29 апреля 2024, понедельник, 13:06
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Чэснае камсамольскае слова пацана

8
Чэснае камсамольскае слова пацана
Лявон Вольскi

Яны жывуць сярод нас.

Колькі мы ўсяго з вамі прайшлі за апошнія гады — пандэмія, рэвалюцыя, тэрор, вайна... І хай бы прайшлі — дык не, працягваем праходзіць! Хто ведае, што будзе заўтра? Вайна замарудзілася, і невядома, як будуць разгортвацца падзеі, бо Злучаныя Штаты зьнянацку прыпынілі фінансаваньне Ўкраіны, а папулісцкія ўрады Эўропы дык наогул спынілі. Дый сама перамога папулістаў у некаторых эўрапейскіх краінах — падстава для роздуму і неспакою.

У Беларусі працягваецца прэсынг, рэпрэсіі не спыняюцца, усё болей людзей едзе за мяжу, а хтосьці, хто ніколі туды не зьбіраўся, пачынае задумвацца — калі такая сытуацыя працягнецца яшчэ з пару-тройку гадоў, дык ці ёсьць сэнс целяпацца на гэтай, такой роднай і любімай (якую, як вядома, не аддаюць), але вельмі небясьпечнай тэрыторыі?

Ізраіль ваюе (у гэтай сытуацыі не ваяваць немагчыма, іначай напады на мірнае насельніцтва будуць вечна працягвацца), Венесуэла вырашыла прысабечыць частку Гаяны (хай яны таксама пажывуць у жабрацтве!), па эўрапейскіх гарадах праходзяць масавыя мусульманскія мітынгі ў падтрымку Палестыны...

І тут раптам выходзіць чарговы шэдэўр расейскага сэрыялізму — «Слова пацана», і ўсе ўсё кідаюць, і глядзяць яго, глядзяць запоем! І абмяркоўваюць — камусьці вельмі падабаецца, камусьці — абсалютна не, у сацыяльных сетках разгортваюцца гарачыя дыскусіі, музыка з «Пацана» лідуе на ўсіх стрымінгавых пляцоўках...

Я разумею, каб жыцьцё было нуднае, аднастайнае, беднае на адрэналін і яскравыя ўражаньні! Але ж на нудоту апошнім часам цяжка паскардзіцца. І беларусам, і тым болей украінцам, на якіх ледзьве не штодня лятуць ракеты й шахеды. А вось, насуперак усяму, спажываюць гэты новы расейскі масавы прадукт!

Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прэса была ўжо адносна незапрыгоненая, па Саюзе пракацілася чарговая «чарнушная», як тады казалі, інфармацыя пра жахлівыя бязьлітасныя вулічныя падлеткавыя групоўкі ў татарскай Казані. Ну, пракацілася і пракацілася, дзе тая Казань, а дзе мы! Але расейскі рэжысэр вырашыў дэталёва засяродзіцца на тэме і разгарнуў яе ў сэрыял. Які набыў вось гэткую масавую папулярнасьць.

Што гэта? Магія «саўка», што перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне разам з салатай «Аліўе» і селядцом «пад футрам»? Разам з «Іроніяй лёсу» на Новы год і адзначэньнем 23 лютага і 8 сакавіка? Звычка спажываць усё расейскае — літаратуру, музыку, тэатр, кіно, выяўленчае мастацтва? Настальгія па «пацанскім» мінулым — «мы таксама калісьці на раёне хадзілі сьценка на сьценку, біліся не на жыцьцё, а на сьмерць»? Ці то мы маем справу з сапраўды таленавітым прадуктам накшталт «Ўэстсайдскае гісторыі»?

Наконт апошняга — мне цяжка меркаваць, бо рызыкую апусьціцца да клясычнага «не глядзеў, але асуджаю». Каюся, не глядзеў. Але спрабаваў глядзець розныя расейскія фільмы й сэрыялы. Не выключаю, што стаўлюся перадузята, але, мне падаецца, ігра актораў, сцэнар, дыялёгі, мантаж і музыка вельмі далёкія да высокага ўзроўню. Натуральна, не вядзецца пра Зьвягінцава ці Сакурава. А толькі пра кінематаграфічны масавы прадукт. На мой погляд, ён слабаваты. Ня «Хросны бацька» Копалы, праўда ж?

А што тады?

А тое, што народ жыве ў Савецкім Саюзе. Дзіўна — дзяржавы даўно няма, а народ — савецкі народ — ёсьць.

Мала таго, шэрагі людзей, якія выхоўваліся за савецкім часам, усё радзеюць, а на зьмену гэтым людзям прыходзяць новыя, маладзейшыя, якія і «саўка» тога ня бачылі, а ўсё адно: «былі шчырыя адносіны і смачнае марозіва «пламбір 20 капеек»».

І — неверагодна! — нідзе не зьнікаюць тыя пракаветныя цёткі з начосамі і фрызурамі тыпу «графскія разваліны». Здаецца, іх прадукуюць на нейкім старым савецкім прадпрыемстве!

І пузатыя дзядзькі са стомленымі ад жыцьця вачыма ў някідкіх пінжаках-гальштуках, і міліцыянты-хабарнікі, якія могуць «адмазаць», і дэканы-рэктары, якія «дапамогуць паступіць», і ўся гэтая несумленная савецкая сыстэма «ты — мне, я — табе» плаўненька перайшла з таго безнадзейнага «саўка» ў нашае з вамі сучаснае жыцьцё.

І ўсё гэтае «ад нас нічога не залежыць, як наверсе рашаць, так і будзе», «а што мне было рабіць? мне ж загадалі», усе гэтыя брыдотныя штампы пераплылі з савецкага мінулага ў сёньняшні дзень.

І гэтыя «савецкія людзі» — яны паўсюль аднолькавыя, што ў Рызе, што ў Вільні, што ў Бэрліне, што ў Нью-Ёрку, што ў Менску.

Яны жывуць сярод нас, Мы іх бачым, мы іх слухаем, мы разам зь імі глядзім старыя савецкія фільмы і наваствораныя расейскія (а хто ж спадкаемца Саюзу? Безумоўна, Расея!) сэрыялы. Гэтыя сэрыялы таксама апавядаюць пра савецкае жыцьцё, і тыя маладыя людзі, якія гэтага жыцьця ня бачылі ўвачавідкі, думаюць, што насамрэч усё так і было — складана, праблематычна, але ж так рамантычна! Столькі пачуцьцяў, эмоцыяў, пакутаў, радасьцяў! Столькі шырокай рускай душы!

Калі яшчэ не паглядзелі, дык я ня раю. І сам ня буду.

Слова пацана!

Лявон Вольскi, budzma.org

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях