«Гістарычная памяць фактычна знішчаецца манкуртамі ад улады»
- 16.07.2018, 15:17
- 6,722
Улады не робяць нічога, каб развесці стораны ў канфлікце вакол Курапатаў.
Сітуацыю вакол скандальнай рэстарацыі ў Курапатах сайту «Заўтра тваёй краіны» пракаментаваў старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:
- Хацелася б, каб уладальнікі гэтага бізнэсу як мага хутчэй зразумелі: гэта працяглы канфлікт, канца якому не відаць. Нармальнай працы для гэтай установы не будзе. - кажа Алесь Бяляцкі. - Яны ведалі, дзе будуюць сваю ўстанову, і павінны зразумець, што гэта - бяздушны «бізнэс на касцях». Яны павінны саступіць, пакуль там не адбылася трагедыя.
Праваабаронца мяркуе, што пракуратура ў гэтым выпадку дэманструе сваю недзеяздольнасць, бо ўлады фактычна ўхіліліся ад арбітражу ў гэтым канфлікце паміж грамадзянскай супольнасцю, грамадскімі актывістамі і ўладальнікамі рэстарацыі.
- Дазвол на будаўніцтва быў атрымана з парушэннямі: ні міністэрства культуры, ні выканаўчая ўлада Меншчыны нічога не зрабілі, каб адсунуць гэтую рэстарацыю, - падкрэслівае кіраўнік "Вясны".
Праваабаронца адзначае, што выпадак з Курапатамі - не адзінкавы.
- За дзясяткі гадоў каля Трасцянца было створанае велізарнае сметнішча, якое відаць за кіламэтры і якое цяпер ужо нікуды не перанясеш, - кажа суразмоўца.
Ён таксама падае ў прыклад мемарыял "Яма" ў цэнтры Менска, дзе падчас апошняй вайны былі забітыя 5 тысяч габрэяў. Цяпер зусім побач з гэтым месцам знаходзяцца жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі.
- Гістарычная памяць фактычна знішчаецца манкуртамі ад улады. Тое ж самае адбываецца c беларускай мовай і культурай, - падкрэслівае праваабаронца.
Паводле ягоных слоў, улады не робяць нічога, каб развесці стораны ў канфлікце вакол Курапатаў.
- Я з трывогай назіраю, як амаль штотыдзень самаходы наведвальнікаў падбіваюць пікетоўцаў, і незразумелая роля ДАІ, якая там прысутная - кажа Алесь Бяляцкі.