26 красавiка 2024, Пятніца, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць чыннікаў, якія падаўжаюць маладосць арганізма

4
Шэсць чыннікаў, якія падаўжаюць маладосць арганізма

Адзін з іх - комплексная прафілактыка.

Навукоўцы заяўляюць, што хуткасць старэння людзей на 20% залежыць ад генетыкі, і за кошт ладу жыцця цалкам магчыма запаволіць старэнне і падоўжыць маладосць арганізма, паведамляе healthinfo.ua.

Якія ж чыннікі дазваляюць зрабіць гэта сваімі сіламі?

Чыннік першы: фізічная актыўнасць. Даследаванне навукоўцаў з Універсітэта Квінсі (Канада) і Федэральнага ўніверсітэта Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) паказала, што пры фізічных практыкаваннях больш актыўна выпрацоўваецца бялок ірызін, які нейтралізуе сімптомы хваробы Альцгеймера. Чым чалавек больш рухомы, тым маладзейшы - гэта заканамернасць.

Чыннік другі: комплексная прафілактыка. Са звестак 12-гадовага даследавання навукоўцаў з Універсітэта Дзюка, Габрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме і Каралеўскага каледжа ў Лондане, комплекс з рэгулярных фізічных нагрузак, правільнага харчавання, перыядычных медаглядаў і адмовы ад цыгарэт дае вельмі вялікі ўплыў на працэсы старэння. Тым, хто не хоча састарэць раней часу, варта яго выконваць.

Чыннік трэці: лёгкі характар. Вынікі даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Medicine, кажуць пра тое, што хутчэй старэюць тыя людзі, якія старыя псіхалагічна - яны не адкрыты для вывучэння ўсяго новага, маларухомыя, дэпрэсіўныя, замкнёныя.

Чыннік чацвёрты: кантроль над салодкім. Англійскія і нямецкія навукоўцы-генетыкі заявілі аб тым, што ўжыванне салодкага скарачае жыццё. Замест разнастайных гатовых прысмакаў і выпечкі яны раяць есць грэцкія арэхі, гранаты і клубніцы - гэта дапаможа замарудзіць старэнне.

Чыннік пяты: вастрыня. Працягласць жыцця людзей, якія ўжываюць перац чылі, вышэйшая ў сярэднім на 13%. Капсаіцын, які ёсць у перцы чылі, перашкаджае атлусценню, памяншае рызыку сэрцава-судзінных і лёгачных захворванняў, мае антымікробныя ўласцівасці і паляпшае склад мікрафлоры.

Чыннік шосты: абароненасць ад стрэсаў. Амерыканскія генетыкі даказалі: чым менш чалавек нервуецца, тым павольней старэе. Дэпрэсія і стрэс могуць уплываць на дзейнасць гена ANK3, які адказвае за функцыянаванне клетачных мембран. У людзей, якія перажылі сур'ёзны стрэс, дэпрэсію, якія спрабавалі пакончыць з сабой, назіраецца гіперактыўнасць ANK3 ужо ў маладым узросце, што прыводзіць да заўчаснага старэння.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках