29 красавiка 2024, панядзелак, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Коржыча: Мне сказалі, што ў Печах прадаўжаюць адбіраць грошы ў жаўнераў

27
Маці Коржыча: Мне сказалі, што ў Печах прадаўжаюць адбіраць грошы ў жаўнераў

У Пінску да яе на вуліцы падыходзяць людзі і распавядаюць, што адбываецца ў барысаўскай вучэбнай частцы.

Маці Аляксандра Коржыча Святлана на гэтым тыдні не будзе прысутнічаць на судовым паседжанні паводле справы аб гібелі сына. Як яна распавяла belsat.eu, у Пінску людзі падыходзяць да яе на вуліцы і распавядаюць, што ў барысаўскай вучэбнай частцы ў жаўнераў тэрміновай службы прадаўжаюць адбіраць грошы.

«Я ўжо казала, што пачынаць суд трэба было з афіцэрскага складу, але нікога з камандавання я на судзе не ўбачыла. Акрамя таго, ніхто не ўспамінае аб псіхіятрычных камісіях, куды вазілі Сашу незадоўга да смерці», - кажа Святлана пра свае ўражанні ад працэсу на гэтым этапе.

У маці па-ранейшаму застаюцца пытанні: «Чаму яго не камісавалі, не адправілі дадому з медычнай часткі? Чаму ў сына былі звязаныя рукі? Як ён сам сабе нанёс удары па галаве, сляды ад якіх бачныя на целе?»

Святлана паказвала фатаграфіі цела сына пракурорам, але адказаў на свае пытанні ўсё яшчэ не атрымала.

На гэты момант жанчына з'ехала з Менска ў Пінск, бо на працы ёй не даюць адпачынак.

«Трэба зарабляць. А на працы не далі магчымасці яшчэ сысці ў адпачынак. Калі ўсё ж дазволяць, то на наступным тыдні планую вярнуцца на працэс».

Са слоў Святланы Коржыч, на базары, дзе яна працуе, на днях да яе падышла жанчына і распавяла, што «ў Печах усё прадаўжаецца».

«Яна сказала: там па-ранейшаму патрабуюць грошы ад «тэрміновай службы», бацькам даводзіцца адпраўляць грошы на карткі. Але потым гэтая жанчына заўважыла, што за нашай размовай назіраюць некалькі чалавек у цывільным і спынілася са словамі «з вамі, я бачу, нават небяспечна размаўляць». Наогул я ўвесь час адчуваю павышаную ўвагу да сябе, кантралююць даслоўна кожны крок», - кажа яна.

Нагадаем, суд аб факце гібелі шарагоўца Аляксандра Коржыча пачаўся 8 жніўня. На лаве падсудных - трое сяржантаў 72 АНЦ, якая знаходзіцца ў Печах пад Барысавым. Ягора Скуратовіча, Яўгена Бараноўскага і Антона Вярэжыча абвінавачваюць у атрыманні хабару і злоўжыванні ўладай. Пацярпелымі паводле справы праходзяць 22 жаўнеры, якія адчулі на сабе дзедаўшчыну ў вучэбнай частцы. Са слоў пракурора і паказанняў пацярпелых, сяржанты неаднаразова ўжывалі фізічны гвалт супраць сваіх падначаленых, вымагалі грошы, прымушалі іх набываць рэчы ў краме, маральна здзекаваліся.

3 кастрычніка 2017 года ў склепе вайсковай часткі ў Печах шарагоўца Коржыча знайшлі павешаным з завязанымі нагамі і майкай, нацягнутай на галаву. Афіцыйная версія СК - «самагубства», аднак многія з гэтым не пагаджаюцца. Маці Коржыча Святлана катэгарычна адмаўляе гэтую версію і мяркуе, што сына забілі ў войску.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках