4 траўня 2024, Субота, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Беларусам трэба самім пазбаўляцца ад Лукашэнкі і ягонай «місіі»

10
Уладзімір Някляеў: Беларусам трэба самім пазбаўляцца ад Лукашэнкі і ягонай «місіі»
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

Занадта шмат у кіраўніцтва Расеі спосабаў ціску на дыктатара.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт і палітык Уладзімір Някляеў:

«Швэдскі журналіст, які не раз бываў у Беларусі і даволі добра ведае палітычную сітуацыю ў краіне, кажа, што калі ўкраінскі Майдан быў для беларусаў негатыўным чыннікам, страшылкай, то абранне прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага - чыннік пазітыўны.

На наступных выбарах беларусы будуць хацець новага кіраўніка краіны. Не абавязкова маладога, але новага. А на маю заўвагу, што новага кіраўніка краіны беларусы хочуць даўно, але выбіраюць яго не яны, выбірае Лукашэнка, журналіст раптам пытаецца: «А чаму вы так баіцеся рэферэндуму аб аб'яднанні з Расеяй? Лукашэнка правядзе яго так, што 87,7% будзе супраць аб'яднання - і назаўсёды закрые тэму. Гэта яго гістарычная місія».

Я спытаў, як ён у Стакгольме да такога дадумаўся? І ён прызнаўся, што не ў Стакгольме, а ў Менску пры размове з адным «дэпутатам» пра магчымасць рэферэндуму падчас парламенцкіх выбараў...

Такія размовы ў Менску сапраўды вядуцца. Аднымі праз недамысленне (бо яны «дэпутаты» шостай палаты), іншымі - наўмысна. І гэта не штосьці іншае, як частка працы «расейскага свету»: прывучыць беларусаў да думкі аб рэферэндуме.

Не закрые Лукашэнка тэму рэферэндуму. А калі нават (раптам) і захоча, то не дадуць яму закрыць. Занадта шмат у кіраўніцтва Расеі спосабаў ціску на яго. Эканамічных, палітычных, крымінальных. Самы просты: закрываецца тэма - закрываецца газ. І Лукашэнку гамон.

Апроч таго, уявіце, як абкладзе Расея гэты рэферэндум. І не толькі інфармацыйна. Расейскіх назіральнікаў будзе 87,7% - і яны не будуць стаяць за кіламетр ад стала, на якім падлічваюцца галасы. За кіламетр будуць стаяць «зялёныя чалавечкі».

І самае небяспечнае ў тым, што яны, «зялёныя чалавечкі», могуць нават не спатрэбіцца. Пытанне ж не будзе сфармуляваны так: «Ці згодныя вы на тое, каб аб'яднацца з Расеяй, каб прадаць Беларусь?». Спытаюць, напрыклад: «Ці падтрымліваеце вы больш шчыльную інтэграцыю з Расеяй?» і падтрымаюць! У выбары паміж незалежнасцю і халявай, пераможа халява, сэр...

Так настроіў за 25 гадоў Лукашэнка Беларусь. Акурат у гэтым і ёсць ягоная «гістарычная» місія, да выканання якой Расея не збіраецца ад яго пазбаўляцца. Значыць, пазбаўляцца ад яго і ягоных місій беларусам трэба самім. І калі мы гаворым пра фактар Зяленскага, дык давайце ўсведамляць, што ён стаў не вынікам дзейнасці Парашэнкі (які шмат, між іншым, для Украіны зрабіў, выканаў сваю гістарычную місію), а вынікам Майдана. Вынікам рэвалюцыі Годнасці ў яе развіцці».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках