«Газпрам» патаннеў на $3,2 мільярда праз пастанову ЕЗ аб «Паўночным струмені-2»
3- 22.02.2019, 10:43
- 12,010
Акцыі «нацыянальнага здабытку» РФ падаюць утрая хутчэй за рынак.
Акцыі «Газпрама» заканчваюць падзеннем трэці тыдзень запар на фоне значнага скарачэння попыту на газ у Еўропе і прыняцця ў Брусэлі газавай дырэктывы, праз якую пад пагрозай аказалася будучыня праекта «Паўночны струмень-2», піша finanz.ru.
На таргах МасБіржы ў чацвер паперы «Газпрама» апускаліся да адзнакі 153,01 рубля, аформіўшы мінімум з пачатку года.
За люты яны патаннелі на 5,6%, амаль утрая апярэдзіўшы падзенні індэксу ММВБ. Капіталізацыя «нацыянальнага здабытку» скарацілася на 211 млрд рублёў, або 3,2 млрд даляраў.
«Газпрам» прадаецца горш на рынку, бо расце ціск на «Паўночны струмень-2», кажа аналітык ІФК «Салід» Вадзім Краўчук.
У сераду камітэт сталых прадстаўнікоў Еўразвязу зацвердзіў тэкст паправак у газавую дырэктыву, якая патрабуе, каб Марскія трубаправоды падпарадкоўваліся тым жа нормам, што і наземныя: адной кампаніі (у гэтым выпадку «Газпраму») забараняецца быць адначасова і прадаўцом газу і ўладальнікам трубы, па-другое, доступ да газаправода павінны атрымаць незалежныя пастаўшчыкі.
І калі першае патрабаванне фармальна выканаць можна, стварыўшы асобную структуру, то другое - не: газ у расейскі канец трубы можа падаць толькі «Газпрам» як адзіная кампанія, якая мае права на ягоны экспарт.