Тэрэза Мэй абвясціла аб сваёй адстаўцы
12- 24.05.2019, 12:12
- 16,052
Прэм'ер Вялікай Брытаніі сыдзе ў адстаўку 7 чэрвеня.
Прэм'ер Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй 24 траўня паведаміла, што сыходзіць у адстаўку, піша currenttime.tv.
Пра гэта Тэрэза Мэй заявіла падчас прэс-брыфінгу, паведамляюць New York Times і Reuters.
«Мне відавочна, што ў інтарэсах краіны, каб новы прэм'ер-міністр вёў гэтую справу. Таму сёння я абвяшчаю, што я пайду ў адстаўку як лідарка Кансерватыўнай партыі ў пятніцу, 7 чэрвеня», - заявіла Тэрэза Мэй. Сыход з пасады лідара партыі азначае і адстаўку з пасады кіраўніка брытанскага ўрада.
Паводле яе слоў, кіраваць працэсам выхаду краіны з Еўразвязу павінен новы кіраўнік урада.
Як паведамляе BBC, у сваёй прамове Мэй выказала шкадаванне, што не змагла скончыць працэс Brexit, але абранне новага прэм'ера будзе, на яе думку, у інтарэсах краіны.
Яна заявіла, што будзе прадаўжаць працу ў якасці прэм'ера, пакуль партыя не абярэ новага лідара, конкурс павінен пачацца на наступным тыдні.
«Я рабіла ўсё магчымае, каб выканаць волю народа. На жаль, мне не ўдалося гэта зрабіць», - падкрэсліла Мэй у сваёй прамове аб адстаўцы. Адказнасць за правал перамоваў што да Brexit яна ўсклала на парламент Вялікай Брытаніі: менавіта там, з яе слоў, адмовіліся ад кампрамісу з ЕЗ, на якім яна намагала.
«Кампраміс - гэта не бруднае слова. Ад яго залежаць жыцці людзей», - падкрэсліла Мэй, абараняючы сваю пазіцыю што да ўгоды.
«Я неўзабаве пакіну сваю пасаду. Але я буду не апошняй жанчынай-прэм'ерам у краіне, якую я люблю», - сказала Мэй ў канцы дрыготкім голасам і пайшла ад тэлекамер, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы. З яе боку гэта было рэдкай праявай эмоцый, якую яна дазволіла сабе за доўгія гады. Раней калегі па партыі і парламенту называлі яе «мармуровай» за незвычайнае самавалоданне і тое, што палітыка практычна немагчыма было вывесці з сябе.
Тэрэза Мэй стала прэм'ерам у ліпені 2016 года на фоне крызісу ў партыі кансерватараў-торы. Ён быў звязаны з расколам у пытанні выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ. Тады ў Вялікай Брытаніі прайшоў рэферэндум, на якім 52% жыхароў краіны выказаліся за Brexit, а 48% супраць. Але кіроўная партыя і парламент Вялікай Брытаніі за тры гады так і не змаглі ўкласці дамову з ЕЗ аб тым, на якіх умовах будзе адбывацца выхад краіны з Еўразвязу.
У сакавіку 2019 года парламент Вялікай Брытаніі трэцім разам адхіліў варыянт угоды Мэй з ЕЗ і забраў сабе ва ўрада паўнамоцтвы вызначаць, якім будзе Brexit, і калі і на якіх умовах ён адбудзецца. Гэтую пастанову падтрымала таксама частка кансерватараў з партыі, якую ўзначальвала Мэй.