28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў»: Хто на чарзе?

11
«Справа медыкаў»: Хто на чарзе?

Разважанні наконт аднаго з самых гучных скандалаў.

Такой маштабнай антыкарупцыйнай аперацыі, як цяперашняе «справа лекараў», у найноўшай беларускай гісторыі яшчэ, мабыць, не было. Ці азначае гэта, што дзяржава наважыла «нагадаць пра сябе» ў закрытых прафесійных супольнасцях? І ці варта баяцца чыгуначнікам? – піша калумніст Office Life Дзяніс Лаўнікевіч:

- У кожнай краіне свету ёсць свае закрытыя супольнасці, у якія людзі, як правіла, прыходзяць на ўсё жыццё. Своеасаблівыя «дзяржавы ў дзяржаве», са сваімі правіламі, нормамі і асновамі, традыцыямі, вертыкаллю ўлады і нават мовай. У класічным варыянце гэта сілавыя структуры, лекары і чыгуначнікі. Унутры гэтых супольнасцяў, узніклыя праблемы звычайна развязваюцца сваімі сіламі без умяшання дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Але цяпер мы бачым, што дзяржава маштабна ўмяшалася ў справы адной такой «закрытай карпарацыі» — медыцынскіх работнікаў.

Сапраўды, цяжка прыгадаць у найноўшай беларускай гісторыі што-небудзь такое ж маштабнае, як цяперашняя «справа медыкаў». Колькасць і пасады, якія трапілі пад следства, уражваюць, «хапун» ідзе на ўсіх узроўнях. Паводле звестак праваахоўнікаў, у справе ўжо больш за 60 фігурантаў, 37 з іх затрыманыя. Нячаста ў Беларусі арыштоўваюць чыноўнікаў у рангу намесніка міністра, а калі такое здараецца, то справу імкнуцца не афішаваць. Усё ж прызначэнні работнікаў такога ўзроўню ўзгадняе Лукашэнка, і калі такога чыноўніка ловяць на хабары — то гэта, відавочна, у кіраўніка кадравы промах...

Але цяпер, здаецца, Лукашэнка не баіцца здацца дрэнным кіраўніком. Беларускія СМІ адкрыта паказваюць і распавядаюць, што «затрыманы і змешчаны пад варту» намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Паводле інфармацыі КДБ, ён «спрыяў развязанню пытанняў, якія ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю ў арганізацыі дзяржрэгістрацыі вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама выяўляў лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў медыцынскай тэхнікі». Называюцца і сумы атрыманых хабараў: ад $2,5 да $10 тыс.

Аднак грамадства, здаецца, яшчэ не вызначылася з тым, як ставіцца да «справы лекараў». З аднаго боку, прынята, што лекару трэба «штосьці занесці», а за зробленую аперацыю, напрыклад, «аддзячыць». З іншага боку, звычайна гэта сумы цалкам разумныя, а пра заробкі медыкаў усе ў грамадстве добра ведаюць. Таму $620 тысяч, прадэманстраваныя следчымі ў гаражы дырэктара «Белмедтэхнікі» Аляксандра Шарака, сярод загатовак з памідорамі глядзеліся, хутчэй, камічна — ну несур'ёзна гэта, красці такія грошы, і пры гэтым самому гародніну на зіму нарыхтоўваць. Партрэт злога карупцыянера неяк не вымалёўваецца.

Праваахоўнікі пакуль чамусьці не спяшаюцца акцэнтаваць увагу на тым, што функцыянеры атрымлівалі хабар зусім не за медыцынскія паслугі. А спісы затрыманых усё больш папаўняюцца прозвішчамі вядомых лекараў: дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі (у гаражы і дома ў схованках у яго знайшлі блізу $500 тысяч), галоўны лекар 1-й лякарні Менска Алег Фамін (садзейнічаў у закупках медабсталявання для патрэб лякарні, знайшлі блізу $140 тысяч), галоўны лекар «дзявяткі» Валерый Кушнірэнка, галоўны лекар Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько, галоўны лекар Віцебскай абласной лякарні Анатоль Аладзька, галоўны лекар Цэнтра рэабілітацыі Сяргей Карыцька і многія іншыя.

Так, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў ад медыцыны таксама тузаюць. Пра намесніка міністра аховы здароўя я ўжо казаў. Далей у спісе — дырэктары РУП «Белфармацыя» і УП «Белмедтэхніка», ААТ «Экзон» і кампаніі «Іскамед». Начальнік галоўнай управы аховы здароўя Гарадзеншчыны і дырэктар цэнтра экспэртыз Міністэрства аховы здароўя, начальнік вайскова-медыцынскай управы Мінабароны і іншыя. Нават віцэ-прэм'ер, экс-міністр аховы здароўя Васіль Жарко няшчыра дзівіцца з таго, што адбываецца: маўляў, ведаць нічога не ведаў. Публіка чамусьці не верыць. Напэўна, таму што як раз у закрытых суполках звычайна ўсе адзін пра аднаго ведаюць.

Напэўна, фундаментальная прычына цяперашніх падзей — у звычцы, якая дасталася нам у спадчыну ад СССР, змешваць функцыі. У Савецкім Саюзе дырэктарам завода ў выніку станавіўся найлепшы слесар гэтага прадпрыемства, а на чале лякарні — самы кваліфікаваны лекар. Гэта было першапачаткова няправільна, бо пасады кіраўніка даставаліся людзям, якія спецыялізаваліся ў зусім іншых галінах. Добры лекар павінен лячыць (і вучыць іншых лекараў), а не разбірацца ў працы бухгалтэрыі. Добры слесар можа адказваць за працу цэха, але не займацца збытам трактароў.

Менавіта такое няўменне кіраваць у рынкавых умовах загубіла многія постсавецкія прадпрыемствы ў самым пачатку 1990-х. Іх дырэктары ведалі назубок тэхналагічныя працэсы — але не ўмелі прадаваць прадукцыю, наладжваць ланцужкі паставак і нават правільна арганізоўваць працу калектыву. Невыпадкова на Захадзе і заводам, і лякарняй кіруюць прафесійныя кіраўнікі. Так, са сваёй спецыялізацыяй (прамысловасць ці медыцына), але ў першую чаргу яны — мэнэджары. А калі лекар хоча ўзначаліць клініку, ён ідзе і атрымлівае дадатковую адукацыю кіраўніка.

Я ні на ёту не сумняваюся ў высокім прафесіяналізме тых лекараў, якіх за апошнія тыдні арыштаваў КДБ. У некаторых з іх я сам лячыўся. Але нельга не заўважыць, што ўсе яны трапілі пад следства зусім не за свае медыцынскія дзеянні, а за кіраўніцкія злоўжыванні. Гэта значыць, яны правініліся ў той дзейнасці, якой, па-добраму, і не павінны былі б займацца. Нешта тут няправільна ў сістэме.

Аднак пакуль дзяржава праз «справу лекараў» дэманструе грамадству: закрытых супольнасцяў больш няма. Невядома, ці чакае нас такі ж гучны і публічны працэс, як справа Кныровіча, або ў выніку ўсё скончыцца без лішняга шуму. Аднак ужо цяпер адбылося галоўнае: дзяржава паказала, што не гатовая мірыцца з тым, як у закрытых суполках выстройваюцца стасункі — з удзелам «сваіх» бізнэсоўцаў і «зацікаўленых» чыноўнікаў. Бізнэс-супольнасці паказалі: не варта выбудоўваць карпаратыўныя сувязі там, дзе круцяцца бюджэтныя сродкі, не трэба «спакушаць» службовых людзей грашыма.

Хто цяпер на чарзе? Якая перш закрытая супольнасць? Я б паставіў на чыгуначнікаў — але гэта маё асабістае меркаванне.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках