4 траўня 2024, Субота, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ганьба, ганьба!»: У Чэхіі ўспыхнулі пратэсты ў гадавіну савецкага ўварвання

3
«Ганьба, ганьба!»: У Чэхіі ўспыхнулі пратэсты ў гадавіну савецкага ўварвання

Чэхі выступілі супраць прэм'ер-міністра Бабіша і выйшлі да амбасады РФ.

Цырымонія памяці ахвяр уварвання ў Чэхаславаччыну войскаў пад савецкім кіраўніцтвам у 1968 годзе перарасла ў пратэст супраць прэм'ер-міністра Чэхіі Андрэя Бабіша.

Як паведамляе Associated Press, сотні людзей асвісталі прэм'ера, калі ён прыбыў на цырымонію перад будынкам чэшскага грамадскага вяшчання ў цэнтры Прагі - месцы, дзе ўспыхнулі вулічныя баі паміж бяззбройнымі грамадзянскімі і захопніцкімі войскамі, у выніку якіх загінулі 17 чалавек.

«Ганьба, ганьба», - крычаў натоўп, перакрыкваючы выступ прэм'ер-міністра. Бабіш не адрэагаваў на пратэст.

Бабіш, мільярдэр-папуліст, з'яўляецца супярэчлівай фігурай праз палітычныя дамоўленасці з камуністычнай партыяй Чэхіі і абвінавачванні ў фінансавым махлярстве. Ягонае становішча ўскладненае таксама падазрэннямі ў супрацоўніцтве з тайнай паліцыяй камуністычнай эпохі.

У чэшскай сталіцы Празе некалькі сотняў чалавек выйшлі на акцыю пратэсту пад амбасаду Расеі з нагоды 50-й гадавіны падзей «Пражскай вясны».

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках сцягі Украіны, ЕЗ і NATO, а таксама плакаты з надпісамі «Мы ніколі не забудзем», «Стоп расейскаму імперыялізму» і «Акупанты - не браць», паведамляе DW.

Дзясяткі паліцыянтаў ахоўвалі ўваход у амбасаду і перакрылі яго металічнымі загародамі.

Таксама актывісты патрабавалі скарачэння расейскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Празе.

У ноч з 20 на 21 жніўня 1968 савецкія, польскія, вугорскія і балгарскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю тагачаснай Чэхаславаччыны, каб здушыць рух за рэформы верхавіны тагачаснай кіроўнай камуністычнай партыі краіны, вядомы як «Пражская вясна».

У сувязі з падзеямі са жніўня да снежня 1968 года ў Чэхіі загінулі 137 цывільных асобаў. Усяго за час акупацыі, паводле ацэнак гісторыкаў, у краіне сіламі краін Варшаўскага пакта былі забітыя больш за 400 чалавек. Апошні савецкі жаўнер пакінуў тэрыторыю Чэхаславаччыны ў чэрвені 1991 года.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках