Лукашэнка панічна баіцца Мікалая Статкевіча
42- 9.04.2019, 10:41
- 53,322
Лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу асудзілі на 15 дзён за заклік да набажэнстваў.
Затрыманага 7 красавіка каля дома лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча, які збіраўся на малебен за Курапаты да Свята-Духавага сабору ў цэнтры Менска, судзілі раніцай 9 красавіка, паведамляе «Радыё Свабода».
Суд над Статкевічам доўжыўся 5 хвілін. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла прысуд: 15 дзён арышту.
Мікалай Статкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у пасяджэнні, заявіў суддзі адвод, але яна не пагадзілася. Суд праходзіў за нібыта заклік да несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КоАП РБ), Статкевіч абурыўся: «Якая акцыя, гэта ж была малітва!»
Некалькі дзён каля яго дома ў Лошыцы дзяжурылі тры мікрааўтобусы. У нядзелю раніцай, калі Статкевіч садзіўся ў аўтамабіль, яго схапілі людзі ў цывільным і павезлі ў Цэнтральны РУУС Менска.
Удзень яго змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Раніцай у панядзелак у ЦІПе не хацелі прымаць перадачу, якую прывезла жонка Марына Адамовіч: «Яго цяпер павязуць у суд, навошта яму торбы?» - казалі ахоўнікі. У панядзелак Статкевіча ў суд так і не прывезлі.
У аўторак а 5-й раніцы Мікалая Статкевіча таемна вывезлі з Акрэсціна ў Цэнтральны РУУС, пратрымалі там да 8 раніцы і павезлі ў суд Цэнтральнага раёна. Удзельнічаць у працэсе лідар БНК адмовіўся.
Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч з'яўляецца самым папулярным беларускім палітыкам.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знішчана і вывезена каля 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
7 красавіка ў 12.00 на плошчы Свабоды ля Мінскага Свята-Духава Кафедральнага (праваслаўнага) Сабору прайшоў малебен. У набажэнстве ўзялі ўдзел больш за 1000 чалавек.