26 красавiка 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У якіх краінах больш за ўсё чакаюць працаўнікоў з Беларусі

11
У якіх краінах больш за ўсё чакаюць працаўнікоў з Беларусі

І дзе часцей за ўсё парушаюць правы працоўных мігрантаў.

Урад Літвы збіраецца ўдвая павялічыць спіс прафесій, прадстаўнікам якіх будзе прасцей уладкавацца на працу ў гэтай краіне. Так літоўскія ўлады разлічваюць прыцягнуць высокакваліфікаваных спецыялістаў, якіх не стае на рынку працы. Не выключана, што беларусам спадабаецца гэтая прапанова, улічваючы спрошчаныя ўмовы для працаўладкавання і абяцаны заробак больш за 1 тысячу еўраў, піша zautra.by.

Пакуль жа часцей за ўсё грамадзяне Беларусі выбіраюць Расею і Польшчу як рынкі, дзе можна падзарабіць. Сярэднестатыстычны гасцявы рабочы з Беларусі ўжо шмат гадоў выглядае прыкладна аднолькава. Часцей за ўсё з'язджаюць на заробкі мужчыны ва ўзросце 26-40 гадоў, якія працуюць у транспартнай, будаўнічай сферах, распавядае аналітык Даследчага цэнтра Eurasian States in Transition (EAST) Андрэй Елісееў. Больш за 80% часовых працоўных мігрантаў − мужчыны.

За апошнія паўгода працаваць за мяжу паводле папярэдне ўкладзеных дамоў з'ехала столькі ж беларусаў, колькі за цэлы 2014 год. Паводле статыстыкі Дэпартамента грамадзянства і міграцыі, з 2010 года колькасць такіх мігрантаў павялічылася ўдвая.

У 2017 годзе за мяжой часова працавала больш за 80 тысяч беларусаў. Годам раней – блізу 60 тысяч, а ў 2015 годзе – амаль 40 тысяч. Экспэрты ж мяркуюць, што кожны год на заробкі з Беларусі з'язджаюць сотні тысяч чалавек, не ўлічаных афіцыйнай статыстыкай.

Замест Расеі едуць у Польшчу

Даследаванне варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST паказвае: хоць расейскі рынак працы ўсё яшчэ ў лідарах, усё больш папулярнасці ў беларускіх гастарбайтэраў набірае польскі кірунак. Калі ў 2014 годзе працадаўцы з Польшчы даслалі 4 017 запрашэнняў грамадзянам Беларусі на працу паводле спрошчанай схемы працаўладкавання, то ў 2016-м − ужо 23 400, а ў 2017-м — блізу 60 тысяч.

— Колькасць тых, хто з’язджае з рабочай мэтай менш чым на год з Беларусі ў Польшчу значна перасягае сукупную колькасць ва ўсіх іншых краінах Еўразвязу, — адзначае Андрэй Елісееў.

Тэндэнцыя зваротаў у праграму «Ла Страда» пацвярджае, што сярод беларусаў, якія жадаюць з'ехаць на заробкі, папулярнай становіцца Польшча.

— У 2015 годзе для выезду ў Расейскую Федэрацыю цікавіліся 14% ад усіх зваротаў, а ў Польшчу – толькі 8%. У гэтым годзе Польшчай – 11%, а РФ – 7%, − расказвае кіраўнік праграмы «Ла Страда» міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендэрныя перспектывы» Алена Несцярук.

62% з тых, хто цікавіўся польскім кірункам, хацелі даведацца аб магчымасцях і асаблівасцях працаўладкавання ў гэтай краіне.

— Апошнім часам усё больш работнікаў шукаюць сябе на рынку працы ЕЗ. А там сацыяльныя сеткі (працоўныя сябры, знаёмыя) пакуль не так развітыя, як у Расеі. І пошук праз інтэрнэт больш абцяжараны з моўных прычын. Таму больш сталі звяртацца з нагоды працы ў Польшчы і іншых краінах ЕЗ праз кампаніі, якія займаюцца працаўладкаваннем, — адзначае Андрэй Елісееў.

За апошнія гады адкрылася 105 фірмаў-ліцэнзіятаў, кажа Алена Несцярук.

На цікавасць да Польшчы паўплываў і спрошчаны парадак працаўладкавання, калі для працоўных да 6 месяцаў не патрабуецца дазволу на працу, дастаткова мець запрашэнне і працоўную візу. А таксама папулярнасць сярод грамадзян Беларусі карты паляка. Да 2017 годзе яе атрымалі больш за 100 тысяч беларусаў. Усе гэтыя людзі могуць працаваць у суседняй краіне без спецыяльнага дазволу. Заробкі, якія прапануюць польскія працадаўцы, вагаюцца паміж 500 і 1700 еўраў.

Тым часам Расея, якая апынулася ў даволі складанай эканамічнай сітуацыі, ужо выглядае для беларусаў не так прывабна.

Чаму з'язджаць на заробкі выгадней легальна

У 2016 годзе з'явілася магчымасць даведацца аб легальным выездзе ў іншыя краіны ў рэальным часе праз сайт «Ла Страда» і атрымаць кансультацыю онлайн. Колькасць зваротаў павялічылася ўдвая. За першую палову 2018 года на сайт заходзіла больш за 170 тысяч чалавек. 72% наведвальнікаў сайта – беларусы. Але інфармацыя запатрабаваная ў расейцаў і ўкраінцаў. Ускосна гэта пацвярджае, што насельніцтва цікавіцца бяспечным выездам за мяжу і імкнецца знізіць рызыкі.

Агулам, блізу траціны ўсіх зваротаў у праграму «Ла Страда» — наконт пытанняў працаўладкавання. Амаль палова выпадкаў зваротаў у крызісных сітуацыях тычацца парушэнняў працоўных правоў мігрантаў. Часцей за ўсё гэта частковая ці поўная нявыплата заробку. Разам з ростам плыні беларускіх работнікаў у Польшчу, гэтая краіна стала лідарам у рэйтынгу парушэнняў працоўных правоў (блізу 65% зваротаў), змяніўшы Расейскую Федэрацыю.

— Абараніць свае правы пры парушэнні працоўных дамоўленасцяў магчыма, калі работнік падпісаў працоўную дамову. Але мы часта сутыкаемся з выпадкамі парушэнняў працоўных правоў у тых, хто з'язджае працаваць паводле спрошчанай схемы працаўладкавання (гэта значыць працуюць да 6 месяцаў). Ім абяцаюць працу, а па прыездзе падпісваюць не працоўную дамову, а, напрыклад, дамову на выкананне або іншы тып пагаднення. Такія дачыненні працоўная інспекцыя Польшчы не разглядае, — тлумачыць кіраўнік праграмы «Ла Страда».

— Я заўсёды рэкамендую мігрантам працаваць легальна, бо толькі ў гэтым выпадку можна абараніць свае правы. Але калі чалавек ужо сутыкнуўся з парушэннем правоў, то не варта чакаць, што ўсё само сабой развяжацца. Калі наймальнік не даплаціў за месяц працы палову заробку, ён і ў наступным месяцы недаплаціць, − распавядае суразмоўца.

Алена Несцярук раіць усім тым, хто з'язджае працаваць за мяжу на ўсялякі выпадак да ад'езду пракансультавацца з экспэртамі, каб ведаць, якія дакументы трэба будзе падпісваць, каб па магчымасці адгарадзіць сябе ад ўразлівай сітуацыі або парушэння працоўных правоў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках