29 красавiка 2024, панядзелак, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дом гараджан 14-га стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гародні

2
Дом гараджан 14-га стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гародні

Дом быў багатым на знаходкі.

Раскапаную пабудову археолагі датуюць сярэдзінай-канцом 14 стагоддзя. Зруб хаты, драўляны падлога і падмурак печы добра захаваліся. Дом быў багатым на знаходкі: у ім знайшлі ўпрыгажэнні, прадметы побыту і фрагменты металічных зліткаў - тагачасныя грошы. Hrodna.life наведаў раскопкі 19 верасня.

Добры дзень у вашу хату

Раскапаная цяпер хата - ужо сёмая пабудова, якую знайшлі археолагі ў час гэтых раскопак на тэрыторыі Старога замка. Аднак гэты дом мае свае асаблівасці. Перш за ўсё, ён вельмі вялікі для свайго часу, мае блізу 9 метраў у даўжыню і блізу 4 у шырыню. Цяпер адкрыта блізу 6 метраў пабудовы. Астатняя частка знаходзіцца за межамі раскопу, «у профілі».

Да дому прымыкае яшчэ адная пабудова. Яе зруб амаль цалкам за межамі раскопу. Цікава, што гэтая частка ўбудаваная ў сцяну дома, а брусы абедзвюх пабудоў звязаны драўлянымі клінамі.

«У цэнтры раскопу знаходзіцца вялікі дом. Унутры пабудовы - драўляны падмурак печы і яе рэшткі. Магчыма, вакол печы былі палаці, дзе людзі спалі. Добра захаваліся дошкі падлогі», - распавёў археолаг Аляксандр Хацько.

Чым хата багатая, тым археолагі рады

«Ёсць над чым падумаць і што вывучаць», - кажа Наталля Кізюкевіч, загадчыца аддзела археалогіі Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

Сярод знаходак - жалезная іголка, сярэбраны кавалак аплатнага злітка, некалькі наканечнікаў для стрэл, крэсіва для здабычы агню, два кольцы, свінцовы медальён, фрагмент бранзалета, разьбяныя ўпрыгажэнні з косці і нават шкарлупіна ад лясных арэхаў, якая завалілася ў шчыліны паміж дошак падлогі. Прычым усе знаходкі былі зроблены ў межах аднаго дома.

«Звычайна ў пластах такога часу знаходзяць адзінкавыя жалезныя рэчы, часцей за ўсё цвікі. А гэты раскоп нас парадаваў».

Толькі маленькі пазл

Некаторыя знаходкі растлумачыць лёгка. Напрыклад, вялікая колькасць наканечнікаў для арбалетных нітаў гэта вынік блізкасці абарончай сцяны. А вось рабіць нейкія высновы з нагоды самога дома археолагі не спяшаюцца. «Цяжка сказаць, хто тут жыў. Калі б ўскрывалі усю тэрыторыю Замкавай гары, можна было б паспрабаваць вывесці нейкую сістэму. Але па адным фрагменце гэта зрабіць не атрымаецца. Сённяшні раскоп - толькі маленькі пазл агульнай карціны».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках