4 траўня 2024, Субота, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як заложныя дажджы ў Беларусі паўплывалі на ўраджай грыбоў

2
Як заложныя дажджы ў Беларусі паўплывалі на ўраджай грыбоў

Яшчэ на пачатку лета, калі была спякота і суша, прагнозы навукоўцаў не радавалі грыбаўнікоў.

«Грыбніца, - папярэджвалі спецыялісты, - высахла». Але надвор'е змянілася, а з ім і сітуацыя. З дажджамі пайшлі і грыбы, піша tut.by.

- Дажджы ідуць штодзень. Глеба прамачылася, узровень грунтовых вод узняўся, і грыбніца стала радзіць, - апісвае сітуацыю Таццяна Майсеева, навуковая супрацоўніца Інстытута лесу НАН Беларусі. - У чэрвені, калі было горача, мы ездзілі ў лясы Гомельскай вобласці і нават паганак там не сустракалі.

Цяпер у сувязі з дажджамі, працягвае навукоўка, сітуацыя ў лясах крыху іншая. Надоечы супрацоўнікі Інстытута лесу пабывалі на Магілёўшчыне, грыбы тут ужо трапляліся.

- Не скажу, што шмат, але ў лясах ужо не так пуста, - кажа суразмоўца. - Часцей за ўсё сустракаюцца баравікі, бабкі, асавікі, лісічкі, летнія апенькі, суравежкі. Калі не надыдзе чарговая сухмень, то ў жніўні да летніх грыбоў дададуцца яшчэ і восеньскія - ваўнянкі, апенькі, грузды, падгруздкі.

- Ці можам мы разлічваць на грыбны бум, як было ў 2017-м?

- Цяжка сказаць, пасля мінулага года грыбніца вычарпалася, - дзеліцца развагамі Таццяна Майсеева. - Магчыма, дзесьці ўзровень будзе, як у 2017-м, але, магчыма, урод будзе сярэдні.

Паўплывалі дажджы і на ягады: яны сталі буйнейшыя.

- Чарніцы ўжо адыходзяць, цяпер будзе налівацца брусніцы і журавіны, - распавядае навуковая супрацоўніца. - Калі б суша працягнулася, то завязі ягад маглі б адпасці, і ўраджаю не было б. Пакуль жа абставіны добрыя. На балотах Магілёўшчыны, напрыклад, шмат журавін.

У Менскай і Віцебскай вобласці, мяркуе навукоўка, таксама чакаецца неблагі ўрод журавін. У паўднёвых абшарах, дзе цяплей, ягад будзе менш.

Нагадаем, збіраць брусніцы у Берасцейскай і Гомельскай вобласці можна з 6 жніўня, у Гарадзенскай - з 10-га, у Магілёўскай - з 12-га, у Менскай - з 15-га, у Віцебскай - з 16-га.

Журавінавы сезон на Берасцейшчыне адкрыюць з 24 жніўня, на Гомельшчыне - 25-га, на Гарадзеншчыне - 30-га, на Магілёўшчыне - 1 верасня, на Меншчыне - 2-га, на Віцебшчыне - 3-га.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках