29 красавiка 2024, панядзелак, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы не могуць вярнуцца з курорта ў Балгарыі

3
Беларусы не могуць вярнуцца з курорта ў Балгарыі

Турфірма не аплаціла гатэль, а дырэктар не выходзіць на сувязь.

У рэдакцыю tut.by звярнуўся мянчук Дзяніс Яроменак. Улетку ягоная мама з цёткай вызначылі адпачыць у Балгарыі. Набылі тур у кампаніі «Два сонцы» і 3 жніўня паляцелі. Засяліліся ў гатэль. А ў пятніцу, 17 жніўня, калі жанчыны хацелі выселіцца, даведаліся: пражыванне ў іх не аплачанае. Турысты абурыліся, адміністратарка выклікала паліцыю. У турфірме тлумачаць: усім займаўся дырэктар, а ён не выходзіць на сувязь.

- Яны мне напісалі, што прыехала паліцыя, - распавядае Дзяніс і тлумачыць: у тур мама з цёткай паехалі ў кампаніі родных і сяброў, усяго восем чалавек. Двое з іх дзеці.

- Тур на дваіх каштаваў 936 даляраў, - Дзяніс зачытвае дамову. - У дакуменце напісана, з Бургаса іх даставяць у гатэль Сазопаля, дзе яны будуць адпачываць. Пасля прылёту іх сустрэў нейкі мужчына, загрузіў рэчы ў аўтамабіль і павёз у Памор'е.

«Тэхнічная праблема», - так турыстам патлумачылі сітуацыю.

- Нашы былі незадаволеныя, але добра, - прадаўжае суразмоўца. - Жылі, адпачывалі. Неяк нехта з работнікаў мімаходзь упусціў, што ў іх нешта не аплачанае. Яны не паверылі, звязаліся з турагенцтвам, там іх супакоілі: усё добра. Сёння сабралі сумкі, вынеслі на рэцэпшан, прыбягае адміністратар і проста за рукі іх хапае і не выпускае. Вы, кажа, не заплацілі за пражыванне. Яны: «Як не заплацілі?» Ім паказваюць рахункі - сапраўды, разліку няма.

У роспачы жанчыны патэлефанавалі Дзянісу, а ён - у кампанію «Два сонцы».

- Я набіраю, здымае дзяўчына, кажа, што ўсім асабіста займаўся дырэктар і толькі ён валодае інфармацыяй, - суразмоўца аднаўляе тую гутарку. - Але дырэктар нібыта выключыў тэлефон і ўжо некалькі дзён не выходзіць на сувязь. Больш за тое, наколькі я разумею, і квіткі на сённяшні зваротны рэйс нашым ён таксама не зарэзерваваў.

Паводле словаў сваяка, у турагенцтве яму паведамілі: мэнэджар спрабуе знайсці турыстам зваротныя квіткі. Папярэдне дадому яны вернуцца не раней за 20 жніўня.

- Пытаюся: «А што яны будуць рабіць увесь гэты час?», - не ўтойвае эмоцый маладзён. - Мэнэджар кажа: будзем развязваць праблему, каб яны прадоўжылі адпачынак. Але ў іх амаль не засталося грошай, на што яны застануцца там жыць? Ды і хто заплаціць за час, які яны ўжо правялі ў гатэлі?

«Дырэктар наш на сувязь не выходзіць»

У кампаніі «Два сонцы» кажуць, што спрабуюць дапамагчы турыстам. Сітуацыю з паліцыяй развязалі, за час, які беларусы ўжо правялі ў гатэлі, заплацілі. Патлумачыць, як узнікла такая сітуацыя, не могуць: «Усімі аплатамі займаецца дырэктар», у мэнэджараў да гэтага доступу няма.

- Дырэктар наш на сувязь не выходзіць [...], - распавядаюць у турфірме.

Ці даўно ён знік, не ведаюць.

- Цяпер мы шукаем усякія квіткі на найбліжэйшы час, - апісвае сітуацыю мэнэджар. - Спрабуем сабраць грошы, якія ў нас ёсць, каб падоўжыць турыстам пражыванне. Кожныя дзве хвіліны мы на тэлефоне з гатэлем і турыстамі. Турысты - гэта нашы добрыя знаёмыя, ніхто іх не кідае [...].

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, з tut.by зноў звязаўся Дзяніс. Распавядае, што яму толькі што тэлефанавалі родныя з Балгарыі. З ягоных слоў, за нумар у гатэлі кампанія «Два сонцы» заплаціла толькі частку грошай. Разліку за сённяшнюю і наступныя ночы дагэтуль няма.

- Я звязаўся з консулам, пераслаў усе дакументы наконт гэтай сітуацыі, - кажа суразмоўца. - Яны развязваюць сітуацыю. Але што рабіць далей, родныя не ведаюць. Дзе яны правядуць гэтую ноч, невядома.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках