26 верасня 2018, Серада, 14:31
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Леанід Судаленка: У краіне, магчыма, дэфолт

65
Рисунок: ЕКАТЕРИНА МАРТИНОВИЧ

Улады не ў стане плаціць пенсіі.

Пасля ініцыятывы аб павелічэнні пенсійнага ўзросту ў Расеі аб такой магчымасці загаварылі ў беларускім «парламенце». Учора міністарка працы Ірына Касцевіч адзначылася новай скандальнай заявай аб тым, што «60 гадоў для мужчыны – не ўзрост».

Варта адзначыць, што гэты «трэнд» яшчэ ў 2016 годзе задаў сам Лукашэнка, заявіўшы, што «ў 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць і пацягне».

Ці азначае гэта, што не толькі жанчын, але і мужчын у Беларусі чакае пазачарговае падвышэнне пенсійнага ўзросту? Сайт Charter97.org надумаў звярнуцца па каментар да вядомага прававога інспектара працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леаніда Судаленкі:

- Натуральна, калі згаданы Лукашэнкам і Касцевіч «60-гадовы мужык» жыве ў Драздах, то ён акурат можа працаваць і ў 60 гадоў, і ў 70 гадоў. Чыноўніца ж, калі выступала ў «палатцы» і казала пра «не ўзрост», то ківала ў бок тых мужчын, хто сядзіць у зале. Дык вось, хачу сказаць, што гэтыя мужчыны нічога ў жыцці цяжэйшага за тэлефонную слухаўку не падымалі.

А давайце возьмем чалавека, які жыве ў сельскай мясцовасці, які штодня цяжка працуе, да прыкладу, на зямлі, а не проста праседжвае штаны ў «палатцы». Вяскоўцы не тое што ў 60 гадоў, яны да 50-ці гадоў страчваюць усё сваё здароўе. Плюс многія ад безвыходнасці ўжываюць алкагольныя напоі нізкай якасці, што таксама адбіваецца.

Не лепшая сітуацыя і ў работнікаў заводаў. Возьмем нават наш «Гомсельмаш». На мужчын, якія там працуюць, на жаль, немагчыма глядзець. Людзі вельмі хутка выгараюць. Таму казаць аб тым, што ў Беларусі 60-гадовыя мужчыны - усе «здаровыя, як коні», можа толькі пра тых, якія жывуць у Драздах.

- Ці пойдуць беларускія ўлады, натхніўшыся прыкладам расейскіх калег, на новае падвышэнне пенсійнага ўзросту?

- Ведаеце, калі ўрад не бачыць ніякіх іншых магчымасцяў для паляпшэння эканамічнай сітуацыі і выплаты пенсіі з прычыны ўзросту мужчынам у 60 гадоў, то ў краіне, магчыма, паўстаў дэфолт. Урад, відаць, адмаўляецца ад сваіх абавязанняў. Спачатку падвысілі пенсійны ўзрост да 63 гадоў, а цяпер ужо падрыхтоўваюцца да таго, каб павялічыць да 65. Відавочна, што ўрад працуе не ў інтарэсах простых грамадзян і гэта спараджае масавую незадаволенасць.

Натуральна, наш незалежны прафзвяз не згодны з намерамі ўладаў. Сёння ў Беларусі працягласць і якасць жыцця ў разы адрозніваецца ад гэтых паказчыкаў у Еўропе. Паўтаруся, адсоўваючы пенсійны ўзрост — улады адмаўляюцца ад сваіх абавязанняў. Больш таго, моладзь страчвае ўсякае жаданне працаваць для пенсіі, якую, вельмі магчыма, яна ніколі не атрымае. Гэта значыць, абсалютна адсутнічае матывацыя для працы.

На мой погляд, ураду трэба глядзець не на Усход, а на Захад. Уводзіць страхавую назапашвальную сістэму, каб пасля смерці чалавека яго пенсію магла ўспадкаваць сям'я. Бо, у прынцыпе, гэта грошы, адкладзеныя на заўтрашні дзень. Чаму пасля смерці яны дастаюцца дзяржаве, а не сям'і памерлага пенсіянера? Гэта таксама важнае пытанне. Таму, падкрэслю, калі праводзіць рэформы, то па-еўрапейску, а не ўсім пад адзін грабянец налічыць 300 рублёў пенсіі і выжывайце, як хочаце.

Шмат пытанняў выклікаюць і спецыяльныя пенсіі. Магчыма, у дэмакратычнай краіне, вайскоўцы і супрацоўнікі міліцыі атрымліваюць падвышаную пенсію, але яна, у кожным выпадку, не павінна ў разы адрознівацца ад пенсіі звычайнага грамадзяніна.

Яшчэ адзін важны аспект - пенсіі дзяржаўных службоўцаў. Хто сказаў, што яны павінны атрымліваць у пяць разоў больш, чым атрымліваюць шараговыя пенсіянеры? А менавіта так і адбываецца. Хочацца спытаць, адкуль бяруцца сродкі? З якіх налічэнняў яны сабе дазваляюць шыкоўныя пенсіі? У краіне сярэдняя пенсія - 300 рублёў, а ў былога дзяржаўнага службоўцы - больш за 2 тысячы рублёў. Не сакрэт, што грошы бяруцца з бюджэту. Дык вось, чаму працоўныя людзі павінны ўтрымліваць плойму пенсіянераў-экс-дзяржслужбоўцаў, якія сябе вельмі шчодра ўзнагародзілі, карыстаючыся уладай?

Увогуле, як бачыце, адны пытанні, на якія не стае адказаў. Падводзячы вынік вышэйсказанага скажу, што калі 60-гадовы беларускі мужчына дзесяцігоддзі адпрацаваў на прадпрыемстве ці зямлі, то ён страціў здароўе. Павялічваць для яго пенсійны ўзрост на пяць гадоў, як мінімум, несправядліва. Заявы чыноўнікаў - гэта заявы лукавага. «Палатачнікі» - здаровыя, яны не перанапружвацца. Чыноўнікам карысна было б паехаць у сельскую мясцовасць і паглядзець на простых працаўнікоў. На рукі і твары гэтых людзей.

- Вы дапамагаеце падманутым «пенсійнай рэформай» рабочым дамагацца пенсіі?

- На сёння ёсць дзве справы, за якія я ўзяўся: дапамагаю слесару-інструментальшчыку «Гомелькабель» Анатолю Паплаўнаму, які дасягнуўшы ўзросту 60 гадоў запатрабаваў ад раённай адміністрацыі прызначэння пенсіі з прычыны ўзросту. Паводле новых правіл яму яе налічаць толькі праз паўтара года. Анатоль з гэтым не згодны і мае намер даць бой ураду.

У прафсаюз таксама звярнуўся ліцейшчык металаў і сплаваў «Калінкавіцкага рамонтна-механічнага завода» Руслану Мятліцкі. Ён шэсць гадоў адпрацаваў у шкодных умовах працы, што дае яму права выйсці на шэсць гадоў раней на пенсію. На жаль, управа сацыяльнай абароны калінкавіцкага райвыканкама ў прызначэнні пенсіі яму адмовіла. Яны заявілі, што праз «пенсійную рэформу» ён павінен выйсці на пенсію ў 56 гадоў. Гэта значыць, праз два гады, але справа ў тым, што праз два гады, пенсійны ўзрост зноў павялічыцца. Руслан не хоча страчваць два гады пенсіі, бо зарабіў яе сваім здароўем у гарачым цэху.

Увогуле, мы маем намер стварыць прэцэдэнт, якім у выпадку поспеху, змогуць скарыстацца і іншыя, якія не атрымалі пенсію ў 55 і 60 гадоў пенсіянеры. Пойдзем у суд, паглядзім, што скажа спачатку раённы суддзя, а потым абласны і Вярхоўны. Я думаю, што, як мінімум, наконт гэтага пытання павінен выказацца і старшыня Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Чаму яны застаюцца ў баку ад такіх важных для ўсіх беларусаў пытанняў?

- Можа, уладам варта пашукаць іншыя спосабы папаўнення бюджэту, чым адбіраць апошняе ў пенсіянераў?

- Натуральна, урад павінен займацца эканамічнай сітуацыяй у краіне: прыцягваць інвестыцыі, дамагацца росту ВУП, ствараць працоўныя месцы, старацца забяспечыць годны заробак. Каб нам не абяцалі «па пяцьсот», а людзі маглі зарабляць у разы больш. Не тым урад займаецца, ох, не тым.