4 траўня 2024, Субота, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Мандат спецдакладчыка ААН аб Беларусі павінен быць прадоўжаны

1
Леанід Судаленка: Мандат спецдакладчыка ААН аб Беларусі павінен быць прадоўжаны
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Сёння сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крытычная.

Спецыяльны дакладчык Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб Беларусі Міклаш Харашці выступіў у Жэневе ў Радзе ААН у правах чалавека, дзе прадставіў свой апошні даклад. У ім Харашці канстатаваў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася.

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да вядомага гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі:

- Падтрымліваю, як праваабаронца, кожнае слова, сказанае Міклашам Харашці. Сапраўды, сёння сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крытычная. І доўжыцца гэта ўжо дзесяцігоддзі.

Па-першае, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. Гэта значыць, у краіне адсутнічае самае галоўнае права - на жыццё. Хіба ў гэтай сітуацыі можна казаць пра тое, што ў Беларусі з правамі чалавека «ўсё добра»?

Па-другое, возьмем іншыя базавыя правы: на выказванне меркавання, на мірныя сходы. Магу сказаць, што ўлады паставілі фактычнае табу на іх. Усюды забароны, нідзе і нічога не дазваляюць. Адзінкавы выпадак, калі прафзвязу РЭП у Менску дазволілі сёлета правесці першамайскую акцыю. Але, паглядзіце, дазволілі мітынгаваць практычна на ўскраіне горада. Зразумела, што прыцягнуць увагу людзей на пляцоўках, аддаленых ад цэнтра, вельмі складана. Мірныя сходы павінны праходзіць на цэнтральных плошчах.

Калі ж узяць рэгіёны, то, напрыклад, на Гомельшчыне ўлада фактычна не дазваляе ніводнага мірнага сходу. Хоць толькі сёлета незалежны прафзвяз РЭП у нашай вобласці падаў блізу 20 заявак у гарвыканкам. Актывісты звярталіся да ўладаў па дазвол на правядзенне пікеты ў абарону прафзвязу. У выніку, пікеты ўсюды татальна забаранілі: у Добрушы, Калінкавічах, Рагачове, Мазыры і іншыя гарадах. Няўжо, пасля пералічаных вышэй фактаў у кагосьці можа павярнуцца язык сказаць, што ў Беларусі з правамі чалавека «ўсё добра» ?!

Я вызначыў адныя з самых распаўсюджаных выпадкаў. А яшчэ праследуюцца студэнты за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, журналісты за збор інфармацыі. Буйнымі штрафамі караюць фрылансераў і блогераў. Яшчэ хачу адзначыць парушэнне права на свабоду перамяшчэння. Напрыклад, на мяжу зусім нядаўна затрымлівалі і старанна даглядалі чальцоў прафзвязу РЭП Андрэя Стрыжака з жонкай Яўгеніяй, Зінаіду Міхнюк з Берасця.

Я пералічваю свежыя факты, якія адбываюцца тут і цяпер. Мяркую, што казаць пра тое, што ў нас у краіне нібыта ўсё добра з правамі чалавека можа толькі чыноўнік, які ўпарта не хоча прызнаваць відавочнага. Калі бесстаронна ацэньваць сітуацыю, то цяжка не пагадзіцца з Харашці і, наадварот, ніяк нельга пагадзіцца з людзьмі, якія кажуць аб «лібералізацыі».

Я чытаў выказванні чыноўніка, які заяўляў, што даклад спецдакладчыка ААН кімсьці «замоўлены» і «праплачаны». Смешна! Хачу ім сказаць, дайце беларусам рэалізаваць сваё права на пратэст і выказванне меркавання, увядзіце мараторый на смяротнае пакаранне, спыніце пераслед журналістаў, рабіце крокі ў бок захавання правоў чалавека.

Увогуле, падкрэслю, я на ўсе 100% згодзен з Харашці наконт таго, што адбываецца ў нашай краіне. Як праваабаронца, я быў бы рады, калі б мандат спецдакладчыка ААН быў падоўжаны. Усе правы чалавека не маюць каштоўнасці да таго моманту, пакуль не ўжываюцца на практыцы. У нас у Канстытуцыі яны прапісаныя, але не маюць каштоўнасці, бо практычна іх рэалізаваць немагчыма.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках