5 траўня 2024, Нядзеля, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнік скандальнай рэстарацыі ў Курапатах: Феерверк? Гэта было не на маёй тэрыторыі

Уладальнік скандальнай рэстарацыі ў Курапатах: Феерверк? Гэта было не на маёй тэрыторыі

Леанід Зайдэс паспрабаваў апраўдацца.

У пятніцу, 17 жніўня, у рэстарацыі «Паедзем, паядзім» каля Курапатаў адбылося вяселле. Каля ўрочышча, са слоў Змітра Дашкевіча, увечары быў феерверк. Tut.by даведаўся, што на гэты конт думае адзін з заснавальнікаў рэстарацыі Леанід Зайдэс. Зміцер Дашкевіч зняў, як на тэрыторыі рэстарацыі «Паедзем, паядзім» на ўсходнім баку танчыла кампанія людзей, а музыка была чуваць і побач з крыжамі, дзе стаяў Дашкевіч.

Увечары актывіст засняў феерверк паблізу ўрочышча Курапаты. У каментарах Дашкевічу даслалі фотаздымкі з пустымі скрынкамі ад феерверка паблізу плота рэстарацыі, з боку дарогі. Пасля гэтага выпадку ў Сеціве з'явілася петыцыя, якая ўжо сабрала больш за 700 подпісаў і якую плануюць накіраваць у Генеральную пракуратуру. У звароце актывісты заклікаюць зладзіць праверку, а таксама выпісаць прадпісанне аб закрыцці рэстарацыі СТАА «Белрэстінвест» праз «неаднаразовае парушэнне існых абцяжаранняў, указаных у адказе генпракуратуры ад 2018/07/13 пад нумарам 0703-446-2012».

Бо раней Генпракуратура паведамляла, што па ПДП зямельны ўчастак, дзе размешчаная ўстанова, мае абцяжаранні ў выкарыстанні.

- З усходняга боку рэстарацыі забараняюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў», арганізацыі адпачынку на адкрытым паветры. Гэтае абмежаванне датычыцца ўсіх формаў адпачынку ў сувязі з неабходнасцю выключыць парушэнне сакральнага характару гісторыка-культурнай каштоўнасці, што прымыкае з усходняга боку.

Леанід Зайдэс: «На падкантрольнай мне тэрыторыі феерверку не было»

Гэтую сітуацыю пракаментаваў адзін з заснавальнікаў рэстарацыі Леанід Зайдэс.

- Вяселле было, гэтага ніхто не адмаўляе. А салюту не было. Прытым вяселле на дзевяць чалавек, гэта хіба вяселле? Людзі зрабілі перадзамову, прыйшоў мужчына ў касцюме, нявеста ў белай сукенцы, нават не ў вэлюме. Мне іх што, выгнаць? Яны проста распісаліся. Гэты відэазапіс зроблена не на маёй тэрыторыі. Ёсць мая тэрыторыя, за якую я адказваю. На падкантрольнай мне тэрыторыі салюту не было.

Бізнэсовец кажа, што ў яго ёсць відэазапіс, якая гэта пацвярджае.

Зайдэс тлумачыць, што для яго мерапрыемства - гэта калі арандуюць рэстарацыі, прыязджае картэж, нявеста ў вэлюме, сведкі, музыка. «Але гэтага не было, не адгадалі», - падкрэслівае ён.

- А тое, што адбываецца за межамі тэрыторыі... Ну вы зразумейце правільна. Выклікайце тады міліцыю, я за тую тэрыторыю адказнасці не нясу. А так званае вяселле, напэўна, было. Але яно было без музыкі, без нічога, тэлевізар працаваў. Было дзевяць чалавек. Картэжу і лімузінаў не было.

- Ці мог быць феерверк, напрыклад, каля запраўкі?

- Напэўна, такое быць магло. Я не буду адмаўляць, я там не прысутнічаў.

Зайдэс падкрэсліў, што абцяжаранняў у выкарыстанні тэрыторыі тычацца толькі усходняга боку. Гэта бок Курапатаў.

- Калі я зайду з другога боку - з боку ўваходу, то абцяжаранняў няма. І салют магу там пускаць па логіцы. Ніхто мне нічога не зможа тут сказаць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках