29 красавiка 2024, панядзелак, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б нарадзіла на дзень пазней»: шматдзетнай сям'і адмовілі ў дапамозе пасля трэцяга дзіцяці

21
«Калі б нарадзіла на дзень пазней»: шматдзетнай сям'і адмовілі ў дапамозе пасля трэцяга дзіцяці

Скандальны выпадак адбыўся ў Салігорскім раёне.

Шматдзетнай сям'і чыноўнікі салігорскага райвыканкаму адмовілі ў дзяржаўнай падтрымцы на будаўніцтва двухпакаёвай кватэры. Генадзь Ермаловіч, які звярнуўся ў рэдакцыю tut.by, бацька траіх дзяцей, распавёў, што праблема ўзнікла праз тое, што трэцяе дзіця нарадзіўся «не своечасова» — за дзень да атрымання дакументаў на дзяржаўную рэгістрацыю кватэры. Гэта жыллё будавалася з ільготным крэдытам. Фармальна райвыканкам мае рацыю — усе сямейнікі рэалізавалі сваё права на дзяржаўную падтрымку. Але выходзіць, што цяпер павінны жыць упяцёх на 40 квадратных метрах.

— У нас усюды кажуць, што дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем'і, нараджайце больш і гэтак далей, — кажа Генадзь Ермаловіч. — Але напраўду мы бачым фармалізм з боку чыноўнікаў на ўсіх узроўнях.

У 2015 годзе маладая сям'я з двума дзецьмі пабудавала ў Старобіне аднапакаёвую кватэру, скарыстаўшыся льготным крэдытам.

— Мы жылі ў здымным жыллі, жонка ўжо была цяжарная — чакалі трэцяе дзіця. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, стаялі мы з 2009 года, таму калі нам нечакана прапанавалі будаваць аднапакаёвую кватэру, надумалі браць. Разлічвалі, што калі народзіцца трэцяе дзіця, станем на пашырэнне. У ліпені гэтага ж года атрымалі ключы ад кватэры і адразу ў яе пераехалі.

Калі нам сказалі зрабіць тэхпашпарт, жонка была на апошніх тэрмінах цяжарнасці. 16 верасня мы падалі дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю права на жыллё, а 18 верасня быў гатовы тэхпашпарт кватэры. 20 верасня ў нас нарадзілася трэцяе дзіця, а 22 верасня мы атрымалі пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі кватэры.

Атрымаўшы пасведчанне шматдзетнай сям'і ў лістападзе 2015-га, Ермаловічы перааформілі ільготны крэдыт на ўмовах для шматдзетных сем'яў на 40 гадоў пад адзін адсотак. І зноў сталі ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. У траўні гэтага года ўступілі ў кааператыў на будаўніцтва двухпакаёвай кватэры.

— Аднак Старобінскі сельсавет здымае нас з чаргі на той падставе, што дзяржаўная рэгістрацыя кватэры адбылася пазней даты нараджэння трэцяга дзіцяці і яно нібыта таксама карысталася льготным крэдытам.

Чыноўнікі спасылаюцца на указ 563, пункт 4.8. Там і праўду гаворыцца, што грамадзяне, якія ўжо скарысталіся льготным крэдытам або аднаразовай субсідыяй на будаўніцтва цягам пяці гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі права на жылое памяшканне не прымаюцца на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі. Але ў тым жа пункце ёсць выключэнні: для выпадкаў павелічэння складу сям'і ў сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) дзяцей.

Палепшыць свае жыллёвыя ўмовы сям'я разлічвала за кошт дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе субсідыі. Але паколькі іх знялі з чаргі, райвыканкам выдаў адмову.

— Мы спрабуем пераканаць усіх чыноўнікаў, што дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю мы падалі 16 верасня і толькі праз бюракратыю ўжо не можам прэтэндаваць ні на якую падтрымку дзяржавы ў паляпшэнні нашых жыллёвых умоў, — абураецца Генадзь. — Нас знялі з чаргі, але з кааператыва не выключылі, прапанавалі будавацца за свой кошт. Але калі разважыць, то нашае дзіця нават яшчэ не было зарэгістраванае ў складзе сям'і! Гэта ж несправядліва — дзіця пражыла ў радзільні два дні, а яно ўжо скарысталася ўсімі выгодамі нашай дзяржавы. Усюды гавораць і пішуць, што ў нашай дзяржаве ідзе падтрымка шматдзетных сем'яў, але нас не хочуць выслухаць і разабрацца.

Двухпакаёвая кватэра, на якую разлічвала сям'я, каштуе 61 тысячу рублёў. Гэтую суму трэба ўнесці роўнымі часткамі да снежня гэтага года. Першы ўнёск — 12 тысяч — трэба аплаціць да 20 жніўня.

— Мы ў стане заплаціць першы ўнёсак, але на астатняе ў нас няма грошай. Мы не прыкрываемся сваёй шматдзетнасцю, не патрабуем штосьці звышнатуральнае і за «лішнія метры» мы гатовыя плаціць. Цяпер жа мы асуджаныя жыць ўсе ўпяцёх у адным пакоі на 20 м2. Патэлефанавалі ў Менскі аблвыканкам, а там нам сказалі: «галоўнае, каб дзеці былі здаровыя». І нічым дапамагчы не змаглі — паводле закону ўсё правільна. Але нашая дзяржава знаходзіць магчымасць амністыі нават мэраў-хабарнікаў, а ў пытанні выдачы субсідыі — не. Юрыст, з якім мы кансультаваліся, кажа, што дастаткова аднаго подпісу чыноўніка, каб усё развязалася. Дык, яны дзейнічаюць строга паводле закону, але часам трэба і па-чалавечы дзейнічаць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках