Улады забаранілі служэнне ў Беларусі яшчэ аднаму ксяндзу-паляку
9- 20.01.2019, 21:14
- 19,786
Ксёндз размаўляў з людзьмі і праводзіў набажэнствы на беларускай мове.
Біскуп Віцебскі паведаміў парафіянам Віцебскага катэдральнага касцёла, што ўлады канчаткова адмовілі ксяндзу Паўлу Кнурэку ў служэнні ў Беларусі.
Кнурэк адпрацаваў у Беларусі 16 гадоў: спачатку ў Лынтупах на Паазер'і, потым - у касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
У лістападзе 2018 года пробашч быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазволу на далейшае служэнне ў Беларусі. Ён яшчэ спадзяваўся, што расстанне часовае і што на працягу некалькіх месяцаў пытанне можа развязацца, і ён вернецца да паствы.
Віцебскія вернікі звярнуліся з петыцыяй пратэсту да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі ў Беларусі Леаніда Гулякі, піша сайт «Віцебскай Вясны».
«Пастанова не падоўжыць дазвол на служэнне ксяндза Паўла выклікае тым большае здзіўленне, што за апошнія гады наша дзяржава яскрава дэманструе адкрытасць свету. У 2018 годзе Указам прэзідэнта быў павялічаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны да аднаго месяца. І зусім няясна, як пры гэтым чалавек, што больш за пятнаццаць гадоў прапрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэння нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць вобразу ўсёй краіны», - гаворыцца ў звароце да Гуляка.
Віцябляне не ўспрымалі Паўла Кнурэка як замежніка, бо ён «адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казані і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове», выдатна ведаў беларускую культуру і ўсяляк спрыяў яе развіццю.
«Мы перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і праўдзівую веру, Беларусь мае заўсёды трымаць дзверы адчыненымі. З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсьці, адбываецца, на наш погляд, толькі шкода і напружанасць у грамадстве», - гаворыцца ў звароце да Гулякі.
На перадкаляднай прэс-канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на «пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы».
Вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампенсаваць ксяндзамі-беларусамі. На падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца цяпер толькі два чалавекі з парафіі.
У той жа час за апошнія тры гады (2016-2018) улады не далі ніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам - каталіцкім святарам або манашкам.
Раней аналагічную адмову атрымаў ксёндз Сабеслаў Томаля з Салігорску. За такімі крокамі праглядаецца жаданне ўлад знізіць у краіне колькасць ксяндзоў - грамадзян Польшчы. У той жа час, напрыклад, праваслаўным мітрапалітам з'яўляецца грамадзянін Расеі Павел (Панамароў), хоць паводле закону ім меўся быць грамадзянін Беларусі.