ЦВК Украіны апрацавала ўсе 100% пратаколаў
7- 23.04.2019, 18:28
- 14,958
Вынік Уладзіміра Зяленскага пабіў гістарычны рэкорд краіны.
Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Украіны апрацавала 100% пратаколаў з выбарчых пунктаў. У выніку другога тура перамогу атрымаў Уладзімір Зяленскі, які набраў 73,22% галасоў. Ягоны апанент Пятро Парашэнка атрымаў 24,45% галасоў. 2,3% бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.
Другі тур выбараў прэзідэнта Украіны адбыўся 21 красавіка. Высокія вынікі Зяленскага паказалі першыя ж апублікаваныя экзітполы.
Такой высокай падтрымкі, якую атрымаў Зяленскі, раней не дамагаўся ніводзін прэзідэнт.
Леаніда Кучму, адзінага прэзідэнта Украіны, абранага на два тэрміны, на выбарах 1994 года падтрымалі 52,15% выбаршчыкаў, а на выбарах 1999 году - 56,25%. Віктару Юшчанку на выбарах 2004 году давялося аспрэчыць вынікі другога тура ў Вярхоўным судзе. Паўторны другі тур прынёс яму 51,99% галасоў. На выбарах 2010 года Віктар Януковіч у другім туры выбараў заручыўся падтрымкай 48,95% выбаршчыкаў, а Пятро Парашэнка ў 2014 годзе перамог у першым туры, набраўшы 54,7%.