6 траўня 2024, панядзелак, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«З зямлі тырчалі штыры, а ў сталовых работніцы елі за кошт дзяцей»

12
«З зямлі тырчалі штыры, а ў сталовых работніцы елі за кошт дзяцей»
АРХІЎНАЕ ФОТА

У школах Гарадзенскай вобласці знайшлі дзясяткі парушэнняў.

Перад гэтым навучальным годам на ўладкаванне, рамонт і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы 677 устаноў адукацыі ў Гарадзенскай вобласці было накіравана блізу 15 мільёнаў рублёў. У жніўні-верасні спецыялісты Камітэта дзяржкантролю правялі праверку шэрагу ўстаноў адукацыі. Іх вынікі непрыемна здзівілі, агучылі на калегіі Камітэта дзяржкантролю Гарадзенскай вобласці ў аўторак, 25 верасня, піша «Вечерний Гродно».

Нягледзячы на падпісаныя пашпарты гатоўнасці, у шэрагу дзіцячых садоў, школ і каледжаў ёсць сур'ёзныя недахопы. Да прыкладу, у гімназіі ў Гарадзенскай вобласці не завяршылі афарбоўку фасадаў і ўстаноўку адхонаў. У некаторых установах тэрмінова патрэбныя рамонт і замена шклопакетаў і пабітага шкла ў вокны і дзверы. У некаторых не было афарбавана і адрамантавана спартовае абсталяванне на стадыёне. У іншай навучальнай установе перад 1 верасня не ачысцілі парослыя травой бегавыя дарожкі.

Не ўсе ўстановы адукацыі забяспечваюць бяспеку знаходжання для навучэнцаў. У школах можна было сустрэць вострыя металічныя штыры, якія тырчаць з зямлі, разбітыя жалезабетонныя пліты, прысутнасць на тэрыторыі старонніх. Больш за ўсё ў гэтым плане «вызначылася» адна з гарадзенскіх школ, дзе былая трыбуна на стадыёне стала прытулкам для ахвочых выпіць. Адміністрацыя школы асланіла сябе ад праблемы тым, што проста выставіла агароджы, хоць гэтая тэрыторыя знаходзіцца на балансе школы, распавяла начальніца ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Гарадзенскай вобласці Таццяна Слабыш.

Нямала нараканняў да школ і каледжаў па лініі пажарнай бяспекі. Так, у адной з іх запасны выхад з класа працы для хлопчыкаў быў застаўлены староннімі прадметамі. У адным з інтэрнатаў гарадзенскага каледжа студэнты карысталіся электрачайнікамі.

Акрамя таго паўсюдна правяраючыя ў сталовых сутыкаліся з пратэрміноўкай ці прадуктамі са слядамі псавання. А ў сярэдняй школе ў Гарадзенскім раёне зусім нядаўна выявілі, як работнікі харчаблока пасярод працоўнага дня накрылі сабе стол і елі за кошт дзяцей.

Як дадаў начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гарадзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, паводле вынікаў праверак да дысцыплінарнай адказнасці было прыцягнута 55 службовых асоб, у тым ліку 9 дырэктароў школ. Шмат хто атрымаў вымовы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках