26 красавiка 2024, Пятніца, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска ўпершыню стала чэмпіёнкай Еўропы ў марафоне

5
Беларуска ўпершыню стала чэмпіёнкай Еўропы ў марафоне
ВОЛЬГА МАЗУРОНАК
ФОТА: REUTERS

Вольга Мазуронак, нягледзячы на крывацёк з носа, перамагла ў марафоне на ЧЕ.

Беларуска Вольга Мазуронак перамагла ў марафоне на чэмпіянаце Еўропы ў Бэрліне, паведамляе tut.by.

Час пераможцы - 2 гадзіны 26 хвілін 22 секунды. Серабро ў французкі Клеманс Кальвэн (2:26.28), бронза ў чэшкі Эвы Врабцовай-Нывльтавай (2:26.31).

У топ-5 фінішавалі яшчэ дзве беларускі! Марына Даманцэвіч з асабістым рэкордам заняла 4-е месца (2:27.44), Анастасія Іванова стала 5-й (2:27.49, гэта ейны найлепшы вынік у сезоне).

Высокі вынік паказала і беларуска Ніна Савіна (2:33.50, асабісты рэкорд), якая заняла 12-е месца.

Адразу тры беларускі - Вольга Мазуронак, Марына Даманцэвіч і Анастасія Іванова - беглі ў групе лідараў з самага пачатку дыстанцыі. Пасля 30 км ад іх стала адставаць Анастасія Іванова.

На адзнацы 33 км у адрыў паспрабавала ўцячы французка Клеманс Кальвэн, але спаборніцы яе здагналі.

На адзнацы 40 км наперадзе засталася тройка лідарак - Мазуронак, а таксама французка Клемансн Кальвэ і чэшка Эва Врабцова-Нывльтова. Беларуска Даманцэвіч спусцілася на 4-ю пазіцыю.

На апошнім кіламетры за перамогу змагаліся ўжо толькі Мазуронак і Кальвэн. У выніку золата здабыла Вольга, хоць на адным з заключных паваротаў яна адхілілася ад маршруту і блізу 10 метраў прабегла не ў той бок. Аднак здолела вярнуць сабе лідарства і выдала ўражлівы спурт на фінішнай прамой.

Ці ледзь не чвэрць дыстанцыі Вользе Мазуронак давялося змагацца з крывацёкам з носа.

Кроў пайшла прыкладна на адзнацы 10 км, прадстаўнікі медперсаналу на хаду спрабавалі дапамагчы беларусцы, перадавалі ёй сурвэткі і ваду, але доўгі час справіцца з праблемай не атрымоўвалася, і яна бегла з акрываўленым тварам. Прыкладна да адзнакі 17 км крывацёк спыніўся.

Усяго на ЧЕ-2018 у актыве каманды Беларусі пяць узнагарод. Раней золата здабывала Эльвіра Герман у бегу на 100 м з бар'ерамі, серабро здабыў Максім Недасекаў у скачках у вышыню, бронзавымі медалістамі кантынентальнага форуму сталі Дзмітрый Дзюбін ў спартыўнай хадзе на 50 км, а таксама Алёна Дубіцкая ў штурханні ядра і Віталь Жук у дзесяцібор'і.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках