18 траўня 2024, Субота, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Унікальныя велікодныя звычаі беларусаў: дзе шануюць каменную дзяўчынку?

6
Унікальныя велікодныя звычаі беларусаў: дзе шануюць каменную дзяўчынку?

У рэгіёнах захаваліся старажытныя традыцыі.

У Беларусі праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень 5 траўня. Фарбаваць яйкі, асвячаць іх, гуляць імі “ў біткі” і катаць іх з горкі – традыцыйныя велікодныя традыцыі беларусаў і ўсіх усходніх славян. Але ў некаторых вёсках і мястэчках людзі ўносілі разнастайнасць у святкаванне Вялікадня, прыдумляючы свае звычаі. У некаторых месцах яны жывуць дагэтуль і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а недзе яны застаюцца толькі ва ўспамінах, піша belarus.kp.ru.

На Палессі паляць вогнішчы і прыбіраюць «дзяўчынку»

У вёсцы Данілевічах Лельчыцкага раёна свая ўсяночная - пасля малітвы і асвячэння велікоднай ежы ўвечары ў суботу прынята запальваць вогнішчы каля дамоў і спаць, не распранаючыся і не выключаючы святло ў доме. Людзі кажуць, што так яны заклікаюць да сябе Ісуса Хрыста.

А яшчэ на Вялікдзень у Данілевічах ідуць да «каменнай дзяўчынкі». Так называюць камень, які нагадвае сваімі абрысамі і крыж, і постаць чалавека, у якой выразна бачныя галава, плечы і нават сподні крыжык. З паданняў, гэта дзяўчынка, якая скамянела праз матчын праклён у канцы лета, у гарачую пару збору ўраджаю. Дзяўчынка разам з мамай жала жыта, вязала снапы. Нечакана неба зацягнула хмарамі - вось-вось палье дождж. Маці, хвалюючыся, што снапы прамокнуць, пачала спешна складаць іх у копы і дачку падганяць, каб хутчэй рабіла. А дзяўчынка стамілася і надумала адпачыць. Тут маці і выказала ёй у сэрцах тое самае фатальнае «пажаданне»: «Ды каб ты каменем стала!» Неба, нібы пачуўшы страшныя словы, счарнела, паднялася бура, а калі сціхла - на месцы дачкі жанчына ўбачыла камень.

Нягледзячы на ўсю трагічнасць гэтай гісторыі, мясцовыя жыхары ўважаюць камень абярэгам. «Дзяўчынку» прыбіраюць у хустачку, фартушок, упрыгожваюць кветкамі. Напярэдадні Вялікадня да яе прыходзяць вясковыя жанчыны, каб памаліцца Богу, папрасіць прабачэння за грахі, прыносяць да каменя пачастункі - фарбаваныя яйкі, велікодныя пірагі. Стары «ўбор» спальваюць, прыгаворваючы: «Ідзі да Бога дымам!»

У нядзелю на Вялікдзень «дзяўчынку» наведваюць усе жыхары вёскі. Ёй зноў нясуць пачастункі, упрыгожваюць яе стужкамі, ручнікамі, каралямі. Тут людзі і моляцца, і жаданні загадваюць, і віншуюць адзін аднаго са святам, спяваюць велікодныя песні.

Традыцыі пакланення «каменнай дзяўчынцы» нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Водзяць карагоды на добры ўраджай і праводзяць хрэсны ход

У паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень па дварах хадзілі валачобнікі. Яны спявалі гаспадарам святочныя заздароўныя песні, зычылі ўсялякіх даброт і атрымлівалі за гэта пачастункі. Традыцыя гэтая мала дзе засталася. Але спяваць на Вялікдзень песні з пэўным сэнсам не перасталі.

У вёсках Гадзічаве і Маркавічах у Гомельскім раёне ў 2007 годзе адрадзілі абрад «Ваджэнне Сулы». У слова «сула» розныя значэнні, адно з іх - «дзіда», што родніць абрад з вядомым «Ваджэннем Стрэлы», «якія замыкалі» вясну. Сулу водзяць, каб быў добры ўраджай і для абароны вёсак ад маланкі.

Для гэтага жанчыны і дзяўчаты на другі дзень Вялікадня прыбіраюцца ў маляўнічыя аўтэнтычныя ўборы, якія шыюцца толькі ў гэтай мясцовасці. Пачынаецца дзейства ў Гадзічаве - тут водзяць старажытныя карагоды, спяваюць. А потым, узяўшыся пад рукі з песняй «Як ішла Сула» і прыпеўкамі пад гармонік ідуць у Маркавічы. На ўсіх скрыжаваннях карагоды паўтараюцца, а да іх удзельнікаў могуць далучыцца ўсе ахвочыя. У Маркавічах свята працягваецца.

Карагод водзяць і ў аграгарадку Бездзежы Драгічынскага раёна на Берасцейшчыне. Тут гэты абрад, вядомы ажно з XVIII стагоддзя, называецца «Стрылка». Таму што карагод дарослыя і дзеці водзяць не па колу, а «стралой». Збіраюцца пасля службы ў царкве ў першы дзень Вялікадня. Абрад сімвалізуе заканчэнне Вялікага посту і надыход сапраўднай вясны і прысвячаецца будучаму ўраджаю. Спачатку дзеці невялікімі групкамі выстройваюцца ў трох краях «стрэлкі» - яны сімвалізуюць зярняткі. Потым далучаюцца дарослыя, якія, узяўшыся за рукі, водзяць карагод і спяваюць старажытную песню «Ой, ляці, ляці, Стрэлка». Дарэчы, тут на жанчынах можна ўбачыць знакамітыя бездзежскія фартушкі. Яны настолькі ўнікальныя, што ў вёсцы для іх створаны музей. Ці жарт – у кожнай бездзежскай дамы ў былыя часы быў амаль дзясятак арыгінальных, зусім па-рознаму вышытых фартухоў, прызначаных для кожнага вялікага царкоўнага свята.

А абрад «Стрылка» таксама ўнесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, як і «Намскі Вялікадзень» з вёскі Обрава ў Івацэвіцкім раёне Берасцейшчыны.

Обраўскі абрад - гэта хрэсны ход, які здаўна праводзіўся ў першы чацвер пасля Вялікадня. Гісторыя ягонага з'яўлення звязаная з цяжкімі часамі, калі ў вёсцы пачалі хварэць і паміраць дзеці, і ніхто не мог нічым дапамагчы. Хтосьці са старажылаў падказаў: трэба жанчынам за адну ноч выткаць ручнік для абраза Божай маці і абысці з ім усю вёску. Так мясцовыя жыхаркі і зрабілі. З абразом, абгорнутым саматканым ручніком, абышлі з малітвамі ўсе дамы ў вёсцы, спыняючыся каля кожнага з малітвамі і дабраславеннем. Бяда з вёскі пайшла. А звычай застаўся.

Святочная працэсія з тым самым абразом, харугвамі, крыжам, з велікоднымі песнапеннямі адпраўляецца ад Свята-Міхайлаўскай царквы па вёсцы. З кожнага дома выносяць стол, на якім ставяць велікодныя пачастункі, кветкі, ахвяраванні для царквы. Хрэсны ход спыняецца каля дома, святар бласлаўляе гаспадароў малітвай і акрапляе святой вадой. А «намскім» назвалі свята, бо добрая вестка прыносіцца персанальна кожнаму - гэта значыць, «нам Вялікадзень».

Кілаграм масла - на стол, яловыя лапкі - на падлогу

Масляны баран, якога ў Глыбоцкім раёне традыцыйна ставілі на стол на Вялікдзень, таксама ўключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны. Цікава, што для яго не трэба нічога акрамя сметанковага масла. Але яго трэба шмат - блізу кілаграма, а то і больш - і якаснага, пажадана хатняга, збітага ў маслабойцы. Перад Вялікаднем вернікі трымалі строгі пост, не дзіўна, што масла збіралася дастаткова. Вось і прыдумаў нехта не проста падаваць яго на стол, а ў выглядзе кучаравага баранчыка. У сям'і захавальніцы традыцыі Марыны Хрол з вёскі Мацюкова рэцэпт перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Таму менавіта ў яе масляны баран атрымліваецца такі, што людзі яго замаўляюць у яе і на вясельныя сталы, і на розныя святы.

Цікава, што масляны баранчык быў традыцыйнай велікоднай стравай у розных рэгіёнах Польшчы, Украіны, Чэхіі, Расеі. І пазіцыянаваўся не столькі як смачная страва (масла – яно і ёсць масла), а як арыгінальнае ўпрыгожванне велікоднага стала. Ёсць згадка баранчыка з масла і ў сур'ёзных кулінарных кнігах.

У вёсках перад Вялікаднем гаспадыні рабілі дома генеральную ўборку і даставалі з куфраў усё лепшае, каб упрыгожыць жыллё да вялікага свята - самыя прыбраныя вышытыя ручнікі, самыя прыгожыя тканыя посцілкі. А ў Магілёўскім раёне прынята ўпрыгожваць дом да Вялікадня яшчэ і яловымі галінкамі. Раніцай у суботу сем'ямі ішлі ў лес па свежую ігліцу і высцілалі лапкамі ў хаце падлогі. Яловыя галінкі, прынесеныя ў дом перад Вялікаднем, уважаліся за абярэг ад усіх бед.

Вялікдзень пачынаюць святкаваць ля магілаў.

У многіх вёсках Докшыцкага, Барысаўскага раёнаў на могілках прынята хадзіць не на Радаўніцу, а ў першы дзень Вялікадня. Прычым імкнуцца прыйсці як мага раней - а 8 гадзіне раніцы тут ужо шматлюдна, як на вясковай вуліцы ў святочны дзень. А самымі першымі павінны прыходзіць на могілкі тыя, хто пахаваў родных зусім нядаўна.

Магілы прыбіраюць і фарбуюць агароджы напярэдадні, а раніцай на Вялікдзень на іх сцелюць абрусы, выстаўляюць выпіўку і закускі. Праўда, у апошнія гады ўсё больш людзей адмаўляецца ад гэтага звычаю і аддае перавагу накрываць сталы дома. Але на большасці магіл усё адно стаіць талерачка і чарка - памерлым сваякам абавязкова пакідаюць выпіць і закусіць, а тым, хто паліў, яшчэ і цыгарэту могуць пакласці. Закуска звычайна сімвалічная - цукеркі, яблык, фарбаванае яйка (але ні ў якім разе не асвечанае, а ў першы год пасля пахавання яно і зусім павінна быць не фарбаванае). Кажуць, гэты звычай з'явіўся, калі цэрквы паўсюдна былі закрытыя. Людзі не пераставалі верыць у Бога, і не хацелі адмаўляцца ад велікодных набажэнстваў, таму запрашалі святара памаліцца на могілках - адтуль ніхто не адважваўся іх праганяць. З часам набажэнствы вярнуліся ў цэрквы, а традыцыя хадзіць з раніцы на могілкі засталася.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках