29 красавiка 2024, панядзелак, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як гучыць 90-гадовы арган у касцёле Магілёва

Як гучыць 90-гадовы арган у касцёле Магілёва

У магілёўскім касцёле Успення Панны Марыі і Святога Станіслава ўпершыню за 60 гадоў загучаў арган.

90-гадовы электра-пнеўматычны інструмент прыйшоў на змену электроннаму аргану, які многія гады замяняў зніклы ў савецкі час арган з керамічнымі трубкамі.

Механічны арган з рэдкімі керамічнымі трубкамі, паводле некаторых гістарычных звестак, знаходзіўся і выкарыстоўваўся ў касцёле з 1912-га да 1956 года. Такіх інструментаў у той час было ўсяго 4 у свеце: у Ватыкане, Мехіка, Варшаве і Магілёве. Куды знік інструмент пасля закрыцця храма, невядома, распавёў tut.by біскуп Аляксандр. Калі ж у 1990-я гады будынак перадалі вернікам, тут выкарыстоўвалі электронны арган.

Біскуп Аляксандр пачаў шукаць магчымасці набыць механічны інструмент, калі быў прызначаны кіраўніком магілёўскага касцёла ў 2016 годзе.

— Я пісаў лісты ў розныя арганізацыі, за мяжу. Ведаеце, гэта нялёгкая справа. Ксёндз Аляксей Раманчук, які будуе касцёл у Барысаве, які быў у курсе майго пошуку, сказаў, што ў адным з храмаў Галандыі ёсць на продаж арган у добрым стане. Атрымаўшы фотаздымкі, параіўшыся з экспэртамі, мы наважылі яго набыць, — распавёў біскуп Аляксандр.

Арган каштаваў сімвалічныя 10 тысяч еўраў, бо рэальны кошт 90-гадовага інструмента - у разы больш. Набыць яго дапамаглі дабрачынцы.

Інструмент асвяціў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Беларусі, апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Упершыню інструмент загучаў на літургіі 15 жніўня - іграў на ім дацэнт кафедры Беларускай дзяржакадэміі музыкі і галоўны арганіст менскага архікатэдральнага касцёла Святога Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзімір Неўдах.

- Гэта вельмі добры інструмент, у выдатным стане, дагледжаны, нават калі браць пад увагу яго 90-гадовы ўзрост, - распавёў Уладзімір Неўдах. - Бо самы стары арган у свеце, які функцыянуе - 1370 года, гэта значыць, яму амаль 650 гадоў. Вядома, такія інструменты падыходзяць для выканання музыкі сваёй эпохі. Гэты інструмент, у касцёле Магілёва, падыходзіць для музыкі эпохі рамантызму. І для выкарыстання падчас літургій, вядома. У ім адлюстраванае ўсё, што было характэрна для арганабудаўніцтва таго часу - асаблівасці выкарыстання электрычнасці і гэтак далей.

Са слоў Уладзіміра Неўдаха, орган у Магілёве падыходзіць для канцэртаў арганнай музыкі, да якой апошнім часам адраджаецца цікавасць публікі. Можна нават сказаць, што наведваць такія канцэрты модна. Пры гэтым з ужо 124 арганаў, якія ёсць у Беларусі, у добрым працоўным стане - усяго блізу дзясятку.

Першы канцэрт арганнай музыкі на 90-гадовым інструменце прайшоў у выкананні Уладзіміра Неўдаха і Кацярыны Нікалаевай пасля заканчэння святочнай літургіі.

Арган прывезлі ў Магілёў з галандскага горада Эйндховена. Інструмент выкананы ў гатычным стылі. Яго вырабіў ў 1928 годзе майстар Лявон Верс Хуэрэн дэ Хэйт Хусэн, фірма якога заснаваная ў 1891 годзе і дзейнічае па сённяшні дзень. Гэта 47-я праца майстра.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках