акрэсціна і тыя жахі, якія там рабіліся, у 2020 годзе. Што там адбываецца, ты асабіста ўбачыў у 2010-м.

- Для мяне ўся гэтая жудасная гісторыя і разуменне, што і як, пачаліся ў 2010 годзе, калі я выпадкова трапіў за тыя муры. Тады была меншасць тых людзей, якія выходзілі на плошчы, якія казалі, якія былі супраць. Бо ў большасці людзі жылі, хадзілі на працу. Хтосьці меў больш-менш нармальныя заробкі. Ну і жылі.

- Цябе фармальна за што ўвабралі?

- Выпадкова. Я апынуўся на плошчы, потым я абараніў адну дзяўчыну.

- 15 дзён. Што там рабілася з табой?

- Гэта аблегчаная версія таго, што там адбываецца пасля 2020 года. Збіванне, жудасныя варункі знаходжання, запаленае святло. Цяпер 15 дзён гучыць інакш, кожны другі беларус пабываў. На той момант гэта здавалася жахлівым. І вайны ва Украіне тады не было. І здавалася, што за жах, калі перад табой б'юць дзяўчыну аб стол, калі ломяць табе пальцы, калі раздзяваюць і выкідваюць на калідор, калі проста не перадаюць табе перадач, калі ты ўвесь сіні і не маеш лекаў, а табе даюць аспірын, каб не здох, а здохнеш — нармальна. Гэтыя ахоўнікі, гэтыя каты, якія ў 2020-м яшчэ больш сябе выявілі, яны ўжо былі, усё гэта было.

- У 2020 годзе яны больш азвярэлі, і ты пра гэта гаворыш. Як думаеш, чаму?

- Сама сістэма гэта падтрымлівае. Сама сістэма дае кватэры, дае ўзнагароды, ордэны і кажа, што здзекавацца з людзей ні завошта — гэта нармальна. Нармальна даваць тэрмін чалавеку, які любіць сваю краіну і робіць усё для яе, называць яго здраднікам, экстрэмістам і даваць яму 10-15 гадоў турмы.

Разумею, што гэта прыстасаванцы, якія атрымліваюць добрыя бонусы, кватэры, грошы. Але яны няшчасныя людзі. Не аднойчы назіраў, што тыя, хто працуе на сістэму, увечары, вярнуўшыся з працы, напіваюцца, зрываюцца на сваіх дзецях, сем'ях. Калі ты чыніш зло — у кожным выпадку яно цябе будзе пажыраць.

- Амаль 10 гадоў экспедыцый, стасункаў з рознымі людзьмі. Што ты зразумеў аб уласным народзе?

- Вельмі шмат было маіх разважанняў. Перайшоў толькі на беларускую мову. Бо бачыў гэтых людзей, калі да іх прыязджалі з места, то яны стараліся размаўляць па-расейску, але гэта было з такімі акцэнтам, што нават смешна.

Яны спяваюць свае песні. Яны так жывуць, і ў гэтым яны сапраўдныя, яны натуральна выглядаюць. І я гэтаму вучыўся. Па-другое, яны сцерагуць сваё, часта кажуць, што ўжо гэтымі песнямі не цікавяцца, але для іх гэта скарб. Мне падаецца, што шмат хто з беларусаў задумаўся. Можна не слухаць у слухаўках народныя песні, але шанаваць і стаяць за іх гарой — гэта нашы песні. Самае важнае, што гэта пераемнасць пакаленняў — спяваць песні, якія ім перадалі бабулі, прабабулі, а яны перадаюць іх нам. У гэтым ёсць павага, беражлівасць і нашы самабытнасць і асаблівасць.

- А чым беларусы адрозніваюцца ад іншых славян?

- Сваёй гісторыяй, сваёй культурай, сваёй ментальнасцю, сваімі песнямі. Вось менавіта арыгінальнасць і асаблівасць — гэта наша традыцыйная культура, ні з кім не зблытаеш. Калі будзем больш у гэтым разбірацца — мы будзем сябе прасцей пазначаць сярод іншых народаў. Чаму тыя ж вугорцы яшчэ на пачатку XX стагоддзя пачалі ствараць свае дамы танцаў і свае песні? Бо ў песні, у культуры хаваецца наш гістарычны код і наша самаідэнтыфікацыя.

- Сяржук, «савок» шмат рабіў для таго, каб нерасейская культура была на ўзроўні сёл, вёсак. А "сур'ёзная", "вялікая", "сапраўдная" — апрыёры была толькі адна. І як адзін з вынікаў — цяпер у розных краінах, якія былі пад гэтым саўкова-расейскім каўпаком, ёсць такое адчуванне, што наша культура — гэта такая «вясковая», ва Украіне казалі «шараваршчына». Што зрабіць, каб выйсці з гэтых комплексаў і прыняць, што няма адной вялікай культуры, а наша — гэта таксама файна.

- Мне здаецца, што сапраўды над Беларуссю быў пастаўлены нейкі эксперымент. Што трэба зрабіць, каб настолькі не любіць сваё, настолькі не ведаць, а яшчэ назваць вуліцы імёнамі тых катаў, якія забівалі тысячамі беларусаў. Гэта проста такі здзек. І калі гэта зразумець, можна проста жахнуцца.

Мне здаецца, ёсць адно выйсце — паказваць праўдзівае, паказваць альтэрнатыву ўсяму гэтаму. Калі я выступаў у школах, дзеці любілі гэтыя канцэрты. Калі выходзяць спяваць Дунаеўскага або расказваюць пра вялікага Пушкіна — дзецям гэта нецікава. А Леніна больш увогуле ніхто не ведае. Калі я даставаў інструменты і граў, то дзеці, якія раней ніколі іх не бачылі, слухаюць сучасную музыку – у іх усё роўна нешта ўнутры пачынала граць. Гэта былі для іх самыя запамінальныя канцэрты, гэта тое, што яны будуць памятаць.

І я гэта назіраю на канцэртах, калі беларусы ідуць на сустрэчу да сябе, на сустрэчу да разумення, хто мы, што мы робім у гэтай краіне. І тут, вядома, ім шмат можна даць віртуальнага пажытку праз інтэрнэт, літаратуру, знайсці праўдзівую інфармацыю.

Калі ў Беларусі цяпер робяць усё, каб гэта знішчыць, каб у людзей была толькі «Вялікая Айчынная вайна» і «вялікі» савецкі здабытак, то наша справа — рабіць так, каб людзі ведалі альтэрнатыву, праўдзівую, сапраўдную. Упэўнены, той жа адзінаццацікласнік, які цяпер вучыцца ў беларускай школе дзе-небудзь у Менску або Баранавічах, усё адно мае сумневы ў тым, што яму кажуць. «Рабі гэта. У нас было так. У нас быў вялікі, мудры Ленін». А ён карыстаецца інтэрнэтам, разумее, што не можа быць толькі чорнае, ёсць і белае, і чырвонае, і зялёнае, і якое хочаш.

- Ацані, калі ласка, на твой погляд, наколькі добра беларусы ведаюць сваю культуру. Ад 1 да 10.

- Не магу казаць пра ўсіх беларусаў. Магу сказаць, што пасля 2020 года зацікаўленасць вялікая, такая, што людзі пачалі адкрываць для сябе новыя імёны, кірункі дзейнасці, фальклорам больш сталі цікавіцца. Але пакуль цяжка.

- Больш за пяць альбо менш?

- Я аптыміст. Больш за пяць, вядома. І што мы разглядаем? Напрыклад, тыя, хто цяпер жыве ў Еўропе, будуць цікавіцца больш. Назіраў такую сітуацыю, калі гастраляваў па ЗША; тамака вельмі вялікая зацікаўленасць сваім. Не памятаю, каб раней столькі людзей збіралася на Купалле, Каляды. Была суполка, але эмігранты не так цікавіліся. А цяпер новая хваля прыязджае, ім цікава, якая тут супольнасць, якія святы праходзяць. І гэта вельмі радуе, што на эміграцыі зацікаўленасць большая за сем балаў.

А ў Беларусі можа быць па-рознаму. Так склалася сітуацыя. Калі мы глядзім на правінцыю, на раённы цэнтр — людзям не да культуры, людзям хочацца неяк выжыць у гэтым усім, людзям хочацца зарабіць сабе на хлеб, на малако, каб не было нічога — ні палітыкі, ні вайны, каб іх не чапалі проста. Ім не да культуры, ім трэба неяк выжываць у тых варунках, якія склаліся.

— Ёсць такая думка, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае, таму і дзяржава знішчае і ўласную мову, не дае ёй развівацца, сцяг не беларускі і гэтак далей, і гэтак далей. Як ты думаеш, чаму гэта робіцца? Ці бачыш ты ў гэтым прычыну, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае.

— Мне здаецца, ужо выхавалася цэлае пакаленне тых людзей, якія проста знішчаюць і далей нішчаць усё беларускае і ўсіх беларусаў. Гэта людзі, якія даўным-даўно здрадзілі. Мне падаецца, гэта проста эксперымент над краінай, над беларусамі, які пачаўся яшчэ ў 30-х гадах.

Калі я чытаю працы нашых этнографаў, нашых пісьменнікаў, паэтаў, калі іх судзілі за тое, што яны рабілі нешта на карысць Беларусі, прызнавалі іхнія творы "экстрэмісцкімі" і проста знішчалі, мы бачым, што гэта адбываецца і сёння. У нас няма “незалежных мэдый” цяпер, гэта ўсё “экстрэмісцкае”.

Гляджу афішу сваіх імпрэз, быў фэст, які я ладзіў, канцэрт, а лагатыпы інфармацыйных партнёраў на афішы — усе «экстрэмісцкія». Што гэта? Гэта акупацыя, знішчэнне ўсяго. У нас цяпер у мэтро беларускую мову прыбіраюць, лацінку прыбіраюць, замест гэтага расейскую ставяць.

- Дзякуючы чаму, дзякуючы каму табе ўдалося не страціць сваю беларускасць? У сітуацыі, калі ў свеце, які цябе акаляе, зачышчаюць усё поле, каб было ўсё толькі расійскае.

- Мне здаецца, важную ролю адыгрывае адукаванасць людзей, разуменне, хто ты ёсць, любоў да свайго. Мне дапамагае тое, што я трымаюся сваіх людзей, свайго асяроддзя. У эміграцыі вельмі прыкметна, хто свой, а хто не. Людзі культуры, людзі, якія цяпер жывуць за межамі краіны, яшчэ больш клапоцяцца, каб гэта захаваць. І нам пра гэта трэба думаць, бо за мяжой складаней захаваць культуру, калі навокал столькі ўсяго новага, столькі іншых кірункаў і толькі трымацца свайго, толькі трымацца сваіх людзей і ствараць разам.

— Украіна прайшла шлях ад абмежавання, нават забароны, закрыцця «зліўнога бачка», як я гэта называю, з усялякімі Бабкінамі, Баскавымі ды іншымі. На тваю думку, ці варта Беларусі прайсці шлях забароны, абмежавання на культурны або так званы культурны прадукт.

- Мне здаецца, што нават калі б не перашкаджалі і не было б забароны, думаю, пакрысе людзі самі адышлі б ад гэтага. Першае, трэба не забараняць, а данесці людзям, што ёсць вашае. Мы маем свой нацыянальны гімн, маем сваю мову. У нас, вядома, складаная сітуацыя, калі на пачатку 90-х пастанавілі, што можа быць не адна дзяржаўная мова. Мяркую, што мае быць адна дзяржаўная — беларуская мова. Але ў нашай сітуацыі гэта трэба больш гнутка рабіць, больш акуратна.

Не забараніць адразу ўсе каналы. Не, сёння мы прыбралі з Беларусі некалькі расейскіх каналаў, праз тры гады — яшчэ адзін, праз пяць — яшчэ два, у нас можа застацца адзін на нейкі час для пенсіянераў, якія настальгуюць аб савецкіх песнях і гэтак далей. Спакваля, нельга адразу. Усякая забарона выклікае пратэст.

- У кантэксце рэвалюцыі 2020 года часцей за ўсё гавораць пра тое, чаму не атрымалася, якія памылкі здзейснілі. Цябе хачу спытаць, на твой погляд, што добрага адбылося?

- Першае, беларусы паверылі ў сябе, беларусы адкрылі для сябе, што ёсць наша культура, хто мы ёсць. Частка людзей, якіх сустракаю за мяжой, кажуць: "Я перайшоў на беларускую мову пасля 2020 года". Другое, людзі пачалі больш аб'ядноўвацца, людзі пачалі ісці разам за агульнай ідэяй. Самае важнае, што яны ўбачылі, што іх — большасць. Калі месты выходзілі амаль усе, калі вуліцы былі настолькі запоўненыя людзьмі. І гэта людзі, якім неабыякавы лёс Беларусі. Людзі, якія паўсталі. Людзі, якія за тое, каб наша краіна жыла лепш.

- Гэта ў беларусах засталося? Капітал спрацуе яшчэ?

- Ёсць крыўда, ёсць боль, ёсць закрытасць і расчараванне. Але ўнутры захавалася. Як толькі будзе нейкі штуршок — гэта ўсё зноў з'явіцца.

- Паасобныя ўдзельнікі «Вольнага хору» былі затрыманыя. Хтосьці дагэтуль за кратамі. Паводле тваіх падлікаў, колькі людзей прайшлі праз “Вольны хор”?

- Мне здаецца, некалькі сотняў чалавек спявалі разам.

- Гэта ўсё прафесійныя музыкі?

- Не. Былі розныя людзі. Калі адбываліся акцыі, маглі людзі проста далучыцца з вуліцы і пачаць спяваць. Людзі далучаліся, спявалі і знікалі. Ніхто не ведаў, хто гэта і як гэта. Быў такі час. Сам настрой і сам дух, калі хацелася людзям спяваць, хацелася гучаць.

- А што цяпер?

- Цяпер жыццё працягваецца, усё перанеслася за мяжу. Я адышоў ад спраў "Вольнага хору". Ён існуе і працягвае канцэрты. У гэты час я заснаваў Варшаўскі вольны аркестр. Ён таксама ёсць, гастралюе, гучыць, грае. Маю і іншыя праекты, ёсць чым займацца. Цяпер таксама з'яўляюся дырэктарам «Дома Творцаў» — гэта цэлы дом, такая пляцоўка для дапамогі рэпрэсаваным беларусам. У нас адбываецца шмат цікавых праектаў, выставак і гэтак далей.

- Сяржук, так спантанна, але раптам… Ты б мог успомніць якую-небудзь гісторыю з гэтага досведу «Вольнага хору», якая найбольш у памяці засталася. Канкрэтны выступ, нейкая канкрэтная размова.

- Першы песеннік, які выйшаў — «Годныя песні». Як людзі пісалі, як хацелі атрымаць гэты песеннік. Той песеннік, які можна ўзяць з сабой, пакласці ў кішэню. Бо інтэрнэт вымыкалі. Немагчыма было знайсці гэтыя тэксты. А гэты песеннік быў зручны, яго ў кішэню паклаў і пайшоў спяваць. Мяне запрашалі ў двары вельмі часта, усе двары спявалі, усе двары чакалі, што да іх прыедуць і прасілі: «А дайце нам гэты песеннік. Дайце нам гэтыя тэксты».

Настолькі была сяброўская атмасфэра. Не памятаю, у якім двары менавіта, у якой мясціне гэта было, але мы прыехалі і як быццам усе людзі выйшлі на двор і стварылі вакол нас велізарнае кола, мы стаялі ў цэнтры і спявалі.

Усе мелі песеннікі, гарэлі свечкі, гарэлі ліхтары, і мы спявалі песні. І “Пагоню” спявалі, і такія гіты двароў, як “Тры чарапахі”, “Простыя словы”. І ў той момант, калі мы пачалі спяваць песню “Гані быкоў – вярнецца воля”, мы заўважылі, як вакол нас сабраліся 10-15 аўтазакаў. Такія жалезныя гаргары. І што адбываецца: нас правялі ў пад'езд, у нейкую кватэру, схавалі, а потым нас асцярожна праз службовы ўваход вывелі і завезлі дадому. Настолькі было арганізавана ўсё.

Былі і пачастункі. Кожны нешта рыхтаваў, выносіў гэта на двор. І гэтыя двары былі свайго кшталту адраджэннем, такім сяброўскім, сямейным колам людзей. Суседзі, якія не зналі адзін аднаго, сталі адным цэлым, як адна сям'я.

- Быў час, калі ты жыў, як ты казаў, на тры краіны. Злучаныя Штаты Амэрыкі, Беларусь і Польшча. Цяпер як?

- Цяпер я больш знаходжуся ў Польшчы, але прыязджаю ў ЗША, бо там маю сяброў, канцэрты, гастролі. Але мне падабаецца ў Польшчы, тут вельмі блізка духам. І я кажу, што неаднаразова блытаў Варшаву з Менскам. Тут столькі прыехала людзей розных кірункаў, увесь сэрвіс па-беларуску. Іду ў кавярню беларускую, іду рамантаваць аўтамабіль у аўтасалон, стаматолагі і гэтак далей. І такое параўнанне, што мы ўсё адно жылі сваёй Беларуссю ў Беларусі. У Менску гэта была нейкая група людзей. Тое ж самае і тут — мы жывём супольнасцю. Ёсць прыклад здаровай нацыі, калі мы бачым, што людзі не баяцца публікаваць свае думкі ў інтэрнэце, могуць выказваць сваё меркаванне, людзі, якія радуюцца на канцэртах, не баяцца, што нехта ўварвецца, затрымае іх, пакладзе на падлогу. Пачынаем здаравець. Тут ёсць прыклад: мы жывём у Еўропе і бачым, што тут жыць нармальна. Без гвалту, як мы жылі ў маніякальным асяроддзі столькі гадоў. Нам трэба лячыцца. Шмат каму патрэбная псіхатэрапія, і трэба зноў паверыць у сябе і свае магчымасці.

- У інтэрвію, калі я не памыляюся, «Радыё Свабода», ты сказаў, што ў Злучаных Штатах Амэрыкі вельмі цяжка зарабляць і жыць з культуры. Чаму?

- Самае галоўнае, што мы не нарадзіліся там. Тым людзям, якія нарадзіліся ў ЗША, прасцей. Іншае асяроддзе, іншае разуменне. Мне здаецца, трэба ўвайсці ў гэтае грамадства. Шмат хто не можа ўвайсці, не можа на такім узроўні вывучыць ангельскую мову, каб пайсці на нармальную працу. Бачу такіх і палякаў, і беларусаў, і ўкраінцаў, якія далей жывуць у сваёй замкнёнай супольнасці, ідуць на самыя простыя працы — фургонамі кіраваць, будаўніцтва, крамы. І ў гэтым застаешся. Тут праблема, што ты не можаш дазволіць сабе займацца культурай. Патрэбны пэўны час, каб стаць на ногі і нармальна працаваць, каб здымаць кватэру, каб забяспечваць сваю сям'ю. А потым мінае час, ты азіраешся, а табе ўжо 50. Культура становіцца хобі.

І настолькі шмат там усяго было і ёсць, што прыехаць і паказаць нешта новае, каб на гэта сапраўды ішлі людзі, а яшчэ і зарабляць з гэтага — не так проста. Плюс уся культура скіраваная на тое, што ўсё асноўнае адбываецца з пятніцы на суботу, з суботы на нядзелю. Два дні на тыдзень маеш імпрэзы, якія ты можаш сабе дазволіць. У іншы час ты ідзеш працаваць. Тамака такія адлегласці: каб прыехаць на канцэрт, трэба выдаткаваць гадзіну і больш. І ўсе людзі жывуць за местам, сабраць людзей на нейкую імпрэзу — лепш рабіць у суботу-нядзелю. У Польшчы можна і ў панядзелак схадзіць на такую імпрэзу, а за вечар патрапіць на тры або чатыры.

- Я задаю гэтае пытанне ўсім. Як перамагаць?

- Першае — гэта перамога над сабой. Зрабіць пэўныя намаганні, і я гэта раблю. Штораніцы ўстаю і складаю спіс спраў, якія трэба зрабіць, большасць гэтых спраў звязаныя з беларускай культурай. Шмат праектаў, шмат імпрэз, выдавецкая дзейнасць, адукацыйная дзейнасць. Гэта і ёсць мая перамога. Мая перамога над сабой. Таму што часам агортвае і нуда, і бяссілле, і момант, калі я хачу вярнуцца ў сваю вёску Тарчылава, проста пахадзіць па родных мясцінах. Я гэтага не магу зрабіць. Разумею, што маю зямлю акупавалі.

Мне хацелася б, каб мы маглі быць там, дзе нам захочацца. Хачу сёння паехаць у вёску — паехаў. Мая мара такая: каб мы маглі ўсё прыязджаць на сваю зямлю. Бо нашу зямлю адабралі, але яна ўсё роўна належыць нам. Мы носім яе з сабой, мы спяваем нашы песні, мы ведаем нашу гісторыю і гэтак далей. Гэты кавалачак нашай радзімы заўсёды з намі. Але хочацца сустрэцца на нашай зямлі. І гэта будзе не толькі хор, гэта будзе не толькі аркестр — гэта будуць усе беларусы. Той, хто называе сябе беларусам, будзе стаяць і спяваць "Пагоню" са слязамі і на памяць. Думаю, гэта самая вялікая мара.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках