26 красавiка 2024, Пятніца, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былому галоўнаму патолагаанатаму Міністэрства аховы здароўя выставілі новае абвінавачванне

8
Былому галоўнаму патолагаанатаму Міністэрства аховы здароўя выставілі новае абвінавачванне
Аркадзь Пучко
ФОТА: TUT.BY

Пракурор зачытаў абвінавачванне на пасяджэнні суда Ленінскага раёна Менска.

Сёння ў судзе Ленінскага раёна Менска выставілі новае абвінавачанне 70-гадоваму былому галоўнаму патолагаанатаму Міністэрства аховы здароўя Аркадзю Пучкову. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару на вельмі вялікую суму, паведамляе tut.by.

Сёння, 14 лютага, на суд прыйшлі родныя і блізкія Аркадзя Пучкова. Яны махаюць адзін аднаму і пасылаюць паветраныя пацалункі. Галоўны патолагаанатам сядзіць у клетцы і ўвесь час выглядвае ў зале родных, усміхаецца ім, падміргвае.

Пракурор Святаслаў Вялікі чытаў новае абвінавачванне амаль тры гадзіны. У ім у параўнанні з папярэднім нязначна паменшаная агульная сума хабараў, якую плацілі санітары. Калі раней называлася, што ад санітараў трупярні, якой ён кіраваў, прыняў грошай на агульную суму блізу 56 тысяч рублёў, то цяпер выявілася, што сума была не меншая за 51 тысячу рублёў. Паводле звестак следства, у 2004 годзе Пучкоў у сваім кабінеце абвясціў: тыя, хто хоча працаваць у бюро і не мець праблем з падаўжэннем кантракту, павінны яму плаціць штомесяц.

Супрацоўнікі на працягу 13 гадоў аддавалі яму па 10% ад заробку, але выявілася, што з грошай на адпачынак і лісткоў непрацаздольнасці абвінавачваны даніны не браў.

Пры гэтым агульная сума хабараў ва ўсіх эпізодах меншай не стала. Яна складае прыкладна 180 тысяч долараў. Шкоду абвінавачаны сплаціў.

Дзяржаўны абвінаваўца падчас абвінавачвання пералічвае абавязкі галоўнага патолагаанатама і кажа, што той не меў права прымаць падарункі і каштоўнасці за разгляд пытанняў, якія ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю. Нават падчас абвінавачвання патолагаанатам рэдка глядзіць у бок пракурора, усё больш на родных у зале. Часам нават спрабуе ім нешта сказаць.

Грошы патолагаанатам браў з 2002 да 2018 года. Ён атрымліваў іх ад прадпрымальнікаў за ўкладанне кантрактаў, паводле якіх у бюро пастаўлялі труны, вянкі, крыжы, жалобныя кошыкі. Бізнэсоўцы плацілі галоўнаму патолагаанатам 10% ад сумы тавару. Часта сумы вагаюцца ў межах 5-10 рублёў. Але агульная сума выходзіць больш значнай.

Напрыклад, са слоў абвінаваўцы, у перыяд з траўня да лістапада 2002 года галоўны патолагаанатам штомесяц атрымаў хабараў на агульную суму 2100 даляраў, а з ліпеня да снежня 2017 года прыняў не менш за 5300 рублёў, яшчэ на працягу аднаго з перыядаў да 2017 года - хабараў на суму не меншую за 5776 рублёў, ад ліпеня 2004 года да студзеня 2015 - на суму не меншую за 1893 рублі. Гэта толькі некаторыя прыклады. Былі выпадкі, калі агульная сума хабараў дасягала больш за 181 тысячу рублёў.

Адзін з эпізодаў, які ў першапачатковым абвінавачанні кваліфікавалі паводле ч.2 арт. 430 (Атрыманне хабару), трохі змякчылі. Цяпер ён кваліфікуецца паводле ч.1 гэтага ж артыкула.

У цэлым цяпер яго абвінавачваюць паводле ч.1, 2, 3 арт.430 КК (Атрыманне хабару на вялікую і вельмі вялікую суму). Максімальнае пакаранне паводле яго прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У нейкі момант Аркадзь Пучкоў устае з лавы і слухае пракурора стоячы, трымаючыся рукамі за клетку.

Паводле слоў дзяржаўнага абвінаваўцы, патолагаанатам таксама браў па 100 долараў хабараў штомесяц на працягу некалькіх гадоў за тое, што дапускаў рытуальнае аўто пэўных прадпрымальнікаў на тэрыторыю патолагаанатамічнага бюро і перадаваў гэтым ІП інфармацыю аб тым, каму трэба перавозіць целы памерлых. Агулам за гэта прыняў больш за 83 тысячы рублёў. Пры перадачы адной з сум яго і затрымалі.

Нагадаем, падчас папярэдняга расследавання віну фігурант прызнаў і сплаціў усю шкоду.

Са слоў абвінавачанага, хабар ішоў на лячэнне жонкі, у 2009 годзе ў жанчыны выявілі рак. Яе лячылі ў Гішпаніі ды Ізраілі, у 2015 годзе яна памерла. Грошы ад санітараў трупярні выдаткоўваліся на патрэбы бюро: для замежных дэлегацый куплялі квіткі ў тэатр, ладзілі вячэры ў рэстарацыі. А яшчэ пэўная сума ішла на ўтрыманне лазні, размешчанай на тэрыторыі бюро. Толькі венікаў штогод куплялася 100-150.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках