4 траўня 2024, Субота, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сельскі настаўнік: Адукацыйная вертыкаль успрымала нас як стрэмку

2
Сельскі настаўнік: Адукацыйная вертыкаль успрымала нас як стрэмку
Фота: tut.by

Шчыры аповяд двух маладых настаўнікаў.

Некалькі гадоў таму маладыя настаўнікі Сяргей Бародзіч і Зміцер Макарчук пакінулі сталіцу і з'ехалі працаваць у школу аграгарадка Жыліхава Капыльскага раёна. Сяргей — выкладаць расейскую мову і літаратуру, Зміцер Макарчук — беларускую мову і літаратуру. Заадно знутры вывучалі асаблівасці працы ў сельскай школе, правяралі, як дзейнічаюць на практыцы іх напрацоўкі і падыходы да навучання, піша zautra.by.

На сайце праекта EDU.topia хлопцы стараліся фіксаваць усё, што з імі адбывалася. Цяпер умоўны выпускнік ВНУ можа адкрыць гэты дзённік і зразумець, да чаго варта рыхтавацца.

«Даць школьнікам больш, чым патрабуе прадмет»

Сяргей і Дзмітрый прызнаюцца: яны не чакалі такіх разыходжанняў у падыходзе да навучання ў горадзе і вёсцы, але былі прыемна здзіўлены тым, як у сельскай школе складваюцца стасункі паміж вучнямі, бацькамі і педагогамі.

— Настаўнікі ў вёсцы ведаюць школьнікаў з пялюшак. Фактычна яны ўжо ўключаныя ў прынцыпы, аб якіх пішуць вядомыя педагогі, — сачыць за развіццём дзіцяці і падтрымліваць шчыльныя сувязі з сям'ёй, — распавядае Зміцер Макарчук.

Улічваючы невялікую колькасць вучняў у класе і больш шчыльныя стасункі настаўнікаў з дзецьмі і іх бацькамі, у вёсцы больш магчымасцяў арганізаваць індывідуальны падыход у навучанні, улічыць інтарэсы і асаблівасці кожнага вучня, дапамагчы яму раскрыць свой патэнцыял.

ЗМІЦЕР МАКАРЧУК

Блізу 70% настаўнікаў школы ў Жыліхава сумяшчаюць хоць бы два прадметы.

— Пры нагрузцы прыкладна па 40 гадзін на тыдзень настаўнікам не атрымоўваецца глыбока працаваць з дзецьмі па кожным прадмеце, стымуляваць іх, зацікаўліваць. Проста не застаецца часу на добрую падрыхтоўку да ўрокаў, — тлумачыць Зміцер Макарчук.

І ў выніку выкладанне ператвараецца ў канвеер.

Вучыцца ці працаваць?

— Сельскія дзеці звыклі да сістэматычнай працы, і гэты навык грае на руку і ў школе: калі ў горадзе дзіця даводзіцца матываваць, то ў вёсцы гэтую ролю адыгрывае звычка працаваць, — кажа Сяргей Бародзіч.

Зрэшты, з іншага боку — школа і атрыманне ведаў у вёсцы не стаяць на першым месцы, іх апярэджваюць абавязанні дапамагаць бацькам у гаспадарцы і прыглядаць за малодшымі братамі і сёстрамі.

— І калі школьніку даводзіцца выбраць: вучыцца і паступаць ва ўніверсітэт або пайсці па слядах сваіх блізкіх, якія мяркуюць, што вучоба другаснае, ён не будзе ўступаць у канфлікт з блізкімі, — адзначае Зміцер Макарчук.

Школа — цэнтр развіцця дзяцей

Калі заканчваліся ўрокі, Сяргей і Зміцер пераходзілі з катэгорыі настаўнікаў у разрад таварышаў і сяброў: ладзілі спартовыя спаборніцтвы, запрашалі ў вёску вядомых музыкаў і вазілі дзяцей на экскурсіі.

Гэта выклікала ўстурбаванасць з боку калег і кіраўніцтва школы.

— Адукацыйная вертыкаль успрымала нас як стрэмку. Яны прапрацавалі на адным месцы 25-30 гадоў, усё ў іх было пад кантролем. А тут прыехалі «два смаркачы» і будуць вучыць, як вучыць, як жыць, як камунікаваць з дзецьмі.

Але ў вёсцы ў школьнікаў няма асаблівага выбару, чым сябе заняць. Галоўны, і часцей за ўсё адзіны, цэнтр вольнага часу на сяле — гэта школа. Вось чаму, на думку Сяргея і Змітра, пазакласная праца адыгрывае не менш важную ролю, чым самі ўрокі.

Настаўнік для Беларусі

У школе Жыліхава з імі не прадоўжылі кантракт. З'ехаўшы, Зміцер і Сяргей надумалі запусціць праект «Настаўнік для Беларусі», у рамках якога плануюць прыцягнуць у вясковыя школы блізу 30 актыўных і неабыякавых педагогаў.

— У кожнага з нас неверагодны спектр магчымасцяў і каштоўнасцяў. Але чамусьці ў службовай інструкцыі не напісана, што ты можаш трансляваць іх дзецям, і атрымліваецца, што настаўнік вымушаны абмяжоўвацца рамкамі свайго прадмета, — тлумачыць Зміцер Макарчук. — Мы паставілі гэта пытанне ў сваёй дзейнасці і хочам паставіць пад пытанне ў сістэме наогул.

Цяпер праект знаходзіцца на этапе ўзгаднення ў Міністэрстве адукацыі і галоўнага патэнцыйнага спонсара — БПС-Сбербанка.

Мы папрасілі наватараў з Жыліхава прааналізаваць, ці вытрымліваюць выпрабаванні практыкай парады беларускіх і замежных экспэртаў аб тым, як зрабіць беларускую школу лепшай.

— Частка праблем развязваецца досыць проста — збіраць усе зацікаўленыя бакі і выразна тлумачыць, навошта ўстанова робіць тое ці іншае дзеянне, чым канкрэтная пастанова матываваная, выдаць пісьменна складзены прэс-рэліз, у якім растлумачаныя прычыны. Інакш людзі пачынаюць дадумваць самі. Адсюль нараджаецца вялікая колькасць незадаволенасці і крытыкі.

Калі б міністэрства спачатку абмяркоўвала з грамадствам свае дзеянні, тады больш рэформаў дажывалі б да канца, і вынікі іх маглі б быць станоўчымі.

Развярнуць грамадства тварам да сістэмы адукацыі дапамагло б адэкватнае мэдыяполе вакол асобы настаўніка.

— Настаўнікі самі «праваронілі» сваю прафесію — тыя, хто хоць раз пайшоў на фальсіфікацыю дзяржэкзаменаў, хто намаляваў медаль, хто «пагнаў» на хакей. Хоць ёсць шмат настаўнікаў, вартых пераймання, проста пра іх менш гавораць, — мяркуе Сяргей Бародзіч.

А педагогі сваімі дзеяннямі могуць пацвердзіць, што яны не проста шрубкі сістэмы, а яе галоўныя рэсурсы.

— Вось для прыкладу досвед адной нашай настаўніцы, якая, што б ні адбывалася ў сістэме, якія б праграмы ні зверху прыходзілі, закрывала свой кабінет, дзе перад ёй сядзела 24 чалавекі, і давала ім тое, што ўважала за патрэбнае.

Маладыя педагогі згодныя з экспэртамі, што рэформы ў сістэме адукацыі немагчыма правесці раптоўна.

СЯРГЕЙ БАРОДЗІЧ

— Педагогіка — гэта навука плюс дзесяць гадоў наперад. Калі ты штосьці задумаў, будзь добры пачакаць, калі яно прарасце. Не трэба праз два гады пасля адной рэформы рабіць яшчэ адну, а яшчэ праз два — новую. Давайце дачакаемся: раптам, штосьці было добра, а мы яго ўпусцілі? Каб убачыць вынік, трэба, каб хаця б адно пакаленне вырасла на гэтай рэформе, — кажа Сяргей Бародзіч.

Яшчэ адзін вывад — аўтаноміі школ не бывае без абсалютнага даверу.

— Калі цяпер у беларускай школе дазволіць настаўнікам выкладаць, як яны хочуць самі, яны абавязкова задумаюцца: «А што мы хочам?», — адзначае Зміцер Макарчук. — Сістэма павінна падрыхтаваць кожнага з іх так, каб ён знайшоў адказ на гэтае пытанне, абапіраючыся на даследаванні або сусветны досвед.

А яшчэ маладыя педагогі прапануюць спытаць у школы, што канкрэтна яе «душыць» — ананімна, каб кожны прадстаўнік сістэмы не баяўся выказацца.

Ну а ў бюракратычнай вертыкалі, на думку суразмоўцаў, сярэдзіну ланцужка можна выключыць зусім бязбольна для сістэмы. Тады скароціцца адлегласць для перадачы інфармацыі, і яна будзе менш скрыўляцца.

Зміцер Макарчук мяркуе таксама, што няправільна вешаць на школу задачу захавання мовы і развіцці нацыянальнай самасвядомасці.

— Я чатыры гады выкладаю беларускую мову як замежную. І я не маю ніякага права выкладаць яе па-іншаму, бо дзеці не належаць да таго ж моўнага асяроддзя, якое пануе на маіх уроках. У гэтым пытанні праблемы павінны развязвацца комплексна. Калі я, як настаўнік, буду «душыць» дзяцей з нацыянальнай культурай, яны проста адвернуцца ад яе, — распавядае Зміцер Макарчук. — Мову і нацыянальную культуру спачатку трэба паставіць на плынь: выпускаць на беларускай мове фільмы ў кінатэатрах, перадачы на тэлевізіі, інтэрнэт, масавы друк, бэстсэлеры.

Без адпаведнага асяроддзя стварэнне беларускамоўных школ не дапаможа веданню і засваенню мовы ў новых пакаленняў — такі вывад практыка.

Комплексны падыход — гэта выхад з нявыкруткі, мяркуюць аўтары праекта «Настаўнік для Беларусі». Пры цэласным бачанні кажны прадстаўнік установы вымушаны будзе задумвацца, як прыманае змяненне адаб'ецца на агульнай мэце адукацыі, ці яно сапраўды важна, выслухаць меркаванне грамадства і экспэртнай супольнасці і толькі потым прыняць канчатковую пастанову. На думку педагогаў, гэта было б карысна для сістэмы, а Міністэрства адукацыі не марнавала б велізарную колькасць часу на апраўданне сваіх пастаноў постфактум.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках