29 красавiка 2024, панядзелак, 6:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кара-Мурза: Расейскія ўлады баяцца персанальных санкцый

Уладзімір Кара-Мурза: Расейскія ўлады баяцца персанальных санкцый
УЛАДЗІМІР КАРА-МУРЗА-МАЛОДШЫ

Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША яшчэ 12 сакавіка прыняла чатыры дакументы, якія тычацца Расеі.

Сярод іх - законапраект аб непрызнанні суверэнітэту РФ над Крымам, законапраект «аб мінімізацыі ўмяшання з боку Расеі і абмежаванні расейскіх выведвальных сетак» (KREMLIN Act), законапраект «аб празрыстасці ў дачыненні да Пуціна» і рэзалюцыя паводле справы аб забойстве Барыса Нямцова. Цяпер яны павінны быць адобраныя Сенатам.

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» старшыня Фонду Барыса Нямцова Уладзімір Кара-Мурза-малодшы распавёў пра значнасць прынятых законапраектаў, пра расследаванне Мінфіна ЗША, і пра тое, хто з асоб, якія маюць дачыненне да забойства Барыса Нямцова, можа ўвайсці ў санкцыйны спіс ЗША.

- Які з гэтых законапраектаў вы ўважаеце за найбольш дзейсны і патэнцыйна эфектыўны?

- Па-за ўсякім сумневам, самым моцным з прынятых учора Палатай прадстаўнікоў Кангрэса ЗША дакументаў з'яўляецца рэзалюцыя нумар 156 - аб адказнасці і правасуддзі ў справе аб забойстве Барыса Нямцова. На сёння гэта найбольш поўны афіцыйны міжнародны дакумент, у якім пералічаныя ўсе шматлікія праблемы, абмежаванні і заганы афіцыйнага расейскага следства і расейскага суда ў справе аб самым гучным палітычным забойстве ў сучаснай гісторыі Расеі.

Акрамя таго, гэтая рэзалюцыя змяшчае вельмі выразныя і канкрэтныя рэзалютыўныя артыкулы пра тое, што неабходна зрабіць, каб пакласці канец той беспакаранасці, якая існуе ўжо больш за чатыры гады ў дачыненні да арганізатараў і заказчыкаў гэтага злачынства.

З усіх пунктаў рэзалюцыі, на мой погляд, адзін з самых значных - гэта пункт аб падтрымцы з боку Злучаных Штатаў нагляднай працэдуры, запушчанай у канцы лютага ў рамках парламенцкай асамблеі АБСЕ. Я нагадаю, што на зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене была прынятая пастанова прызначыць спецыяльнага дакладчыка паводле справы аб расследаванні забойства Барыса Нямцова.

Другі вельмі важны пункт рэзалюцыі Кангрэсу - гэта пункт аб тым, што амерыканскі ўрад паралельна з працэдурай, запушчанай у Радзе Еўропы, павінен падрыхтаваць і прадставіць Кангрэсу свой асобны даклад, прысвечаны ўсім абставінам забойства Барыса Нямцова, - уключаючы імёны людзей, якія, на іх думку, датычныя да гэтага злачынства. І гэтыя людзі, якія маюць дачыненне да забойства на ўсіх узроўнях - не толькі выканаўцы, але і арганізатары, і заказчыкі - павінны быць уключаныя ў спіс персанальных санкцый - візавых і фінансавых у Злучаных Штатах у рамках «закона Магніцкага».

Перад тым, як прыняць пастанову аб уключэнні канкрэтных асоб у санкцыйны спіс, Кангрэс павінен заслухаць даклад, падрыхтаваны амерыканскім урадам і прадстаўлены дзяржсакратаром і дырэктарам Нацыянальнай выведкі ЗША. Там павінны быць названыя імёны людзей, якія, на думку аўтараў дакладу, датычныя да гэтага злачынства (забойства Барыса Нямцова. - Рэд.) як на ўзроўні выканаўцаў, так і на ўзроўні арганізатараў і заказчыкаў. І відавочна, менавіта гэтых людзей пасля гэтага варта ўключыць у санкцыйны спіс у рамках «закона Магніцкага».

- Пакуль гэтыя пакеты захадаў не ўвайшлі ў дзеянне, цяжка ацаніць іх дзейснасць. На ваш погляд, наколькі яны эфектыўныя?

- Я займаюся працай у прасоўванні «законаў Магніцкага» на Захадзе, у тым ліку ў ЗША, пачынаючы з 2010 года. У шасці краінах на сёння гэтыя законы прынятыя. І па рэакцыі Крамля і расейскіх уладаў, мы бачым, што яны нічога так моцна не баяцца, як персанальных і індывідуальных санкцый - у дачыненні да іх саміх, іх набліжаных, алігархаў ці людзей, якія абслугоўваюць іх фінансавыя інтарэсы.

Узгадайце, пра што размаўляў Пуцін з Дональдам Трампам на саміце ў Хельсінкі летам 2018 года. У асноўным ён размаўляў пра «закон Магніцкага» і пра людзей, якія стаялі за яго прыняццем. Таму мы ведаем, што называецца, з першых вуснаў, што персанальныя, індывідуальныя, кропкавыя санкцыі ў дачыненні да чыноўнікаў і бенефіцыяраў пуцінскага рэжыму - гэта самы вялікі галаўны боль цяперашніх уладаў. Гэта тое, чаго яны баяцца больш за ўсё.

- На сёння імем Барыса Нямцова названыя вуліцы і плошчы ў Вашынгтоне, Вільні і Кіеве. Ці ёсць яшчэ гарады, у якіх могуць з'явіцца вуліцы, названыя ў яго гонар?

- Некалькі дзён таму мы разам з парламентарыямі і муніцыпальнымі лідарамі Таронта пачалі працэдуру перайменавання адной з вуліц горада ў гонар Барыса Нямцова. На мінулым тыдні я быў у Лондане, дзе сустракаўся з парламентарыямі, з якімі мы прасоўваем аналагічную ініцыятыву ў брытанскай сталіцы.

А ў пазамінулую нядзелю на маршы памяці Барыса Нямцова ў Маскве тысячы людзей прайшлі бульварным кальцом, паказаўшы, што, нягледзячы на ўсе намаганні цяперашняй расейскай улады, яны працягваюць памятаць пра яго, таму што чалавека можна забіць, а забыць - нельга. І мы глыбока ўдзячныя тым палітыкам і лідарам грамадскай думкі ў дэмакратычных краінах, якія таксама памятаюць Барыса Нямцова і на афіцыйным узроўні прымаюць пастанову аб увекавечанні ягонага імя, робяць тое, што мы пакуль не можам зрабіць у сябе дома.

Пакуль немагчыма сабе ўявіць, што ў нейкім з расейскіх гарадоў з'явіцца вуліца або плошча, названая імем Барыса Нямцова, але калі-небудзь гэта абавязкова здарыцца, я абсалютна ў гэтым не сумняваюся. Я ведаю, што абавязкова надыдзе дзень, калі Расея будзе ганарыцца тым, што нашы амбасады, нашы дыпламатычныя місіі ў розных гарадах свету знаходзяцца на вуліцах, на плошчах і ў скверах, якія носяць імя расейскага дзяржаўнага дзеяча.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках